сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.
празмернае развіццё ў чалавека валасянога покрыва. Праяўляецца празмернай колькасцю, даўжынёй і таўшчынёй валасоў, што не ўласціва дадзенаму ўчастку скуры, полу ці ўзросту чалавека. Бывае прыроджаны і набыты. У прыроджаным адрозніваецца зародкавы (захаванне зародкавых пушковых валасоў на ўсім скурным покрыве) і мясцовы (на абмежаваным участку доўгія і густыя валасы рознага колеру). Да набытага адносяцца траўматычны (рост валасоў на месцах працяглага раздражнення скуры), пубертатны (валасы растуць на твары і вакол саскоў малочных залоз), клімактэрычны (у жанчын у перыяд клімаксу развіваецца звычайна на твары), неўрагенны (узнікае на ўчастках, якія інервуюцца, часткова пашкоджаных нервам). Лячэнне накіравана на нармалізацыю функцый залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
электрамеханічныя прыстасаванні для вызначэння параметраў руху (ці становішча) і стабілізацыі аб’екта, на якім яны ўстаноўлены. Асн. частка гіраскапічных прылад — гіраскоп.
Да гіраскапічных прылад адносяцца: гіратахометры і гіраінтэгратары (для вымярэння вуглавых скарасцей і вуглоў павароту); гірашыроты (паказваюць геагр. шырату месца), гіравертыкалі і гірагарызанталі (фіксуюць напрамак сапраўднай вертыкалі ці плоскасці гарызонта, што дае магчымасць вызначаць вугал нахілу аб’екта адносна падоўжнай або папярочнай восі); гіракомпасы; гірамагн. і гіраіндукцыйныя компасы і курсавыя сістэмы (паказваюць курс рухомага аб’екта ці вугал яго павароту вакол верт. восі); гіратэадаліты (гл. ў арт.Тэадаліты); гірастабілізатары і інш. Гіраскапічныя прылады выкарыстоўваюць у марскім флоце, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, для спец. работ (маркшэйдэрскіх, геадэзічных, тапаграфічных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, аліфатычныя злучэнні,
арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл.Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш.). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр.паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г.Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст.н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁНЫ,
цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяццануклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.
Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 1032 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
пластмасы, напаўняльнікамі у якіх служыць газ.Адносяцца да дысперсных сістэм тыпу «цвёрдае цела — газ».
Падзяляюцца ўмоўна на пенапласты і парапласты (адпаведна з асобнымі і злучанымі порамі), у залежнасці ад пругкіх характарыстык — на цвёрдыя, паўцвёрдыя і эластычныя. Шчыльн. 20—820 кг/м³, маюць добрыя цепла-, гука- і электраізалюючыя ўласцівасці. Атрымліваюць на аснове любых палімераў, якія ў вязкацякучым стане насычаюць інертным газам ці лёгкакіпячай вадкасцю або змешваюць з цвёрдым газаўтваральнікам. Выкарыстоўваюць для запаўнення шматслаёвых канструкцый, цеплаізаляцыі халадзільных установак, вытв-сці плывучых сродкаў, у якасці фільтраў для газу і вадкасцей, як амартызацыйны матэрыял (напр., у вытв-сці мэблі).
Літ.:
Тараканов О.Г., Шамов М.В., Альперн В.Д. Наполненные пенопласты. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр.Гальшанскага палаца і ў цэнтры в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст.адносяццат.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІЗАМЯШЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.
З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СЛУЖБО́ВЫЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на нармальную дзейнасць і аўтарытэт дзярж. апарата, учыненыя службовымі асобамі з выкарыстаннем свайго службовага становішча. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с. адносяцца: злоўжыванне ўладай або службовым становішчам, бяздзеянне ўлады, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, халатнасць, атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, дача хабару, службовы падлог, утойванне або адмаўленне ад прад’яўлення афіц. дакументаў. Крымін. адказнасці за З.с. падлягаюць толькі службовыя асобы (за выключэннем пасрэднікаў у хабарніцтве і тых, хто даваў хабар), якія пастаянна ці часова выконваюць функцыі прадстаўнікоў улады, займаюць пасады на прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адм.-гасп. абавязкаў. Меры пакарання за З.с. залежаць ад ступені цяжкасці ўчыненага і іх грамадскай бяспекі.