бу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.

2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.

3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́та, ‑ы, ж. (з вялікай літары).

У грэчаскай міфалогіі — рака забыцця ў падземным свеце.

•••

Кануць у Лету гл. кануць.

ле́та, ‑а, М леце, ж.

1. Самая цёплая пара года паміж вясной і восенню. Было гарачае, як прысак, лета. Сонца паліла, нібы вогнішча. Бядуля. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. пераважна мн. (ле́ты, ‑аў). Разм. Гады. Мінула юнацтва, ідуць мае ў сталасці леты. Кірэенка.

•••

Бабіна лета — цёплая сонечная пара ранняй восені. Думалі, што бабінага лета так і не прычакаюць. Але ўрэшце разлагодзілася, сціхла, выясн[е]ла — і паляцела павуцінне. Місько.

Зіму і лета гл. зіма.

З лета ў лета — а) круглы год; б) кожнае лета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.

•••

Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.

1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.

2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.

3. Разм. зневаж. Цалаваць.

•••

Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і засядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Затрымацца, доўга праседзець дзе‑н. Заседзеліся позна. Перад гаспадарамі паўстала праблема: дзе пакласці гасцей спаць? Корбан. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку, якая позна засядзелася, відаць, з хлопцам на прызбе. С. Александровіч. // перан. Доўга пражыць на адным месцы, прабыць у адным стане і пад. І ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Колас.

•••

Заседзецца ў дзеўках — не выйсці своечасова замуж. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перашкодзіць руху каго‑, чаго‑н., прымусіць застацца дзе‑н. Затрымаць машыну. Затрымаць снег на палях. □ Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго. Колас. Іван Рыгоравіч затрымаў клас пасля ўрокаў. Якімовіч. // Спыніць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (погляд, позірк). Алена бездапаможна аглянулася вакол і затрымала позірк на Таццяне. Шамякін. // перан. Адтэрмінаваць што‑н., перашкодзіць чаму‑н. Дажджы затрымалі сяўбу. Затрымаць пуск электрастанцыі. // перан. Спыніць ход, рост, развіццё чаго‑н., перашкодзіць чаму‑н. Халады затрымалі рост раслін. // Запаволіць або спыніць на пэўны час. Затрымаць дыханне.

2. Не аддаць, не выдаць у тэрмін. Затрымаць зарплату.

3. Узяць пад варту; арыштаваць. Затрымаць злачынца. Затрымаць парушальніка граніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапле́нне, ‑я, н.

1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.

2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.

3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.

4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)