ДЗЯМ’Я́НКІ,
група археал. помнікаў (2 стаянкі канца 5—1-й пал. 2-га тыс. да н.э., бескурганны 3—7 ст. і курганны 6—12 ст. могільнікі, селішча 12—15 ст.) каля в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. На стаянках верхнедняпроўскай і сярэднедняпроўскай культур сярод знаходак крамянёвыя прылады працы, рэшткі ляпнога посуду. На бескурганным могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; на курганным — трупаспаленне і трупапалажэнне галавой на 3 і У (адзіны некропаль радзімічаў, які існаваў бесперапынна ў 7—12 ст.). На селішчы прасочаны рэшткі 4—5 пабудоў. Непадалёку ад вёскі выяўлена 11 стаянак каменнага і бронзавага вякоў.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)