палама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. паламаў, ‑ламала; заг. паламі; зак., каго-што.
1. Згінаючы або ўдараючы з сілай, раздзяліць што‑н. на часткі. Агарадзіў [Лабановіч].. грушку высокімі коллямі, каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас. Зашумелі воды, узняліся хвалі, У напорнай плыні крыгі паламалі. Русак. // Сапсаваць, зрабіць непрыдатны для чаго‑н. Паламаў [Сцепуржынскі] малатарню і дзеўся немаведама дзе. Чорны.
2. Пакалечыць, знявечыць, пашкодзіць. — Кажуць, [Мікалай Іванавіч] рэбры паламаў і правую руку вывіхнуў. Жычка. [Дзяўчына] хацела стаць па левую нагу і не здолела. Ёй прыйшлося абаперціся на Андрэя. — Здаецца, я паламала нагу. Васілёнак.
3. (ужываецца звычайна ў форме інф. або пр. часу); перан. Парушыць, разбурыць (што‑н. прывычнае, традыцыйнае). [Сарочын:] — Выглянула сонца, узляцелі самалёты, і палкавыя ўрачы паламалі паліклінічны прыём... Алешка. // Змяніць у горшы бок. Паламаць жыццё. □ «Яна [Шура] хацела паступіць у педагагічны інстытут, а мо і ва універсітэт. Вайна ўсё паламала». Арабей.
4. Зламаць усё, многае. — Бярыце, усе бярыце. Я аб гэтыя арэхі ўсе зубы паламаў, — сказаў Валодзя. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)