САЛАУ́ХІН Уладзімір Аляксеевіч (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ.ін-тімя М.Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.Макаль, Я.Сіпакоў, В.Шымук, апавяданні — Я.Брыль, В.Вітка, Гігевіч, Г.Далідовіч, У.Дамашэвіч, А.Жук, А.Кудравец, Я.Лецка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;
Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;
Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́Н Мартырос Сяргеевіч (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),
армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар.маст.СССР (1960). Правадз.чл.АМСССР (1947). Правадз.чл.АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.Сярова і К.Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.Гагена і А.Матыса. Чл.маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.Сіманава, 1939; А.Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач. 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯЖО́Н Язэп (сапр.Семяжонаў Іосіф Ігнатавіч; 16.11.1914, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.8.1990),
бел. перакладчык, крытык, празаік, паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1989). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Працаваў акцёрам у БДТ-3 (1932—34). Выкладаў у Мінскім сувораўскім вучылішчы (1953—60), БДУ (1961—75), адначасова працаваў у час. «Беларусь» (1962—67). Друкаваўся з 1931. Пераклаў з англ. мовы творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, Р.Бёрнса, Р.Браўнінга, Дж.Кітса, з венг. — Ш.Пецёфі, сучасных паэтаў, з італьян. — Дантэ, Дж.Радары, з ням. — Г.Гейнэ, Б.Брэхта, сучасных паэтаў, з польскай — паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1985), Я.Івашкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Тувіма, з рум. — Дж.Кэлінеску, З.Станку, з чэшскай і славацкай — В.Завады, В.Мігаліка, з франц. — П.Беранжэ, Э.Пацье, А.Рэмбо. На бел. і рус. мовы з лац. мовы пераклаў «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1982). Асобнымі кнігамі ў яго перакладзе выйшлі зб-кі вершаў Радары «Неапаль без сонца» (1955), Бёрнса «Шатландская слава» (1957) і «Вам слова, Джон Ячмень!» (1983), раман М.Твэна «Жанна д’Арк» (1961, з Н.Цімафеевай), зб. класічнай і сучаснай паэзіі В’етнама «Апалены лотас» (1968), раман ням. пісьменніка Г.Ота «Пара ў дарогу, буслы!» (1982, з У.Чапегам), зб. «Сем цудаў свету» (1977), творы паэтаў свету. Для перакладаў С. характэрна дакладнае ўзнаўленне сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелае карыстанне скарбамі роднай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАБА́Н Віталь Уладзіміравіч (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд.гіст.н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел.нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.Дз.Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М.Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.П.Платонаў» (2000), «М.В.Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я.Купалу і інш.
Тв.:
Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;
Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;
«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;
Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РЫЙ (лац. Thorium),
Th, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 90, ат. м. 232,038, адносіцца да актыноідаў. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 213—236. У прыродзе пашыраны 232Th — найб. доўгажывучы радыенуклід (перыяд паўраспаду 1,4051010 гадоў, α-выпраменьвальнік), роданачальнік натуральнага радыеактыўнага рада. У зямной кары 810−4% па масе. Вядома каля 120 мінералаў; прамысл. руда — манацыт. Адкрыты ў 1828 Ё.Я.Берцэліусам; назва ад імя бога грому ў сканд. міфалогіі — Тора. Радыеактыўнасць Т. ўстанавілі ў 1898 М.Складоўская-Кюры і незалежна ад яе ням. хімік Г.Шміт.
Серабрыста-белы пластычны метал, tпл1750 °C, tкіп 4200 °C, шчыльн. 11724 кг/м³. Кампактны Т у паветры цьмянее (пакрываецца ахоўнай аксіднай плёнкай), пры t>400 °C хутка акісляецца да дыаксіду ThO2 (бясколернае крышт. рэчыва, tпл 3350 °C, хімічна вельмі ўстойлівы), парашкападобны — пірафорны. Павольна ўзаемадзейнічае з разбаўленымі плавікавай, азотнай (канцэнтраванай пасівіруецца), сернай к-тамі, хутка раствараецца ў канцэнтраванай салянай кіслаце. Пры награванні з вадародам утварае гідрыд ThH2, з вугляродам — мона- і дыкарбід, з галагенамі — тэтрагалагеніды. Метал. Т. атрымліваюць аднаўленнем ThO2 кальцыем пры 900—1000 °C, электролізам тэтрафтарыду ThF4 і калію пентафторатарату (IV) KThF5 у расплаве галагенідаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць метал: Т. для легіравання розных сплаваў, як гетэр пры вырабе электралямпаў, ThO2 як вогнетрывалы матэрыял, кампанент каталізатараў, ядз. паліва ва уран-торыевых рэактарах, у якіх 232Th ператвараецца ва 233U. Таксічны, ГДК 0,05 мг/м³.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. Кн. 2. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НА Паўло Рыгоравіч (27.1.1891, с. Пяскі Бабровіцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.9.1967),
украінскі паэт, дзярж. і грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1929), чл.-кар.Балг.АН (1947). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1936—39 і 1940—43 дырэктар Ін-та ўкр. л-ры АН Украіны. У 1943—48 міністр асветы Украіны. Друкаваўся з 1912. Першы зб. «Сонечныя кларнеты» (1918). Шырокі эпічны план у паэме «Шабля Катоўскага» (1938), драм. паэме «Шаўчэнка і Чарнышэўскі» (1939). У зб. «Перамагаць і жыць» (1942), паэме «Пахаванне сябра» (1943) — гераізм людзей у Вял.Айч. вайну. Аўтар зб-каў «Плуг», «Замест санетаў і актаў» (абодва 1920), «Вецер з Украіны» (1924), «Пачуццё сям’і адзінай» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Сталь і пяшчота» (1941), «І расці, і дзейнічаць» (1949), «Магутнасць нам дадзена» (1953), «Мы — сумленне чалавецтва» (1957), «Расці, цудоўны свет» (1960). Паэзіі ўласцівы багацце рытмікі, сувязь з укр. песеннасцю. На працягу многіх гадоў Т. звязвала творчая дружба з Я.Купалам і Я.Коласам. Пераклаў асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, А.Вялюгін, Х.Жычка, Я.Колас, М.Танк і інш.Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1971.
Літ.:
Ахрыменка П. Паўло Тычына і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗДА́,
горад, цэнтр Уздзенскага р-на Мінскай вобл., на р. Уздзянка. За 74 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Негарэлае на лініі Мінск—Баранавічы; аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Негарэлым, Нясвіжам, Капылём, Слуцкам. 9,6 тыс.ж. (2002).
Вядома з 1450 як двор Корсакаў у Мінскім пав.ВКЛ. З 16 ст. мястэчка Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У 1572 У. наведаў С.Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У 1798 пабудаваны касцёл, дзейнічала Уздзенская Петрапаўлаўская царква. У 1829—30 працавалі друкарня І.Прэса, школа, 4 пач.навуч. ўстановы, піваварня, млын, аптэка, пошта, 30 крам, нядзельны кірмаш; у 1886 — школа, суконная ф-ка, 2 млыны, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, мячэць, бровар, піваварня, 24 крамы. У 1897 2,8 тыс.ж. З 1924 цэнтр Уздзенскага раёна, з 1938 гар. пасёлак, з 1999 горад. У 1939—3,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ва У. і раёне загубілі 5599 ж., дзейнічала Уздзенскае патрыятычнае падполле. Вызвалена 26.6.1944 партызанамі 300-й брыгады імя Варашылава, якія ўтрымлівалі У. да падыходу 4.7.1944 часцей 65-й арміі 1-га Бел. фронту. У 1962—66 у Дзяржынскім р-не.
Працуюць абутковае СП «Рэйліт», швейная ф-ка, з-ды малочны, хлебны, эксперыментальны бульбапрадуктаў. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам — вызваліцелям У. Помнікі архітэктуры: касцёл 1-й пал. 19 ст., Петрапаўлаўская царква (1840), пахавальня канца 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙу Аргенціне.
Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв.т-ва «Грамада», бел.т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.Луцкевіча, бел.культ.т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.Мярэчка, У.Гайлевіч, Я.Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац. адметнасць, змяняць назвы (бел.т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел.культ.т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел.т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАГЛО́Ў-КУЛІКО́ВІЧ, Шчаглоў Мікалай Мікалаевіч (4.4.1893, Смаленшчына, паводле інш. крыніц 1896 ці 1897, Масква — 31.3.1969), бел. кампазітар, муз. і тэатр. дзеяч. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1920-я г., кл. М.Іпалітава-Іванава). Працаваў на Украіне, Смаленшчыне. Адзін з арганізатараў Мінскага опернага т-ра, дырыжор яго сімф. аркестра. З 1936 рэдактар на Бел. радыё ў Мінску. У час акупацыі ўзначальваў муз.аддз.Беларускага культурнага згуртавання. З 1944 у Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым кіраўнік канцэртнай групы пры ням. Мін-ве па справах акупіраваных усх. тэрыторый, дырэктар і маст. кіраўнік арганізаванага ім вандроўнага Бел.т-ра эстрады. З 1950 у ЗША. У сваіх творах звяртаўся да гіст. мінулага бел. народа. Аўтар опер «Кацярына» (1941), «Лясное возера» (паст. 1942), «Усяслаў Чарадзей» (паст. 1943), аперэты «У вырай»; сімфоній, сімф. сюіт, канцэртаў, песень, рамансаў на словы Н.Арсенневай, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, У.Жылкі, Я.Купалы і інш., твораў царк. музыкі, апрацовак бел.нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і інш. Укладальнік «Беларускіх песенных зборнікаў» (1954, 1955, 1960), зб-каў «Калядоўшчыкі» (1961), «Родныя матывы» (1967). Аўтар тэарэт. прац «Беларуская песня» (1942, не апубл.), «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Асабісты архіў захоўваецца ў Бел. б-цы і музеі імя Ф.Скарыны ў Лондане.
Літ.:
Калубовіч А. Мікола Шчаглоў (Куліковіч) // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня; Мн., 1993;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997. С. 387—395.