палама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. паламаў, ‑ламала; заг. паламі; зак., каго-што.

1. Згінаючы або ўдараючы з сілай, раздзяліць што‑н. на часткі. Агарадзіў [Лабановіч].. грушку высокімі коллямі, каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас. Зашумелі воды, узняліся хвалі, У напорнай плыні крыгі паламалі. Русак. // Сапсаваць, зрабіць непрыдатны для чаго‑н. Паламаў [Сцепуржынскі] малатарню і дзеўся немаведама дзе. Чорны.

2. Пакалечыць, знявечыць, пашкодзіць. — Кажуць, [Мікалай Іванавіч] рэбры паламаў і правую руку вывіхнуў. Жычка. [Дзяўчына] хацела стаць па левую нагу і не здолела. Ёй прыйшлося абаперціся на Андрэя. — Здаецца, я паламала нагу. Васілёнак.

3. (ужываецца звычайна ў форме інф. або пр. часу); перан. Парушыць, разбурыць (што‑н. прывычнае, традыцыйнае). [Сарочын:] — Выглянула сонца, узляцелі самалёты, і палкавыя ўрачы паламалі паліклінічны прыём... Алешка. // Змяніць у горшы бок. Паламаць жыццё. □ «Яна [Шура] хацела паступіць у педагагічны інстытут, а мо і ва універсітэт. Вайна ўсё паламала». Арабей.

4. Зламаць усё, многае. — Бярыце, усе бярыце. Я аб гэтыя арэхі ўсе зубы паламаў, — сказаў Валодзя. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.

2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.

3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.

4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.

•••

Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.

Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай скорасцю. Сябры выходзяць крокам скорым. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць. Колас. // Які рухаецца з вялікай скорасцю. Скоры поезд. / у знач. наз. ско́ры, ‑ага, м. Яшчэ некалькі секунд — і вось ужо скоры як віхор праляцеў міма. Васілёнак.

2. Разм. Здольны імкліва, хутка дзейнічаць. Скоры ў рабоце. □ А Уладзік .. быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі. Колас. Каб мне тады сённяшні розум! Але я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — у той час быў вельмі скоры на рашэнне. Карпюк. // Схільны спяшацца; нецярплівы. [Міхальчук:] — Хай ідзе ячмень. На тыдзень хопіць для малатарні? [Мікалай:] — Які ты ў мяне скоры! Хаця б за два ўправіліся. Якімовіч. Як да чаркі — скоры, як да працы — хворы. Прыказка.

3. Які адбываецца хутка, у кароткі тэрмін. Скоры ад’езд.

4. Такі, які павінен адбыцца ў хуткім часе. [Валошын:] Пайшлі, таварышы, Пайшлі. Да скорага спаткання, хлопцы. Глебка.

•••

На скорую руку гл. рука.

На скорым часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Узвышацца, уздымацца над паверхняй, вытаркацца ўбок, уперад, уверх. Абапал ляжалі апусцелыя палі, толькі тарчалі калючыя іголкі ржышча ды пад полем, пабліскваючы на сонцы, плавалі белыя пушынкі павуціння. Сіняўскі. Дзе-нідзе, нібы рэбры, тарчыць з-пад снегу галлё яблынь, абсечанае асколкамі і цяпер абгрызенае зайцамі. Федасеенка. // Не ляжаць гладка, не прыставаць шчыльна да чаго‑н. Абоі тарчаць. // Выпінацца, вытаркацца адкуль‑н. якой‑н. сваёй часткай. [Паштовая скрынка] была прымацавана да ўваходных дзвярэй, на ёй нават вісеў невялічкі замочак, з якога тарчаў такі ж невялікі ключык. Васілёнак.

2. Знаходзіцца дзе‑н., назаляючы сваёй непатрэбнай прысутнасцю. Нейкая жанчына, захутаная ў хустку, падыходзіць да салдата, ледзь соваючы нагамі. Спыняецца непадалёк, глядзіць на Драча. Драч — на яе. [Драч:] Чаго вылупілася?.. Валяй адгэтуль, тут нельга кожнаму тарчаць. Губарэвіч. — Той тып зноў тарчаў у акне, — сказаў наш як шафёр таварышу. Няхай. // Пастаянна бываць дзе‑н., знаходзіцца перад вачыма. [Верхаводка:] Я ж табе казаў, што дарэмна ты [Рамашка] лётаеш сюды дзень у дзень. І мяне прывучыў кожны выхадны дзень тарчаць тут на рэчцы. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увагна́ць, уганю, угоніш, угоніць; пр. увагнаў, ‑гнала; заг. увагні; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Прымусіць увайсці, убегчы куды‑н.; загнаць. Увагнаць жывёлу ў хлеў.

2. З сілай убіць, уткнуць у што‑н. Увагнаць рыдлёўку ў зямлю. □ Шавец з маху ўвагнаў цвік у абцас. Васілёнак. [Яўген] павольна ўзяў сякеру, што стаяла ля маіх ног, узмахнуў і з разгону глыбока ўвагнаў яе ў пянчук. Савіцкі.

3. перан. Давесці каго‑н. да якога‑н. стану (звычайна непрыемнага). Увагнаць у расходы. □ Маці крыху ўпіралася, даводзіла, што навука ў сухоты мяне ўгоніць, але хутка здалася. Мядзёлка. Добра .. [дзяўчаты] спявалі, прыемна было слухаць, але як завялі адну песню старую, дык аж у слёзы ўвагналі Ганну. Дубоўка.

•••

Увагнаць у магілу (у труну, у дамавіну, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) (гл. загнаць).

Увагнаць у пот — прымусіць многа і напружана працаваць (да поту).

Увагнаць у чырвань — засароміць, прымусіць пачырванець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уга́, выкл.

Ужываецца пры выяўленні, паказе чаго‑н. значнага, цікавага або нечаканага ў значэнні: вось як, вось яно як, вось яно што. — Уга, во які госць у нас, гаворыць .. [Даніла] сваім вечна спакойным І роўным голасам І сунімаецца ў парозе, каб напіцца вады. Скрыган. І павага мне — уга! — Ад сыноў у хаце. Бялевіч. Другі б уга як нос задраў, а Васіль Кузьміч і віду не падаў, што нешта здарылася. Лобан. — Уга, брыгадзір сімфонію слухае! — засмяяўся Пецька. Мыслівец. // у знач. вык. Многа, даволі; колькі хочаш. Нядаўна прачытаў адзін «раман»... Вады — уга! Вады — даволі! А солі, неабходнай солі — І каліва няма. Валасевіч. Гэта ў іх тут, у пасёлку, нічога цікавага няма, ды і на станцыі таксама, а ў Маскве — уга! Васілёнак. // Ужываецца пры пярэчанні, адмаўленні чаго‑н. у значэнні: не, не так. — Цішэй! — пачуўся прарэзлівы голас. — Могуць немцы поезд спыніць і выкінуць усіх нас адсюль. — Уга! — запярэчыў другі. — Будуць яны з намі валаводзіцца, ім цяпер сваю б шкуру ўратаваць! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́н, ‑а, м.

1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.

2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.

3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.

[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.

1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.

2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.

3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.

4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.

5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.

1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.

2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.

3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.

2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.

3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.

4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)