вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княстваВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав. З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (1083—1155),
князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,
бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
з 17 ст.Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.А.Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.А.Пацёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛТА́Н,
горад у цэнтр.ч. Пакістана, паблізу р. Чынаб. Каля 1,2 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр баваўнаводчага раёна. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (пераважна с.-г. інвентар), тэкст., гарбарна-абутковая, харч. (алейная, малочная). Вытв-сцьмінер. угнаенняў. ЦЭС. Ручное дыванаткацтва, саматужна-маст. промыслы, у т. л. кераміка і вырабы з вярблюджай скуры. Ун-т. Маўзалеі 12—14 ст.
Узнік у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. як цэнтр племя мала. У старажытнасці вядомы пад назвамі Муластханапура, Каш’янапура. У 326 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. У 713 захоплены арабамі. У 8 ст. цэнтр мусульм.княства, у 10 ст. — тэакратычнай дзяржавы карматаў. У 11 ст. заваяваны Махмудам Газневі [998—1030). У 12 ст. ўвайшоў у дзяржаву Гурыдаў, з 1228 — у Дэлійскі султанат. У 1398 захоплены Цімурам. У 1527 заваяваны Бабурам, да 1752 у складзе Магольскай імперыі. З 1818 уладанне сікхаў. У 1849 акупіраваны брыт. войскамі. Пасля падзелу Індыі (1947) адышоў да Пакістана.