ЗВАРО́ТНЫ ТЫФ,

вострая інфекцыйная хвароба з групы тыфаў, якая выклікаецца спірахетамі. Перадаецца насякомымі-крывасмокамі (вошамі і кляшчамі). Адрозніваюць вошавы і кляшчовы. Найчасцей бывае эпідэмічны (еўрапейскі вошавы). Узбуджальнік яго — спірахета, адкрытая ням. урачом О.Обермаерам у 1868. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Прыкметы: чаргуюцца прыступы дрыжыкаў, т-ры да 41 °C, болі ў крыжы, мышцах, суставах (4—7 дзён) з перыядамі (7—15 дзён) без ліхаманкі. Ускладненні: крывацёк, інфаркт або разрыў селязёнкі, калапс, міякардыядыстрафія. Лячэнне тэрапеўтычнае. Эпідэмічны З.т. на Беларусі і Расіі ліквідаваны ў 1940-я г.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕГАЛО́Ў

(Channa argus),

рыба сям. змеегаловых атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў зарослых пратоках, залівах з невял. колькасцю кіслароду.

Даўж. да 85 см, маса да 7 кг. На целе бурыя плямы, за вачыма 2 доўгія вузкія цёмныя паласы да задняга краю шчэлепнай накрыўкі. Галава пляскатая, укрыта зверху і з бакоў луской, нагадвае галаву змяі (адсюль назва). Спінны і анальны плаўнікі доўгія. Можа дыхаць атм. паветрам, без вады жыве некалькі дзён. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Змеегалоў.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВА Вера Кузьмінічна

(н. 30.9.1925, в. Сухі Ручай Цвярской вобл., Расія),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1948). Працуе ў Маскоўскім т-ры Сатыры, іграе ў інш. тэатрах: Вольга («Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава; і ў аднайм. фільме), Графіня Альмавіва («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; Арлоўскі драм. т-р імя Тургенева), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава; Цвярскі драм. т-р). З 1948 здымаецца ў кіно: «Сказанне пра зямлю Сібірскую», «Зорка экрана» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКАНЯ́Н Арус Тыгранаўна

(10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.Сіманава).

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАЛО́ДАЧНІК

(Oxytropis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́Н Уладзімір Якаўлевіч

(1.1.1929, в. Сакі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.6.1989),

бел. філосаф, журналіст. Канд. філас. н. (1977). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). Працаваў у рэдакцыях раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», на Бел. радыё. З 1979 у Ін-це філасофіі і права АН БССР. Аўтар работ па гісторыі і крытыцы сіянізму і масонства.

Тв.:

Ползучая контрреволюция: Сионизм. Мн., 1974;

Вторжение без оружия. 3-е изд., испр. и доп. Мн., 1980;

Рассказы о «детях вдовы». 2-е изд., доп. Мн., 1986.

А.І.Валахановіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАПЕ́РЫЦА

(Hottonia),

род кветкавых раслін сям. першакветных. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Еўропе, М. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляецца вадаперыца балотная (Н. palustris). Расце ў стаячай вадзе ў сажалках, канавах, на балотах.

Шматгадовыя травяністыя павольнаплаваючыя расліны без каранёў, з падводным косаўзыходным сцяблом даўж. 15—60 см. Лісце перыстарассечанае, кальчаковае, у разетцы каля асновы доўгага кветаноса, які ў час цвіцення ўздымаецца над вадой. Кветкі белыя ці ружаватыя, у зеве жоўтыя, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. (прыдатныя для аквакультуры) і меданосныя расліны.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРЫ́ЦКАЯ Эліна Аўраамаўна

(н. 4.4.1928, Кіеў),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)