арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш.віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад англ. lag запазненне),
паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л. — інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РАВЫЯ, ліры-рыбы, марскія мышы,
пячкуркі (Callionymidae), сямейства рыб атр. акунепадобных. 10 родаў, каля 130 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне мораў умеранага і трапічнага паясоў (у Чорным м. 4 віды). Актыўныя ўначы, удзень напаўзакопваюцца ў грунт.
Даўж. да 35 см. Цела без лускі, страката і ярка афарбаванае. Брушныя плаўнікі знаходзяцца спераду грудных. Выражаны полавы дымарфізм. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.
Да арт.Ліравыя. Ліра-рыба: самец (уверсе) і самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),
род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).
Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́ННІК (Sorbaria),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл. ці інш.віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРГА́НЕЦ (Holcus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: мяккі (H. mollis) і шарсцісты (H. lanatus). Трапляюцца на лугах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, часам утвараюць дзярніну. Сцёблы прамастойныя. Лісце лінейнае ці лінейна-ланцэтнае. Суквецце — падоўжаная густая мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫГАБІЁНТЫ (ад грэч. Styx падземная рака + біёнт),
жывёлы, што жывуць выключна ў падземных водах. Да іх належаць віды вышэйшых (амфіподы, ізаподы) і ніжэйшых (астракоды, калеподы), ракападобных, некат. малюскі, рыбы. Для іх характэрны рэгрэсіўныя прыкметы (дэпігментацыя покрыва, рэдукцыя органаў зроку, гіпертрафія канечнасцей). Адрозніваюць ад стыгафілаў (жывёл, здольных існаваць і ў паверхневых водах) і стыгаксенаў (жывёл, што выпадкова трапілі ў падземныя воды і адаптаваліся да іх). Гл. таксама Траглабіёнты.