САК,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК (Аляксандр) (14.8.1890, Навагрудчына — пасля 1937),

удзельнік бел. нац.-рэліг. руху пач. 20 ст. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це лясной гаспадаркі, з 1913 у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У 1917 пасвячоны ў святара. Душпастырскую дзейнасць вёў у Магілёўскай губ., на Міншчыне, Мазыршчыне, у Койданаве, Хойніках. Удзельнік з’езда бел. каталіцкіх святароў у Мінску (24.—25.5.1917), чл. саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі рэліг. жыцця беларусаў-каталікоў. З-за праследаванняў сав. улад у 1929 вымушаны быў адмовіцца ад святарскага сану. Працаваў у Бел. дзярж. выд-ве, займаўся літ. творчасцю. 24.6.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», у 1930—34 на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. У 1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСХА́ЛІІ,

табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл. табл.).

Гады Правасл. Вялікдзень Каталіцкі Вялікдзень
1 2 3
2001 2(15) крас. 15 крас.
2002 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2003 14(27) крас. 20 крас.
2004 29 сак. (11 крас.) 11 крас.
2005 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2006 10(23) крас. 16 крас.
2007 26 сак. (8 крас.) 8 крас.
2008 14(27) крас. 23 сак.
2009 6(19) крас. 12 крас.
2010 22 сак. (4 крас.) 4 крас.
2011 11(24) крас. 24 крас.
2012 2(15) крас. 8 крас.
2013 22 крас. (5 мая) 31 сак.
2014 7(20) крас. 20 крас.
2015 30 сак. (12 крас.) 5 крас.
2016 18 крас. (1 мая) 27 сак.
2017 3(16) крас. 16 крас.
2018 26 сак. (8 крас.) 1 крас.
2019 15(28) крас. 21 крас.
2020 6(19) крас. 12 крас.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,

антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв. к-т» на чале з С.​Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.​М.​Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.​М.​Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.​Д.​Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс. чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс. чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс. чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).

Літ.:

Кроншадт, 1921: [Сб. док.] М., 1997.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.​С.​Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.—сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв. вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945 сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс. чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАРО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1893, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1918),

удзельнік Кастр. паўстання ў Петраградзе 1917. З 1914 вучыўся ў Петраградскім ун-це, вёў нелегальную прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. У сак. 1915 арыштаваны. Пасля Лют. рэв. 1917 старшыня выканкома Савета салдацкіх дэпутатаў Гжацкага гарнізона. З сак. 1917 у Петраградзе, у час падрыхтоўкі Кастр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. З кастр. 1917 гал. камісар Смольнага, камендант Таўрычаскага палаца. У сак. 1918 камандзір атрадаў Чырв. гвардыі. Загінуў у час прарыву акружэння на станцыі Рауту (Саснова Ленінградскай вобл.).

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ СССР (СМ СССР),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1946—91. Створаны ў выніку пераўтварэння Савета Народных Камісараў (закон ад 15.3.1946). Да 1989 утвараўся Вярхоўным Саветам СССР на 1-й сесіі чарговага склікання ў складзе старшыні, першых намеснікаў, намеснікаў старшыні, міністраў СССР, старшынь дзярж. к-таў СМ СССР, старшыні к-та Дзярж. бяспекі пры СМ СССР (да ліп. 1978). Уваходзілі таксама паводле сваіх пасад старшыні Саветаў Міністраў саюзных рэспублік. СМ СССР аб’ядноўваў і накіроўваў работу агульнасаюзных і саюзна-рэсп. міністэрстваў, рабіў захады па ажыццяўленні планаў сац.-эканам. развіцця, умацаванні крэдытна-грашовай сістэмы, кіраваў агульным будаўніцтвам узбр. сіл краіны, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва ў галіне зносін з замежнымі дзяржавамі і г.д.; выдаваў пастановы і распараджэнні на падставе дзеючых законаў. Паводле закона СССР ад 1.12.1988, які ўнёс змены ў Канстытуцыю СССР 1977, пастаянна дзеючы Вярх. Савет СССР зацвярджаў склад СМ СССР і прызначаў яго старшыню, якога зацвярджаў З’езд народных дэпутатаў СССР. У студз. 1991 замест СМ СССР утвораны Кабінет Міністраў СССР.

Старшыні СМ СССР: І.В.Сталін (сак. 1946 — сак. 1953), Г.М.Малянкоў (сак. 1953 — лют. 1955), М.А.Булганін (лют. 1955 — сак. 1958), М.С.Хрушчоў (сак. 1958 — кастр. 1964), А.М.Касыгін (кастр. 1964 — кастр. 1980), М.А.Ціханаў (кастр. 1980 — вер. 1985), М.І.Рыжкоў (вер. 1985 — студз. 1991).

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЕ́ЕЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (6.8.1896, в. Шыпічоўшчына Кацельніцкага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 12.10.1941),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1915 на Зах. фронце. Удзельнік грамадз. вайны. Вучыўся ў прамысл. акадэміі ў Маскве. 3 кастр. 1937 старшыня выканкома Мінскага гарсавета, са жн. 1938 нарком гандлю БССР, з сак. 1939 нам. старшыні СНК БССР, з сак. 1941 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 брыгадны камісар, чл. ваен. савета 19-й арміі Зах. фронту. Загінуў у баі. Чл. ЦК КП(б)Б з 1940, чл. Бюро ЦК КП(б)Б з сак. 1941. Чл. ЦВК СССР у 1927—29. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМАВЫ́ ЎДАР»,

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан і насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск—Полацк—Невель на тэр. Віцебскага, Гарадоцкага, Мехаўскага, Полацкага і Сіроцінскага р-наў у сак.—крас. 1943. Праводзілася ў 2 этапы (21—27 сак. і 28 сак. — 2 крас. 1943) сіламі ахоўнай дывізіі, 4 ахоўных батальёнаў, батальёна з палка «Брандэнбург», 2 танк. узводаў, артыл. і сапёрных падраздзяленняў. Асн. сілы партызан брыгад імя С.​М.​Кароткіна, 3-й і 4-й Бел. і «За Савецкую Беларусь» з баямі выйшлі з-пад удараў карнікаў. У ходзе аперацыі карнікі загубілі 542 чал., вывезлі ў Германію 345 чал., разам з жыхарамі спалілі вёскі Задобрыя, Чытавухі Гарадоцкага, Дражакі, Заазер’е, Зуева, Лапакова, Шчамілаўка і Ямішча Сіроцінскага р-наў.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)