інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.
Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.Клебсам і Ф.Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.
Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКЛЕТЫЯ́Н (Гай Аўрэлій Валерый) (Gaius Aurelius Valerius Diocletianus; каля 240, Дыяклея, каля сучаснага г. Шкодэр, Албанія — 3.12.316),
старажытнарымскі імператар [284—305]. Прафес. ваенны. Абвешчаны імператарам пасля смерці правіцеля Нумерыяна. Ліквідаваў паўстанне багаудаў у Галіі (285—286), маўрытанскіх плямён у Афрыцы (290—295) і інш. З мэтай паляпшэння кіруемасці Рым. імперыяй падзяліў яе на 4 часткі (тэтрархіі; складаліся з 12 дыяцэзаў), прызначыў 3 суправіцеляў (293), аддзяліў ваен. ўладу ад цывільнай, павялічыў армію, устанавіў фіксаваныя цэны і памер заработнай платы, увёў новую сістэму падаткаабкладання. У 303—304 праследаваў хрысціян. У 305 добраахвотна адмовіўся ад улады, жыў у сваім маёнтку ў Салоне (сучасны г. Спліт, Харватыя), дзе і памёр. Гл. таксама Дамінат.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 243—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,
Ідыку (1352—1419),
эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял.кн.літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша разам з ханам Шадыбекам забілі Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Раіса Мікалаеўна) (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),
дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял.Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЯ́РДЗІ, Джылярдзі (Gilardi) Даменіка
[Дзяменцій Іванавіч; 4.6.1785 (або 1788), Мантаньёла, каля г. Лугана, Швейцарыя — 28.2.1845],
архітэктар. Прадстаўнік рускага ампіру. Ганаровы чл.Пецярб.АМ (з 1830). Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў свайго бацькі архітэктара, потым у Міланскай АМ (1804—06). У 1810—32 працаваў у Расіі. Пасля пажару 1812 у Маскве аднавіў будынак ун-та (1817—19), перабудаваў будынкі Екацярынінскага ін-та (цяпер Цэнтральны дом Рас. Арміі), Апякунскага савета (цяпер АМН), жылы дом С.С.Гагарына (цяпер Ін-тсусв. л-ры імя Горкага), падмаскоўную сядзібу князёў Галіцыных Кузьмінкі (усе 1820-я г.) і інш. Архітэктура будынкаў вызначаецца манументальнасцю, урачыстай параднасцю. Майстар садова-паркавага мастацтва.
Літ.:
Белецкая Е.А., Покровская З.К. Д.И.Жилярди. М., 1980.
Д.Жылярдзі. Дом Луніных. Фрагмент фасада галоўнага корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́ДНА»
(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬШЧЫНА,
від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Паслясял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад 1/4 да 2/3 ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»
(«Winterzauber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс.мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»
(«Waldwinter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.
У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.