КІ́РКАЎ Васіл (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),

балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар. т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.​Ф.​Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.​Яварава), Іванка («Іванка» В.​Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.​Вазава).

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЖНЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),

бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.​Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.​Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.​Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.​Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.​Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​В.​Мальцаў.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ Іосіф Майсеевіч (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1968 1939). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст. акад. т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст. акад. т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст. акад. т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Купалы — «Апошнія» М.​Горкага (1939, з М.​Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.​Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.​Крапівы; у т-ры імя Я.​Коласа — «Ворагі» М.​Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст. акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага (1938, з Л.​Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.​Крона (1945, з М.​Гарчаковым), «Разлом» Б.​Лаўранёва (1950, з В.​Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.​Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.​Карастылёва (1966).

К.​Б.​Кузняцова.

І.М.Раеўскі.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РЫЧАЎ Юрый Аляксеевіч (28.4.1953, Мінск — 20.9.1997),

бел. акцёр і рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—86, 1989—92 і 1996—97 акцёр, у 1987—89 рэжысёр Бел. дзярж. т-ра лялек, у 1992—93 рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага абл. т-ра лялек, у 1994—96 гал. рэжысёр Мінскага абл. т-ра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). Для акцёрскага мастацтва С. характэрны псіхал. дакладнасць і яркая характарнасць. Найб. поўна талент праявіўся ў спектаклях для дарослых. Сярод роляў: Гефест («Хачу быць богам» А.​Вярцінскага), Мядзведзь, Ілья Мурамец («Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына), Калібан («Бура» У.​Шэкспіра), Паэт («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды), Анёл А («Боская камедыя» І.​Штока) і інш. Паставіў спектаклі: «Церам-Церамок» С.​Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А.​Гайдара (1987), «Пра Фядота-Стральца, удалога малайца» Л.​Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С.​Пракоф’евай і Г.​Сапгіра (1990) у дзярж. т-ры лялек; «Доктар-Айбаліт» В.​Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І.​Сідарука (1993) і інш. ў Брэсцкім т-ры лялек; «Меч анёла» Сідарука (1994), «Незвычайныя спаборніцтвы» Я.​Спяранскага (1995), «Снежная каралева» Х.​К.​Андэрсена (1995), «Доктар-Айбаліт» Карастылёва (1996) у т-ры лялек «Батлейка».

С.​Ф.​Юркевіч.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБАКО́Ў Алег Паўлавіч (н. 17.8.1935, г. Саратаў, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст. акад. т-ра (МХАТ, 1957). З 1957 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1983 у МХАТ, з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава, з 2000 маст. кіраўнік. У 1974 арганізаваў у Маскве тэатр. студыю (з 1992 Маскоўскі т-р пад кіраўніцтвам А.​Табакова). У 1989—2000 рэктар Школы-студыі пры МХАТ (з 1989 праф.). Акцёр яркага артыстызму і шырокага творчага дыяпазону. Валодае ўсімі адценнямі камед. ігры, часам звяртаецца да шаржу: Алег («У пошуках радасці» В.​Розава), Аляксандр Адуеў («Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова), Балалайкін («Балалайкін і К°» паводле М.​Салтыкова-Шчадрына), Ён («Лаўка» А.​Гельмана) і інш. Сярод пастановак: «Білоксі-блюз» Н.​Саймана (1987), «Матроская цішыня (Малая вялікая зямля)» А.​Галіча (1990), «Механічнае піяніна» А.​Адабаш’яна і М.​Міхалкова (1993), «Чэмпіёны» Дж.​Мілера (1996), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага (1997) і інш. Здымаецца ў кіно: «Шумны дзень», «Жывыя і мёртвыя», «Вайна і мір», «Гары, гары, мая зорка», «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава», «Палёты ў сне і наяве», «Сірата казанская», «Шырлі-мырлі» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1967. Дзярж. прэмія Расіі 1998.

А.П.Табакоў.

т. 15, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРАЎ Ігар Пятровіч (1.1.1919—20. 3.1999),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў ленінградскія карабельны (1943) і тэатр. (1948) ін-ты. З 1949 у Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола, з 1956 у Вял. драм. т-ры імя Горкага, з 1960 гал. рэжысёр (да 1986) і акцёр Ленінградскага т-ра імя Ленсавета (у 1991—95 наз. Адкрыты т-р). Яго акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і адначасова ўнутр. значнасцю, рэжысёрскія — глыбокім пранікненнем у сутнасць твора, музычнасцю, гумарам. Сярод роляў: Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), прафесар Праабражэнскі («Сабачае сэрца» паводле М.​Булгакава), Ён («Старамодная камедыя» А.​Арбузава і ў аднайм. фільме). Паставіў п’есы: «Пігмаліён» Б.​Шоу (1962), «Таня» Арбузава (1963), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1964), «Трохграшовая опера» Б.​Брэхта і К.​Вейля (1966, 1983), «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына (1967), «Дульсінея Табоская» А.​Валодзіна (1973), «Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага і «Вішнёвы сад» Чэхава (абедзве 1978), «Пад адным дахам» Л.​Разумоўскай (1986), «Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева (1987), «Хэпі энд адмяняецца» («Ахвяра») М.​Фраці (1995) і інш. Здымаўся ў кіно: «Твой сучаснік», «Адваротная сувязь», «Утаймаванне агню», «Казкі... казкі... казкі старога Арбата»; у тэлефільмах «Вялікае процістаянне», «Мая справа» і інш. Паставіў фільм «Лішні білет» (1983).

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛА́ТАЎ Леанід Аляксеевіч (н. 24.12.1946, Ашгабат),

расійскі акцёр, паэт, драматург. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1969). З 1969 у Т-ры на Таганцы, у 1985—87 у т-ры «Сучаснік» у Маскве. Акцёр моцнага тэмпераменту пры жорсткім сцэн. малюнку; творчая манера вызначаецца спалучэннем лірыкі і іроніі. Сярод роляў: Ягор Іванавіч («Маці» М.​Горкага), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Барон і Дон Карлас, Сальеры, Скупы («Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна), Дзмітрыеў («Абмен» паводле Ю.​Трыфанава), Зарубін («Пугачоў» С.​Ясеніна), Майстар («Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава), Гарацыо («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш. Зняўся ў фільмах «Экіпаж», «Голас», «Поспех», «Забытая мелодыя для флейты», «Горад Зеро» і інш. Паставіў фільм «Сукіны дзеці» (1991). Яго байку «Пра Фядота-стральца, удалога малайца» паст. Дзярж. т-р лялек Беларусі (1988) і інш. т-ры. Паводле яе зняты фільм «Сказ пра Фядота-стральца» (2002). Аўтар кніг «Вандроўны тэатр» (1990), «Тэатр Леаніда Філатава» (1996), «І год як дзень» (2000) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

Тв.:

Сукины дети: Стихи, переводы, пародии, пьесы, киносценарии. М., 1992;

Оранжевый кот: Стихи, песни, переводы, пародии, п’еса, сказка. М., 1997;

Любовь к трем апельсинам: Сказки, повести, пародии. М., 1997;

Нет худа без добра. М., 1999.

Літ.:

Воронецкая Т. Л.​Филатов. М., 2002.

т. 16, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́НСКІ Аркадзь Яўгенавіч (29.7.1920, г. Мелітопаль, Украіна),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1945). У 1945—48 ва Укр. драм. т-ры, з 1948 ва Укр. драм. т-ры імя І.​Франко (абодва ў Кіеве). Сярод роляў: Лаўрын Запарожац («Незабыўнае» паводле твораў А.​Даўжэнкі), Граза («Старонка дзённіка» А.​Карнейчука), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Дэрвіш («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Крэонт («Антыгона» Сафокла), Макбет, Глостэр («Макбет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНТЭ́ (Volonté) Джан Марыя (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),

італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч

(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.​Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)