МАСЛО́ЎСКАЯ (Вера Ігнатаўна) (літ. псеўд. Вера Мурашка, Беларуская Мурашка; 24.3.1896, в. Агароднічкі Падляскага ваяв., Польшча — 23.1.1981),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, паэтэса. Скончыла Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, вучылася на Першых бел. настаўніцкіх курсах у Вільні (1919). У 1917 стварыла адну з першых нац. школ у в. Грабавец (Шчучынскі р-н), у 1920 настаўніца ў в. Карма Ігуменскага пав. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтр. саюза беларусак, створанага вясной 1920 у Мінску. Удзельніца Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У сак. 1922 арыштавана польскімі ўладамі і на працэсе 45-і прыгаворана да 6 гадоў турмы. З 1939 настаўнічала ў вёсках Гродзеншчыны і Беласточчыны. Друкавала вершы ў газ. «Беларусь» (Мінск), «Ніва» (Беласток), «Беларускі каляндар» (Вільня). Творчыя матэрыялы М. захоўваюцца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва ў Мінску.

Т.​В.​Кекелева.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)