ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,

закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.

Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( Jr = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем Н: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НС у паэзіі,

невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.

У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л. бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.​Мільвуа, Э.​Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.​Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.​Жукоўскага «Жаданне», А.​Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.

У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.​Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.​Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.​Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.​Багдановіча, «Раманс» Ю.​Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.​Танка).

Літ.:

Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;

Поэзия и музыка. М., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пустазе́лле ’самарослыя расліны ў супрацьлегласць культурным, агародным’ (ТСБМ), літаратурны адпаведнік рус. сорняки́, польск. chwasty ’тс’. Ад пусты́ (гл.) у значэнні ’непатрэбны, шкодны’ і зе́лле ’дзікарастучыя некарысныя расліны’ (у супрацьлегласць зёлкам, якім прыпісваюцца лекавыя уласцівасці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Така́я ’цяжарная’ (Сл. рэг. лекс.). Эўфемізм, параўн. у аналагічным значэнні укр. така́, серб. таква је і пад. Пра “табу страха” і “табу ветлівасці” пры называнні цяжарнасці спецыяльна Ваян, RIEB, 3, 254–256. Гл. такі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляп! — у значэнні ’ляпнуць’ (ТСБМ), выклічнік, які перадае ’стук, удар’ (Нас.), ляп‑ляп (зубамі) ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ляп! ’шлёп! хлоп!’, рус. смал., цвяр. ляп! — у значэнні ’ўдарыць, ударыцца’, ’трашчаць (аб марозе)’. Ст.-рус. ляпь, ст.-чэш. lap ’хутка, не думаючы’, польск. lapie ’тс’. Гукапераймальнае, як і незалежна ўтвораныя гукапераймальныя: літ. lap(t)! — аб цяжкім ступанні, аб гуку пры падзенні, аб хуткім хватанні, алб. lʼap ’хлябтаць’, арм. lapʼem ’лізаць’, ням. lappen ’тс’, ’хлябтаць’, франц. laper ’тс’ (Бернекер, 1, 690; Праабражэнскі, 1, 499; Фасмер, 2, 552; Махэк₂, 320).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дырэ́ктар ’дырэктар’ (БРС). Рус. дире́ктор, укр. дире́ктор. Лічыцца ў рус. мове запазычаннем з ням. Direktor або польск. dyrektor (першакрыніца — лац. director). Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127 У бел. мову, магчыма, прыйшло з рус. Ст.-бел. директоръ ’духоўны настаўнік’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) < польск.; яно не звязана традыцыяй з дырэ́ктар у сучасным значэнні. Бел. дырэ́кцыя, рус. дире́кция, укр. дире́кція запазычаны з польск. мовы (dyrekcja; параўн. і Булыка, Запазыч.), але ў сучасным значэнні слова, відаць, узята з рус. Параўн. Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жагна́ць ’благаслаўляць’ (ТСБМ). Польск. żegnać, чэш. žehnati, славац. žehnať, в.-луж. žohnować, н.-луж. žognowaś, славен. žę́gnati, харв. žegnati ’благаслаўляць’ (Скок) (і ў розных мовах развітыя адсюль значэнні ’развітвацца’, ’дзякаваць’, ’выказваць жаданне’). Ст.-бел. жекгнати, жегнати ’тс’ з канца XV ст. (Булыка, Запазыч., 113–114). З польск. (зафіксавана ў канцы XIV ст. у значэнні ’чараваць’, з XV ст. ’благаслаўляць’; Рэчак), дзе (магчыма, праз чэш.) з ням. segnen (Брукнер, 664), дзе з ц.-лац. signare ’адзначаюць крыжам’ ад лац. signum ’знак’, ц.-лац. ’знак крыжа’ (Дудэн, 633). Літ. žegnóti (s) < польск. ці бел. (Фрэнкель, 1295).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выслане́ц ’ганец; той, каго паслалі за якой-небудзь справай’ (Нас.), высла́нец ’ссыльны’ (Касп.). Рус. пск. выслане́ц ’ссыльны’. У першым значэнні запазычанне з польск. wysłaniec ’пасол, дэлегат; ганец’, у другім — дэрыват да выслаць з суф. ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)