ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),

вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.

У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.

Літ.:

Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́ДНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

камбінаваны комплекс з некалькіх вылічальных машын з рознай формай выяўлення велічынь (аналагавай і лічбавай), аб’яднаных агульнай сістэмай кіравання. Спалучае якасці і ўласцівасці аналагавых і лічбавых выліч. машын. Выкарыстоўваецца, калі магчымасці аналагавых і лічбавых выліч. машын, узятых паасобку, недастатковыя: пры мадэляванні задач кіравання (у рэальным маштабе часу) рухомымі аб’ектамі (у т. л. ў сістэмах саманавядзення), энергет. комплексамі; стварэнні комплексных трэнажораў і інш.

Адрозніваюць аналага-арыентаваныя, лічбава-арыентаваныя і збалансаваныя (найб. магутныя) гібрыдныя вылічальныя сістэмы. Структура гібрыднай вылічальнай сістэмы, патрабаванні да яе асобных частак залежаць ад галіны выкарыстання і вынікаў дэталёвага аналізу тыповых задач. Разгалінаванне выліч. працэсу паміж аналагавымі і лічбавымі машынамі, якія працуюць у комплексе, забяспечвае высокую дакладнасць і магчымасць выканання многафункцыянальных аперацый, павялічвае агульнае хуткадзеянне і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах гібрыднай вылічальнай сістэмы вядуцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваныя сістэмы выкарыстоўваюцца на аб’ектах судна- і машынабудавання, энергетыкі.

А.​С.​Кабайла.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПІУС (Зінаіда Мікалаеўна) (20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),

руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт. кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.​Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр. рэв. і сав. улады.

Тв.:

Стихотворения;

Живые лица. М., 1991;

Сочинения: Стихотворения, проза. Л., 1991.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),

у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст. н.э.

Літ.:

Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.

Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,

горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.

Літ.:

Города-спутники: Сб. ст. М., 1961.

І.​А.​Іода.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ (Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),

нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.​Вагнера.

Тв.:

Рус. пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.

Літ.:

Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.

т. 6, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́ЦКІЯ,

бел. размалёўшчыкі шкла. У 2-й пал. 18 ст. працавалі на шклагутах Радзівілаў.

Мікалай (?—1794). Працаваў на гуце ў Налібаках, з 1739 ва Урэччы. Быў першым размалёўшчыкам па шкле, ствараў эскізы люстэркаў. У 1775—81 працаваў на мануфактуры Хадкевічаў у Чарнобылі, потым ізноў ва Урэччы. Гравіраваў узоры на шкляных пластах і рамах для люстэркаў, аздабляў дробную шкляную пластыку.

Ян (?—?), відаць, сын Мікалая. Да 1744 і пасля 1750 працаваў у Налібаках, паміж імі — ва Урэччы. Быў памочнікам Мікалая, потым першым мастаком. Аздабляў келіхі манаграмамі і гербамі, келіхі накшталт «флейтаў» — гравіраванымі арламі і сардэчкамі, бутэлькі — вайсковай атрыбутыкай і ініцыяламі, уплеценымі ў выцягнуты арнамент. У 1781 дэкарыраваў 190 шкляных прыбораў для Радзівіла (Мацея?), у 1781—84 аздобіў прыборы для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у т. л. келіх з каралеўскім гербам і манаграмай. У 1784—85 стварыў набор шклянак з гравіраванымі яўр. літарамі.

Літ.:

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977.

І.​М.​Каранеўская.

А.І.Дубко.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЕ́ННЕ,

1) адзін з асн. працэсаў пры вырабе скуры і футра. У гарбарнай прамысловасці — для надання паўфабрыкату скуры з дапамогай дубільных рэчываў пластычнасці, трываласці, устойлівасці да зносу і інш.; пры вырабе футра — для замацавання стану скур пасля пікелявання. Пры Д. ўтвараюцца хім. сувязі паміж бялком (калагенам) дэрмы або валасоў і малекуламі дубільнага рэчыва. У выніку адбываюцца неабарачальныя змены якасцей дэрмы або валасоў. Д. садзейнічае павышэнню тэмпературы зварвання паўфабрыкату, памяншэнню ўсадкі аб’ёму пры высушванні, набракання ў вадзе, павелічэнню порыстасці пасля сушкі, трываласці скуры на разрыў у набраклым стане і ўстойлівасці да ўздзеяння ферментаў і розных гідралізуючых агентаў. Д. паляпшае якасць валасоў (пругкасць, змочвальнасць і інш.).

2) У фатаграфіі — хім. апрацоўка святлоадчувальных жэлацінавых слаёў фотаматэрыялаў з мэтай павелічэння іх мех. трываласці, тэрмаўстойлівасці і памяншэння ступені іх набракання ў вадзе і водных растворах. Для гэтага ў эмульсію дадаюць неарганічныя (хрома- ці алюмакаліевыя галыны, воцатнакіслы хром) і арган. (фармалін, гліаксаль і інш.) рэчывы.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)