адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ган, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выганяць — выгнаць (у 1 знач.).

2. Месца каля вёскі, дзе пасецца жывёла, птушка. Тамаш перавёў позірк на выган, там Лукаш пасвіў кароў, якія разбрыліся па пашы. Гурскі. // Палоса зямлі для прагону жывёлы на пашу. Гнаць каровы на папас праз выган. □ Зялёным выганам-дарогай Пад берасцяны гул трубы Пляцецца статак крутарогіх. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махля́рства, ‑а, н.

Разм. Падман, ашуканства з мэтай набыць грошы, маёмасць. [Акцызнік:] — Думаеш, я махлярствам грошы набываю? Не такі. Грошы, нажытыя махлярствам, — на трыццаць год, а мазалём — на тысячу. Пташнікаў. Не было завозу свайго, са сваёй вёскі, дык везлі чужыя. Яны не ведалі таго махлярства, што рабілася ў млыне, і ім было ўсё роўна, хто ім будзе малоць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нату́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца або робіцца з натугай. Натужлівы голас. Натужлівы кашаль. □ Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Караткевіч. / у перан. ужыв. З боку вёскі, дзе слаба ружавее нешырокая палоска неба, даносяцца натужлівае пыхканне паравіка на электрастанцыі і вясёлая музыка. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Спрэчка ў друку, на дыспуце, сходзе пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў (навуковых, палітычных і пад.). Вострая палеміка. Весці палеміку. □ У некаторых творах Глебкі пачатку 30‑х гадоў узмацняецца адкрытая палеміка з прыхільнікамі абстрактнай рамантыкі. Гіст. бел. сав. літ. У арыгінальнай «Гісторыі вёскі Пількаўшчына» [М. Танка] за тонкай іроніяй праглядвае палеміка з вульгарызатарамі айчыннай гісторыі. Рагойша.

[Ад грэч. polemikos — варожы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палюбі́цца, ‑люблюся, ‑любішся, ‑дабіцца; зак.

Разм.

1. Спадабацца каму‑н., прыйсціся да спадобы. [Яўген:] — Мне здаўна палюбіліся атуленыя зелянінай садоў ціхія вёскі Старобіншчыны. Паслядовіч. Зыбін, або, як звычайна яго звалі тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Мележ.

2. Палюбіць адно аднаго. [Іван] дзівіўся, што ў такім воўчым ко[т]лішчы ўрадзілася прыгожая, добрая і ласкавая Гэлька. Потым неўпрыкметку палюбіліся. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарсці́ць, ‑ршчу, ‑рсціш, ‑рсціць; незак., каго.

Разм. Прабіраць, даваць наганяй. [Анікей] не баяўся выступіць хоць супраць усяе вёскі, і калі ў час прамовы на яго ззаду гыркалі, падколвалі кепікамі, ён паварочваўся тварам да сходу і шарсціў усіх па парадку. Навуменка. [Паромшчык:] — Малады [старшыня] дужа... У раёне хваляць, у вобласць штомесяц клічуць, от і трэба шарсціць, каб не думаў, што ўсё зрабіў. Парахневіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лоб

1. Пярэдняя ад вёскі частка лугу (Крыч.).

2. Узгорак, узвышша (Крыч.).

ур. Лобаўкі (частка лугу в. Людкоў) каля в. Асінаўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

руб Ст.-бел. Ускраіна (вёскі, зямлі, дзяржавы); мяжа.

ур. Ру́банаў Ку́рган каля в. Ст. Каменка Слаўг., ур. Рубры́на каля в. Кароцічы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)