горад, цэнтр Уздзенскага р-на Мінскай вобл., на р. Уздзянка. За 74 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Негарэлае на лініі Мінск—Баранавічы; аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Негарэлым, Нясвіжам, Капылём, Слуцкам. 9,6 тыс.ж. (2002).
Вядома з 1450 як двор Корсакаў у Мінскім пав.ВКЛ. З 16 ст. мястэчка Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У 1572 У. наведаў С.Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У 1798 пабудаваны касцёл, дзейнічала Уздзенская Петрапаўлаўская царква. У 1829—30 працавалі друкарня І.Прэса, школа, 4 пач.навуч. ўстановы, піваварня, млын, аптэка, пошта, 30 крам, нядзельны кірмаш; у 1886 — школа, суконная ф-ка, 2 млыны, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, мячэць, бровар, піваварня, 24 крамы. У 1897 2,8 тыс.ж. З 1924 цэнтр Уздзенскага раёна, з 1938 гар. пасёлак, з 1999 горад. У 1939—3,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ва У. і раёне загубілі 5599 ж., дзейнічала Уздзенскае патрыятычнае падполле. Вызвалена 26.6.1944 партызанамі 300-й брыгады імя Варашылава, якія ўтрымлівалі У. да падыходу 4.7.1944 часцей 65-й арміі 1-га Бел. фронту. У 1962—66 у Дзяржынскім р-не.
Працуюць абутковае СП «Рэйліт», швейная ф-ка, з-ды малочны, хлебны, эксперыментальны бульбапрадуктаў. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам — вызваліцелям У. Помнікі архітэктуры: касцёл 1-й пал. 19 ст., Петрапаўлаўская царква (1840), пахавальня канца 19 ст.