МАНІ́Ў ((Maniu) Юліў) (8.1.1873, г. Шымлеў-Сілваніей, Румынія — 5.2.1953),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл. прэзідыума рум. Нац. партыі Трансільваніі (Венгрыя). У 1906—10 дэп. венг. парламента. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) выступаў за далучэнне Трансільваніі да Румыніі. У 1919—38 дэп. рум. парламента. Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1926—47) Нацыянал-царанісцкай партыі. У 1928—30 і 1932—33 прэм’ер-міністр Румыніі. Садзейнічаў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва краіны з суседнімі дзяржавамі ў межах Антанты Малой. У 2-ю сусв. вайну разам з І.К.Брэціяну ўзначальваў апазіцыю супраць дыктатуры І.Антанеску, удзельнічаў у тайных перагаворах з краінамі—чл. антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля звяржэння Антанеску (23.8.1944) увайшоў ва ўрад К.Санатэску. З сак. 1945 у апазіцыі да камуніст. ўрада П.Грозы. У 1947 арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы звяржэння ўрада Грозы і засуджаны на пажыццёвае зняволенне.
т. 10, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)