КАРАЛЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (1.7.1906, в. Амінавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл — 9.4.1972),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1956). З 1937 нам. старшыні, старшыня Асіповіцкага райвыканкома. З ліп. 1941 у партызанах. камандзір партыз. групы, атрада, брыгады, у ліп. 1943 — сак. 1944 — Асіповіцкай ВАГ. У крас.вер. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З жніўня 1944 старшыня Магілёўскага гарвыканкома, з 1953 сакратар Хоцімскага райкома КПБ, з 1958 на сав. рабоце ў Магілёве. Канд. у чл. ЦК КПБ у 1949-52, 1954—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, у 1947—55 чл. яго Прэзідыума. Ганаровы грамадзянін г. Магілёва. Аўтар кн. «Сыны народа» (1955). У в. Амінавічы помнік.

М.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.​Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ РАССТРЭ́Л 1912,

расстрэл 17 крас. рабочых Ленскіх залатых капальняў у Сібіры (належалі рас.-англ. акц. т-ву «Лензолата»). Недастатковая зарплата, цяжкія ўмовы жыцця і працы рабочых выклікалі 13.3.1912 забастоўку, якая да канца сак. ахапіла больш за 6 тыс. чал. Перагаворы з адміністрацыяй вынікаў не далі, улады накіравалі ў раён капальняў войскі і жандараў. 17 крас. 2,5 тыс. рабочых накіраваліся да Надзеждзінскай капальні (цяпер пас. Апрэльск Бадайбінскага р-на Іркуцкай вобл.), каб прынесці пратэст пракурору супраць арышту паліцыяй членаў Цэнтр. стачачнага к-та. Войскі адкрылі агонь: 270 чал. забіта, 250 паранена. Л.р. выклікаў абурэнне ў краіне, яго падзеі вывучалі спец. камісіі Дзярж. думы (кіраўнік А.Ф.Керанскі) і ўрада. Акцыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску, Віцебску, Гомелі і інш. месцах Беларусі.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖМУРО́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (н. 10.1.1918, в. Барысавічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Д-р гіст. н. (1973), праф. (1974). У 1938—41 вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1946). У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Калінінскім, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацый. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ж. вызначыўся ў сак. 1944 пры фарсіраванні р. Прут, паранены, не пакінуў поля бою. З 1950 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Вільнюса, Масквы, Мінска. Аўтар даследаванняў па гісторыі КПСС і КПБ.

Тв.:

Организаторская работа Коммунистической партии в деревне (1918—1920 гг.). Мн., 1970;

Республика Советов: единство фронта и тыла (1918—1920 гг.). Мн., 1980;

В борьбе за Советскую власть: Деятельность большевиков в бел. деревне, 1918—1920. Мн., 1989.

Дз.П.Жмуроўскі.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЯЦ (Леанард Іосіфавіч) (сак. 1890, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 23.9.1935),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1914—16 працаваў у Віленскім акцызным упраўленні, у 1916—17 адказны сакратар Мінскага аддз. Усерас. земсаюза. Чл. партыі бел. эсэраў. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. 3 лют. 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) заг. канцылярыі і дзярж. сакратар у Народнай радзе БНР. Удзельнік 2-й Усебел. канферэнцыі 1925 у Берліне. З 1925 у БССР, кансультант Наркамфіна. Звольнены «ў сувязі з чысткай апарату». 19.7.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», высланы на 5 гадоў ва Уфу. 25.7.1935 зноў арыштаваны абл. упраўленнем НКУС СССР, памёр у турме ў час следства. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЦ (Іван Васілевіч) (н. 13.1.1908, в. Мольнічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. настаўнік Беларусі (1966). У 1928 сакратар Навагрудскага райкома КПЗБ. З 1928 у СССР, вучыўся на рабфаку пры Горацкай с.-г. акадэміі, у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага ў Маскве (1929—32). У маі 1932 вярнуўся ў Зах. Беларусь, у ліп.снеж. 1932 сакратар ЦК КСМЗБ, у 1933 сакратар Беластоцкага, Віленскага акр. к-таў КПЗБ. У сак. 1933 арыштаваны і зняволены ўладамі Польшчы. Са жн. 1936 сакратар Слонімскага, Беластоцкага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1938—39 зноў зняволены ў турму. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі. У 1944—62 на сав. і выкладчыцкай рабоце ў Ляхавіцкім р-не.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НГА ((Longo) Луіджы) (15.3.1900, Фубіне, Італія — 16.10.1980),

дзеяч італьян. і міжнар. камуніст. руху, партыз. военачальнік. Вучыўся ў Турынскім тэхнал. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Італьян. камуніст. партыі (ІКП, 1921), чл. яе ЦК (з 1926) і палітбюро (з 1931). У 1927—41 у эміграцыі, у м. ў 1933—35 прадстаўнік ІКП пры Выканкоме Камуністычнага Інтэрнацыянала, у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі ген. інспектар інтэрнацыянальных брыгад. У 2-ю сусв. вайну камандаваў гарыбальдзійскімі брыгадамі. У 1945 дэп. Устаноўчага сходу, з 1946 дэп. парламента Італіі. З 1945 віцэ-сакратар, з жн. 1964 ген. сакратар, з сак. 1972 старшыня ІКП; выступаў за паліт. плюралізм у сацыяліст. дзяржавах.

Тв.:

Рус. пер. — Народ Италии в борьбе. М., 1952;

Ревизионизм новый и старый. М., 1958;

Интернациональные бригады в Испании. М., 1960.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (22.7. 1868—25.1.19 39),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі ў грамадз. вайну 1918—22. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1897). У 1-ю сусв. вайну з 1916 пам. старшыні «Асобай нарады» па абароне дзяржавы, ген.-кватармайстар Стаўкі вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. За ўдзел у Карнілава мяцяжы 1917 арыштаваны Часовым урадам, пры садзейнічанні ген. М.​М.​Духоніна ўцёк з турмы ў Быхаве ў г. Новачаркаск. Са снеж. 1917 чл. «Данскога грамадз. савета», адзін з арганізатараў і нач. штаба белагвардзейскай Добраахвотніцкай арміі. У 1918—20 нач. ваен. ўпраўлення, нам. старшыні і старшыня ўрада («Асобай нарады») пры ген. А.І.Дзянікіне. 3 сак. 1920 прадстаўнік ген. П.М.Урангеля пры Саюзным камандаванні ў Канстанцінопалі (Стамбул, Турцыя), потым эмігрант. Аўтар «Успамінаў» (т. 1—2, 1922).

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),

славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.​А.​Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДО́М СІЯНУ́К (н. 31.10.1922, Пнампень),

дзяржаўны дзеяч Камбоджы. Вучыўся ў В’етнаме і Францыі. У 1941—55 кароль Камбоджы, у сак. 1955 адрокся ад прастола на карысць бацькі Нарадома Сурамарыта. У 1955—60 прэм’ер-міністр Камбоджы, пасля смерці свайго бацькі (1960) кіраўнік дзяржавы. У 1970 скінуты ваеннымі. Узначальваў у Пекіне Каралеўскі ўрад нац. саюза Камбоджы. Пасля захопу ўлады ў крас. 1975 «чырвонымі кхмерамі» вярнуўся ў Камбоджу, дзе лічыўся ў 1975—76 кіраўніком дзяржавы, але фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. У студз. 1979 вызвалены. Асудзіў у 1979 увод в’етн. войск у Камбоджу, у 1982—88 узначальваў Нар. нац. вызв. фронт, які вёў узбр. барацьбу супраць урада Нар. Рэспублікі Кампучыя. У кастр. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, у 1991—93 старшыня Вярх. нац. савета. З вер. 1993 кароль Камбоджы.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)