пхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм.

1. Дакранацца кароткім рэзкім рухам да каго‑, чаго‑н.; штурхаць. Пхаць у грудзі. Пхаць суседа локцем.

2. Штуршкамі прымушаць рухацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Пхаць тачку. □ — Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман ва ўсё горла. Колас. Лёдзя ўпарта пхала і пхала ложак, пакуль хворыя жанчыны не ўзнялі гвалту. Карпаў.

3. Паспешліва засоўваць, запіхваць што‑н. куды‑н. Таццяна.. паспешліва пачала пхаць у чамадан бялізну, гальштукі, шкарпэткі, пакуначкі з дамашняй ежай. Карпаў. Старая выняла з кошыка хлеб, каб паказаць, як яго мала, а потым, пазіраючы ў твар суседцы, пхала адной рукой хлеб у кошык. Галавач.

4. Даваць што‑н. у вялікай колькасці, звыш меры. [Павал:] — Мацвей і вясною з камітэцкага аўса карысць меў і цяпер яму падсунулі два пуды грэчкі. Гультай, не хоча рабіць, а яму ўсё пхаюць. Чорны. // Прымушаць каго‑н. есці, піць вельмі многа або супраць жадання. Пхаць ежу дзіцяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старасве́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Не сучасны па спосабу жыцця, звычках. Анупрэй застаўся старасвецкім ва многіх сваіх уяўленнях. Верыў у забабоны, сам загаварваў, каб спынілася кроў пры парэзе, верыў, што пры маланцы ў часе навальніцы бог пускае на зямлю стрэлы, верыў у чарцей, пра якіх часамі па-мастацку расказваў. Але вера гэтая была больш уяўная, паэтычная, чым рэальная. Пестрак. Хутка прыйшоў мужчына гадоў пад сорак пяць. А пасля, цэлы вечар, гаварыў аб вясковай цемры, аб старасвецкіх формах гаспадарання. Чорны.

2. Такі, які быў даўней і захаваўся да гэтага часу; які адпавядаў патрабаванням свайго часу. Вочы мае раптам улавілі пачарнелую, пакрытую мохам старасвецкую каплічку. Пташнікаў. Хата старасвецкая: глухой сцяной на вуліцу, на чыгунку, вокнамі на агарод. Навуменка. // Старамодны. Цётка Хіма аддала Галі яшчэ свой дзявочы бурнос. Праўда, ён быў старасвецкі, але цёплы. Сабаленка.

3. Вельмі стары. Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмана. Колас. Пры гасцінцы абапал стаяць старасвецкія бярозы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тавары́ства, ‑а, н.

1. Таварыскія адносіны, таварыскасць; блізкасць, заснаваная на такіх адносінах. Прайшоўшы дарогаю мужных, Пазнаўшы і радасць і сум, Цану таварыству і дружбе Я ў сэрцы трывалым нясу. Звонак. Перамогі герояў .. прасякнуты пафасам услаўлення ідэі таварыства. «Полымя».

2. зб. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам і пад. У канцы вуліцы ўжо і сапраўды сабралася амаль усё Ганьчына таварыства: Грышка Адамаў, Пецька Бурбалка, Анютка Корбутава, Маня. Васілевіч. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. Кулакоўскі.

3. Арганізацыя (вытворчая, гандлёвая і пад.), у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі. Крэдытнае таварыства. Акцыянернае таварыства. □ Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Чорны. У Беларусі ... пачалі стварацца культурна-асветніцкія саюзы, выдавецкія таварыствы, бібліятэкі і чытальні. Івашын.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) — арганізацыя для аказання дапамогі насельніцтву, пацярпеўшаму ў вайну і ад стыхійнага няшчасця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Асляпляльны, які вылучаецца сваім святлом. Яркае месячнае святло рэжа вочы. Мележ. У цемнаце агонь быў яркі і востры, калоў у вочы, як іголкай. Пташнікаў. Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў.

2. Рэзкі па колеру, які кідаецца ў вочы выразнасцю фарбаў. На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Асіпенка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала. Васілевіч.

3. перан. Выдатны ў якіх‑н. адносінах, запамінальны. Яркі талент. Яркі сатырычны вобраз. □ Вызваленчы рух працоўных мае Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. вылучыў цэлую кагорту яркіх прадстаўнікоў грамадскае, і навуковай думкі. Ліс. // Які надоўга пакідае след (у душы, сэрцы, памяці і пад.). У маленстве маім ёсць адна вельмі яркая дата. Скрыган. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Броўка.

4. перан. Які пераконвае ў чым‑н.; сапраўдны, непадроблены. Урачыстае пасяджэнне вылілася ў яркую маніфестацыю салідарнасці і дружбы міралюбівых народаў. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́да ’кібітка, верх павозкі; буда, пакрыццё ад дажджу над возам; будан, панура і да т. п.; крыты вазок’ (Нас., Касп., Шат., Бесар., Бяльк., Янк. II, БРС, Яшкін). Вядомае з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) у значэнні лясная смалакурня; будка’. З іншым націскам буда́ ’тс’ (Др.-Падб.), ’будка для сабакі’ (Сцяшк. МГ), ’будка над ямай, дзе ляжыць бульба’ (Сцяшк.), ’будан; дрэнны жылы будынак’ (слаўг., Яшкін). Вытворнае: бу́дка. Рус. бу́да, бу́дка, укр. бу́да, бу́дка. Запазычанне з польск. buda ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. būde (buode). Аб польскім слове падрабязна Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111 і наст. Гл. таксама Слаўскі, 1, 48; Кохман, Kontakty, 104; Фасмер, 1, 230; Бернекер, 96; Праабражэнскі, 1, 50; Шанскі, 1, Б, 211; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47. Рудніцкі, 234 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), думае пра непасрэднае запазычанне з с.-в.-ням. Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія (Махэк₂, 61–62) пра паходжанне слав. *buda ад слав. (!) *budovati (< *oborudovati). Да с.-в.-ням. buode і яго герм. сувязей гл. Клюге, 108 (пад Bude).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бур’я́н1 ’бур’ян’ (БРС). Рус. бурья́н, укр. бурʼя́н. Падобныя формы ёсць і ў іншых славян: балг. бу́рен ’тс’, серб.-харв. бу́рјан ’Sambucus ebulus’, славац. burina, польск. burzan (< укр.; Слаўскі, 1, 51) і г. д. Этымалогія слова вельмі няпэўная (чэш. burina, buřeň з славац. burina; чэш. buřan з рус. бурьян; Махэк₂, 77); яно лічыцца няясным па паходжанню (Слаўскі, 1, 51; Махэк₂, 77). Старыя версіі (сувязь з пырей: Патабня, РФВ, 4, 189, праформа *prujanъ; сувязь з ням. Baldrian, лац. valeriana: Праабражэнскі, 1, 55; роднаснасць з былиѥ: Младэнаў, 50) не пераконваюць (Рудніцкі, 1, 269, лічыць, што тлумачэнне Патабні ўсё ж найбольш падыходзіць). Фасмер (1, 249–250) думае пра сувязь з рус. бури́ть ’раскідваць’ (бурьян, ’тое, што пышна разраслося’). БЕР, 1, 91: сувязь з *bujьnъ ’буйны’ (там і агляд слав. форм). Незразумела Шанскі, 1, Б, 236 (ад асновы бур‑|был‑: былинка). Параўн. і Прыцак, IJSLP, 8 (1964), 41–45. Гл. яшчэ Кніежа, 113; MESz, 1, 391–392 (венг. burján < слав.).

Бур’я́н2 ’навальніца з вялікім ветрам; бура’ (Яшкін). Адбыць, кантамінаванае слова: буран, бура + буяць, буян?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліпе́ць1 ’ледзь трымацца’, ’жыць, не падаючы надзей на сілу, на працяглае жыццё’ (Нас., Грыг., Янк. БП, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Янк. I, ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; бялын., докш., Янк. Мат., КЭС, лаг., Яўс.) і ліпецца ’тс’. Шальч. ’балець, ныць’, віл., паст.вельмі хварэць, ледзь жыць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ніжнегар., ярасл., уладз., бран., смал., ульян., сарат. липеть ’ледзь трымацца’. Генетычна роднасным да іх з’яўляецца літ. klibė́ti ’хістацца’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230). Параўн. таксама хліпе́ць, хлі́пкі (гл.). Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 658) параўноўвае бел. лексему з літ. lypė́ti ’выжыць’, léipėti ’млець’.

Ліпе́ць2 ’гарнуцца, хіліцца’ (Нас., Касп.). Рус. липеть ’тс’, ’прылягаць’, ст.-рус. льпѣти, лпѣти ’прыліпаць, ляпіцца’, польск. lpieć ’быць прылепленым, моцна трымацца’, падгальск. ’быць цярплівым’, чэш. lpíti, lpěti ’моцна трымацца чаго-небудзь’, ’ліпнуць’, ’быць прывязаным’, ст.-чэш. lpieti ’гарнуцца, ляпіцца’, славац. lpieť, славен. lępę́ti ’тс’, ст.-слав. при‑льпѣти ’гарнуцца’, ’прыстаць, прыліпнуць’. Прасл. lьpěti ’прылягаць, быць прылепленым’ > усх.-слав. лі‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. lipyáte ’лепіцца, прылягае’, літ. lìpti ’ліпнуць, прыліпаць’ (Слаўскі, 4, 342; там жа і літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)