Бу́сел. Рус. бу́сел, бу́сель, бу́сол, укр. бу́сел, бу́сол, бу́сько, бусь і г. д., польск. busieł, buśko, buś, busek ’тс’. Лічаць, што гэтыя назвы звязаны з рус. прыметнікам бу́сый ’шэры’ (аб гэтым слове гл. Фасмер, 1, 252). Брукнер, 33 (польск. словы з усх.-слав.); Бернекер, 104; Корш, AfslPh, 9, 492; Фасмер, 1, 251; Рудніцкі, 1, 269–270. Вельмі падрабязна пра геаграфію слова і дыялектныя формы Клепікава, ВСЯ, 5, 158–160. Неверагодна. Якабсон, Word, 7, 190. Гл. яшчэ Нідэрман, Balto-Sl., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бікла́га ’баклага’ (БРС, Нас., Маш., Бяльк., Янк. I.), бікла́жка (Бір. Дзярж., Бяльк.). Можа, таго ж паходжання, што і бакла́га (гл.). Але фанетыку слова вытлумачыць цяжка (дысіміляцыя а‑а > і‑а наўрад ці можа быць прынятай). Хутчэй за ўсё бікла́га мае іншую крыніцу. Шалудзька (Rum., 126) калісьці ўказаў на рум. крыніцу для ўкр. баклаг(а), боклаг. У рум. мове ёсць формы bîtloagă, bâtlag ’бачонак’. Ці не маглі яны мець уплыў на форму бакла́га (> біклага)? Але як? Параўн. ст.-бел. биклаха (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́рка. Рус. би́рка, укр. би́рка ’тс’. Этымалогія слова не вельмі ясная. Выводзяць з ст.-рус. биръ ’подаць, налог’ (Праабражэнскі, 1, 26; Бернекер, 57). Іншыя думаюць пра запазычанне з дац., нарв. birk ’бяроза’ (Зяленін, ZfslPh, 2, 207 і інш.). Корш (AfslPh, 9, 491) і Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 1, 15) лічылі запазычаннем з цюрк. bir ’адзін’ і iki ’два’. Параўн. ст.-бел. бирка ’бірка, жэрабя’ (XVII ст.), якое Булыка (Запазыч.) выводзіць з ст.-польск. birka. Сюды адносіцца і бірка ’палачка, ужытак замест гузіка’ (Юрч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вато́ўка ’ватнік, ватоўка’ (БРС); ’адзежына на ваце’ (Бяльк., Нас., Касп.); ’кароткая вопратка на ваце’ (Жд., Шат.); ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру з купленага матэрыялу’ (Інстр. I, 76). Рус. дыял. (смал.; у рус. гаворках Літвы; гл. СРНГ) вато́вка. Зыходзячы з геаграфіі, рус. слова ўзята з бел. У бел. мове або ўтварэнне ад вато́вы ’з ваты’ (гл. БРС), або прамое запазычанне з польск. watówka ’тс’. Гэту апошнюю версію падтрымлівае і тое, што націск прыметніка вато́вы дакладна адпавядае польскаму watowy. Гл. Кюнэ, Poln., 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абкляпа́ць ’запырскаць граззю’ (Бяльк.), абкляпацца (Бяльк.). Не мае нічога агульнага з прасл. klepati (ст.-слав. клепати ’штурхаць’, серб.-харв. клѐпати ’біць’ і г. д.). Больш верагодным уяўляецца балтыйскае паходжанне гэтага слова (*apklimpoti). Параўн. літ. klim̃pti, klampóti ’пэцкаць у гразі’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 73). Запазычанне адбылося яшчэ да падзення дыфтонгаў і распаўсюдзілася на невялікім славянскім арэале. Параўн. балг. радоп. оклепя са, клепя ў тым жа значэнні (Цыхун, БЛ, 1974, 5, 49). Аб магчымасці балгарскіх балтызмаў гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аго́ўтацца, агойтацца ’звыкнуць, супакоіцца’ (БРС, Шат., Бір. дыс., Бяльк., Гарэц., Янк. I), ’прыйсці да памяці’ (КЭС, Некр.), ’ачысціцца ад гразі’ (Шат., Касп.). Няясна. Зыходная форма павінна быць *гоўтацца (параўн. укр. (о)говтатися). Магчыма, запазычанне. Этымалогіі на славянскай глебе няма і слова мае вельмі звужаны арэал (беларуска-ўкраінская ізалекса?). Тады з балт.: літ. gul̃ti ’легчы адпачываць, спаць’, gùlta ’пасцель, ложа’, лат. gùlta ’тс’. Бел. *гоўтацца ’адпачываць’ дало агоўтацца ’звыкнуць, супакоіцца, прыйсці да памяці’. У гэтым выпадку няясна, як вытлумачыць другое значэнне ’ачысціцца ад гразі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашу́стаць ’абабраць’ (Жд.), ’абмануць, абхітрыць’ (Шат.), абшустаць (маладз., Янк. Мат.), рус. ошустать, польск. oszustać ’ашукаць’. Ад шустаць ’дзейнічаць хутка і з шумам; шастаць’, значэнне неабавязкова пад уплывам семантыкі польскага слова (згодна з Брукнерам, 385, позняй, узнікшай на базе вядомага ў XVII ст. szustać ’мяняць, абменьваць’), параўн. абшастаць, абшалёхаць і іншыя экспрэсіўныя ўтварэнні з шырокай семантыкай (у тым ліку ’абабраць’), шуснуць ’абсунуцца, упасці ўніз’ і ’хутка, не разглядаючы, памяняцца на рэчы’ (Бяльк.). Параўн. Фасмер, 3, 180 (звязвае ўслед за Міклашычам з шутить). Гл. ошуст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́зка ’чыгунка’ (пераважна ў мове партызан у 1941–1945 гг., ТСБМ). Рус. кіраўск. желе́зка ’тс’ (СРНГ). Утворана на базе спалучэння жалезная дарога ў выніку кандэнсацыі пры дапамозе суфікса ‑к‑а; параўн. чыгунны шлях > чыгу́нка і г. д. (Ісачанка, Slavia, 27, 1958, 338). Магчыма разглядаць і як павышэнне актыўнасці слова, якое існавала яшчэ ў XIX ст., але магчыма новаўтварэнне. Уст. жале́зніца ’чыгунка’ (1881 г.) з укр. уст. желізниця (Жэлях.) ці залізни́ця (Гіст. лекс., 261). Параўн. у Коласа («На ростанях») жалязняк ’чыгуначнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)