АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),
бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел.прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц.нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.
Літ.:
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А.ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1991. Уяўляў сабой узбр. конніка ў руху, які трымае ў правай руцэ гарызантальна падняты меч, у левай — шчыт з шасціканцовым залатым крыжам (гл. таксама «Пагоня»), Аўтары эталона герба У.Крукоўскі і Я.Кулік. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага і Сцяга дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджаны новы эталон герба і Палажэнне аб ім. Уяўляе сабой геагр. контур Рэспублікі Беларусь у прамянях сонца над зямным шарам. Зверху пяціканцовая чырв. зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стружкай, на якой надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
рускі пісьменнік. Аўтар раманаў «Рафаэль з цырульні», «Уступ» (абодва 1931), «Нашы знаёмыя» (1934—36; аднайменны фільм, 1969), «Адзін год» (1960; на аснове аповесцей 1930-х г.), гіст. рамана пра эпоху Пятра І «Расія маладая» (1952), рамана-трылогіі «Справа, якой ты служыш» (1957), «Дарагі мой чалавек» (1961), «Я адказваю за ўсё» (1964), прысвечанага духоўнаму фарміраванню сучасніка, чалавека высокай ідэйнай і грамадскай актыўнасці, аповесцей «Бедны Генрых» (1934), «Падпалкоўнік медыцынскай службы» (1949—56), «Пачатак», «Буцэфал» (абедзве апубл. 1968), кінасцэнарыяў «Сямёра смелых» (1936, з С.А.Герасімавым), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Справа Румянцава» (1956, з Г.Я.Хейфіцам), «Верце мне, людзі» (1964), п’ес, апавяданняў, у т. л. для дзяцей. Адметныя рысы яго таленту — майстэрства сюжэтнай будовы, цікавасць да актуальных праблем, імкненне праз быт. падрабязнасці раскрыць сур’ёзныя жыццёвыя праблемы ў паўсядзённых іх праяўленнях.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. Л., 1975—77.
Літ.:
Файнберг Р.И. Юрий Герман. Л., 1970;
Левин Л.И. Дни нашей жизни: Кн. о Ю. Германе и его друзьях. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЕН (Сяргей Іосіфавіч) (28.8.1887, Масква — 2.7.1950),
расійскі філосаф і педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т, вучыўся ў Гайдэльбергскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1909 уваходзіў у «гайдэльбергскую філас. садружнасць» (аб’ядноўвала ням. і рус. філосафаў-неакантыянцаў), удзельнічаў у выданні ў Лейпцыгу зб. «Пра месію». Адзін з рэдактараў філас.час. «Логос» (1910—13, Масква; 1914, Пецярбург). У 1914—17 працаваў у Пецярбургскім, у 1917—21 — у Томскім ун-тах. Выкладаў у Берліне і Празе (1923—35), шэрагу навуч. устаноў у Варшаве (1935—45), з 1945 праф. педагогікі ун-та ў Лодзі. Значны яго ўклад у развіццё філас. антрапалогіі, якую лічыў «прыкладной філасофіяй»; яе асновай лічыў вучэнне пра асобу, што ствараецца шляхам далучэння да звышасобасных каштоўнасцей. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Ф.М.Дастаеўскага, У.С.Салаўёва.
Тв.:
Основы педагогики. Введение в прикладную философию. Берлин, 1923;
Монизм и плюрализм в систематике понятий // Труды Русского Народного университета в Праге. 1928. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),
вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.
У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.
Літ.:
Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;
Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕЛЬС (Эміль Рыгоравіч) (19.10.1916, г. Адэса, Украіна — 14.10.1985),
расійскі піяніст, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1935). Удасканальваўся ў Школе вышэйшага майстэрства пры Маскоўскай кансерваторыі ў Г.Нейгаўза (1935—38). З 1938 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Выступаў як саліст (з 1929) і ансамбліст. Адзін з найб. вядомых піяністаў сучаснасці. Дасканаласць і глыбіня прачытання вылучалі яго выкананне твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Ф.Ліста, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1-я прэмія, 1933), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Э.Ізаі (Брусель, 1-я прэмія, 1938), Міжнар. конкурсу піяністаў (Вена, 2-я прэмія, 1936). Ганаровы чл. Лонданскай каралеўскай акадэміі музыкі (1969), Муз. акадэміі імя Ф.Ліста (Будапешт, 1970), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1980). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1962.
Літ.:
Дельсон В. Эмиль Гилельс. М., 1959;
Хентова С. Эмиль Гилельс. 2 изд. М., 1967;
Цыпин Г.М. Портреты советских пианистов. 2 изд. М., 1990;