АДБІЦЦЁ ХВА́ЛЯЎ,

перавыпрамяненне хваляў перашкодамі са зменай напрамку іх распаўсюджвання. Адбываецца на непразрыстых целах, у якіх хвалі такой прыроды не распаўсюджваюцца, і неаднароднасцях асяроддзяў. Звычайна на мяжы падзелу асяроддзяў з рознымі ўласцівасцямі разам з адбіццём хваляў адбываецца і пераламленне хваляў. Інтэнсіўнасць адбітай хвалі характарызуецца каэфіцыентам адбіцця, які залежыць ад прыроды хваляў і іх палярызацыі, уласцівасцяў асяроддзяў, вугла падзення і роўны адносіне патокаў энергіі адбітай хвалі і той, што падае. Пры люстраным адбіцці хваляў на плоскіх межах падзелу выконваюцца законы, якія супадаюць з законамі адбіцця святла.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЯРЫ́ХА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 15.11.1937, в. Горкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-геабатанік. Канд. біял. н. (1971). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біягеацэналогіі, лесазнаўстве (аднаўленне, ахова і рацыянальнае выкарыстанне лясоў), адзін са стваральнікаў серыі спец. геабат. картаў расліннасці Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.​Д.​Юркевічам, Д.​С.​Голадам);

Липняки Белоруссии. Мн., 1988 (разам з І.​Д.​Юркевічам, В.​Л.​Дольскім).

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРО́Д,

1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.

2) Бел. нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.

Азярод на сялянскай сядзібе. Пач. 20 ст.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,

першая ў Расіі свецкая вышэйшая навуч. ўстанова. Існаваў у 1724—66. Засн. ў Пецярбургу адначасова з АН, заняткі пачаліся ў 1726. У Акадэмічным універсітэце пераводзілі лепшых вучняў са Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і інш. духоўных навуч. устаноў. Змест навучання вызначаўся спецыяльнасцямі акадэмікаў, якія чыталі лекцыі. Статут 1747 абвясціў самастойнасць акадэмічных універсітэтаў. У 1750 уведзены экзамены, наладжана сувязь з Акадэмічнай гімназіяй. Лепшыя выпускнікі ун-та пераводзіліся ў ад’юнкты АН, атрымлівалі ступень магістра. У 1758—65, калі Акадэмічны універсітэт узначальваў М.В.Ламаносаў, утвораны ф-ты філас., юрыд., медыцынскі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́НСКІ (Хрыстафор) (?, Навагрудак — 1665),

дзярж. дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага земскага суддзі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме (1637), Падуанскім ун-це (1641). З 1654 ротмістр кавалерыі ВКЛ, у 1654—62 пісар ВКЛ, з 1658 падкаморы новагародскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы ад шляхты Новагародскага ваяв. Быў сакратаром пасольства П.К.Абуховіча ў Маскве. Удзельнік падрыхтоўкі мірнага дагавору Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1659, 1660). Як пасол сойма ад Старадубскага пав. ўдзельнічаў у размежаванні Інфлянтаў і Курляндыі. Валодаў маёнткамі Бярдова і Ятра (Новагародскае ваяв.), вёскамі ў Смаленскім ваяв.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс. км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс. чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.​У.​Сімацкі (да 18.11.1941) і І.​К.​Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца, за 27 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,42 км², даўж. 1,54 км, найб. шыр. 0,54 км, найб. глыб. 18,1 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 10,2 км².

Схілы катлавіны выш. да 15 м. Берагі высокія, на ПдЗ зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 3—3,5 м глеістае. 3 астравы агульнай пл. 1,8 га. Зарастае да глыб. 3,5 м, шыр. паласы расліннасці да 35 м. Выцякае ручай у воз. Доўгае.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНЕ́С (Марк Навумавіч) (8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),

рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.​Калманоўскага, «Жураўлі» Я.​Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНУ́ЛІ ЎРАЎНЕ́ННЕ ў гідрааэрамеханіцы, ураўненне, што звязвае скорасць і ціск у патоку несціскальнай ідэальнай вадкасці пры ўстойлівым цячэнні. Выражае энергіі захавання закон для адзінкі аб’ёму рухомай вадкасці. Мае выгляд: ρv2 2 + p + ρ gh = const , дзе v — скорасць вадкасці са шчыльнасцю ρ, p — ціск у ёй на вышыні h ад нулявога ўзроўню, g — паскарэнне свабоднага падзення. Выведзена Д.​Бернулі ў 1738. Абагульненае Бернулі ўраўненне выкарыстоўваецца ў гідраўліцы пры разліках цячэння вадкасцяў і газаў у трубаправодах; у машынабудаванні — пры разліках кампрэсараў, турбін і інш.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)