Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùs ’дробны’ smil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мець ’мець што-небудзь у наяўнасці’, ’валодаць кім-, чым-небудзь’, ’намервацца рабіць што-небудзь’, ’мець што-небудзь супраць’ (ТСБМ, Нас., Мал., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), маць, ма́тэ ’мець’ (Янк. 1, ТС, Ян.; гор., Мат. Маг.; драг., КЭС), мецца ’існаваць, быць у наяўнасці’, ’даводзіцца’, ’адчуваць сябе’, ’быць багатым’, ’збірацца зрабіць што-небудзь’, мацца ’быць у стане’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; саліг., Нар. словатв.; КЭС, лаг.). Укр. мати, маю; рус. иметь, имею; ст.-рус. имѣть, имѣю; польск. mieć, mam; палаб. met, mom; н.-луж. mieś, mam, в.-луж. mieć, mam, чэш. míti, mám, славац. mať, mám, славен. iméti, imám, серб.-харв. и́мати, и́мам, чак. imiti, харв.-кайк. imeti, макед. има, балг. и́мам, ст.-слав. имѣти, имамь. Прасл. jьměti, jьmamь, якое з прасл. jьmǫ, (j)ęti (параўн. ст.-слав. имѳ, ѭти ’(пры)-му, (пры)-няць’, але прасл. vъz‑ьmǫ, vъz‑ęti ’ваз-ьму, уз-яць’). Інфінітыў jьmě‑ti мае аснову на ‑ē‑, а 1‑я ас. адз. ліку jьma‑mь — гэта рэзультатыў на ‑ā з аслабленнем у корані (Махэк₂, 366) < і.-е. *imā‑mi. 1‑я ас. адз. ліку бел. маю аформілася пад уплывам дзеясловаў з а‑асновай (зна‑ць), а стары канчатак ‑мь застаўся толькі ў дам і ем. У паўд.-бел. гаворках пасля адбылося выроўніванне паводле гэтай асновы і формы інфінітыва, як ва ўкр. мове. Анічэнка (Бел. лекс., 8) мяркуе, што ст.-бел. мати — украінізм. Гл. таксама: Фасмер, 2, 128; Голуб-Копечны, 225; Брукнер, 331; Скок, 1, 716; Шустар-Шэўц, 12, 895.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́зці ’ўзбірацца, залазіць, караскацца’, ’апускацца ўніз’, ’забірацца куды-небудзь, улазіць у што-небудзь’, ’пранікаць крадучыся’, ’змяшчацца’, ’выбівацца наверх’, красл. ’вылазіць, выпірацца’ (Бяльк., Касп., Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’надакучаць, назаліць, дражніцца’ ў выразе лезці ў вочы, лезці ў галаву (Шат., КЭС, лаг.; драг., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), беласт., драг. ’паўзці’, ’марудна ісці’, пруж., драг. ’падыходзіць, дакранацца’ (Сл. паўн.-зах.), ’моцна крычаць’, ’старанна рабіць’ у выразе із шкуры лезці (Ян.), драг. косэ лізуть ’падаюць валасы’ (Лучыц-Федарэц). Укр. лізти ’лезці, улазіць у што-небудзь, вылазіць’, ’поўзаць’, лі́заты ’лазіць’, рус. ле́зти, лезть ’уваходзіць куды-небудзь’, ’гразнуць’, польск. ležć (1‑я ас. lezę, ст.-польск. lazę) ’лезці’, н.-луж. lězć ’ісці, паўзці’, ’узбірацца’, в.-луж. lězć ’лезці’, чэш. lézti ’паўзці, цягнуцца’, ’прыходзіць не ў час’, ’паволі падаць, знікаць’, славац. liezť ’лезці’, славен. lę́sti, ст.-серб.-харв. љести, ле̏сти, ли̏сти ’паўзці, ускарасквацца’, сучаснае серб.-харв. ужываецца з прэфіксамі до‑, па‑, у‑ і замяняе дзеяслоў ѝћи ’ісці’, макед. дыял. љазʼа ’(дзіцё) рачкуе’, балг. ле́за, лезя ’лазіць, поўзаць’, ст.-слав. възлѣзѫ, лѣсти ’узбірацца’. Прасл. lěsti (lězǫ) ’паўзці, пасоўвацца наперад’. Самымі блізкімі адпаведнікамі з’яўляюцца балтыйскія мовы, у якіх прасл. ‑ě‑ адпавядае ‑ē‑: ст.-прус. līse (< *lēza) ’паўзе’, лат. lēžât ’ссоўвацца’, lēžuôt ’ісці паволі, цягнуцца’, літ. lė̃kštas ’плоскі’, lažà, lãžas ’паншчына’; параўн. яшчэ ст.-ісл. lágr ’нізкі’, с.-в.-ням. laege ’плоскі’, гал. laeg, ст.-грэч. λαχύς, англ. low ’нізкі’. Да і.-е. *lēg̑h‑ (Бернекер, 1, 715; Фасмер, 2, 476–477; Слаўскі, 4, 192–193; Скок, 2, 278–279; Шустар Шэўц, 11, 835; Бязлай, 2, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус. заяц, зайка, дыял. пск. зай, укр. заєць, польск. zając, в.-луж. zajac, н.-луж. zajec, палаб. zojąc, чэш. zajíc, славак. zajac, славен. zȃjec, серб.-харв. зе̑ц, за̏јко, балг. за́ек, дыял. за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед. зајак, дыял. заек. Ст.-слав. заѩць ’заяц’. Ст.-рус. заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ. zuĩkis, лат. zaķis ’заяц’ бел. зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е. *gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ. žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд. háyaḥ, арм. ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.

За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус. заяц, укр. заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўдзень, поўдзе́н, поўднён, по́ўдэнь ’супрацьлегласць поўначы’, ’мясцовасці з цёплым кліматам’, ’сярэдзіна дня’ (ТСБМ, Некр., Маш., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), по́ўдзенне ’поўдзень’ (Нас.), ’полудзень, абед’ (Бяльк.), по́ўдзень, паўдня́ ’напрамак свету’ (Шат.), ст.-бел. полудень ’сярэдзіна дня’, полудне, полдень ’напрамак свету’, укр. пі́вдень ’поўдзень (сярэдзіна дня; напрамак свету)’, рус. по́лдень ’сярэдзіна дня; напрамак свету (паэт.)’, польск. południe ’тс’, палаб. pọ̈lni ’тс’, славац. poludnie ’поўдзень’ (старое), чэш. poledne ’тс’, в.-луж., н.-луж. poł(d)njo ’сярэдзіна дня, поўдзень’, серб.-харв. пла́дне, подне ’сярэдзіна дня, поўдзень’, балг. пла́дне ’сярэдзіна дня, полудзень’, дыял. ’поўдзень’, макед. пладне ’сярэдзіна дня’, ст.-слав. полоудьниіє ’сярэдзіна дня, поўдзень’. Прасл. *polъdьnь, *polьdьne, *poludьne, *poludьnьje, *poludьnъ ’сярэдзіна дня; поўдзень’, у складзе якога *роlъ (*polu — P., M. скл. адз. л.) і *dьnь (*dьne — Р. скл. адз. л.), гл. паў-, дзень (Махэк₂, 469; Шустар-Шэўц, 2, 1123 –1124; Скок, 1, 379; Банькоўскі, 2, 691; БЕР 5, 291–292). Мяркуецца, што ў праславянскай мове назіраліся тры фазы фармальных змен назвы: *poludьne > polъdьne > *poldьne з далейшай рэдукцыяй у асобных славянскіх мовах (Маньчак, JP, 76, 286, з літ-рай). Найменне напрамку свету па часе сутак назіраецца ў балтаў, румынаў, угра-фінаў, ёсць у цюркскіх мовах, параўн. ням. Mittag ’поўдзень (сярэдзіна дня, напрамак свету)’, ’абед’, літ. piẽtūs ’поўдзень (напрамак свету, сярэдзіна дня)’, лац. vesper ’вечар’, ’захад’ (Ніканаў, Этимология–1984, 163). У славян, побач з гэтай сістэмай, існавала іншая, арыентаваная на назвы вятроў і ўзыход–захад сонца (параўн. рус. востокзапад, северюг), якая ўзнікла на славянскім поўдні і трапіла да ўсходніх славян разам са стараславянскай мовай (Німчук, Давньорус., 47–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2–3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр. стре́надка ‘аўсянка’, рус. стрена́тка ‘тс’, польск. strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж. stnadź, sknadź, knadź, н.-луж. tśnarl, tšnarl, чэш. strnad, strnádka, славац. strnádka, серб.-харв. стрна̀дица, славен. strnȃd, strnȃda, балг. сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл. *strьnadь (або *strnadь — Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ. stárta, дыял. stérta, лат. stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл. *(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е. *kʼri‑m(e)n, параўн. грэч. κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб. dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус. овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядро́1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро3).

Сядро́2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)