ШЧАГЛО́Ў-КУЛІКО́ВІЧ, Шчаглоў Мікалай Мікалаевіч (4.4.1893, Смаленшчына, паводле інш. крыніц 1896 ці 1897, Масква — 31.3.1969), бел. кампазітар, муз. і тэатр. дзеяч. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1920-я г., кл. М.Іпалітава-Іванава). Працаваў на Украіне, Смаленшчыне. Адзін з арганізатараў Мінскага опернага т-ра, дырыжор яго сімф. аркестра. З 1936 рэдактар на Бел. радыё ў Мінску. У час акупацыі ўзначальваў муз. аддз. Беларускага культурнага згуртавання. З 1944 у Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым кіраўнік канцэртнай групы пры ням. Мін-ве па справах акупіраваных усх. тэрыторый, дырэктар і маст. кіраўнік арганізаванага ім вандроўнага Бел. т-ра эстрады. З 1950 у ЗША. У сваіх творах звяртаўся да гіст. мінулага бел. народа. Аўтар опер «Кацярына» (1941), «Лясное возера» (паст. 1942), «Усяслаў Чарадзей» (паст. 1943), аперэты «У вырай»; сімфоній, сімф. сюіт, канцэртаў, песень, рамансаў на словы Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, У.​Дубоўкі, У.​Жылкі, Я.​Купалы і інш., твораў царк. музыкі, апрацовак бел. нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і інш. Укладальнік «Беларускіх песенных зборнікаў» (1954, 1955, 1960), зб-каў «Калядоўшчыкі» (1961), «Родныя матывы» (1967). Аўтар тэарэт. прац «Беларуская песня» (1942, не апубл.), «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Асабісты архіў захоўваецца ў Бел. б-цы і музеі імя Ф.​Скарыны ў Лондане.

Літ.:

Калубовіч А. Мікола Шчаглоў (Куліковіч) // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;

Вільня; Мн., 1993;

Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997. С. 387—395.

Р.​І.​Сергіенка.

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)