НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),

мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.

У.​Я.​Бардон.

Галька нефрыту.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),

вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНЕ́Ц АВЕ́ЧЫ, крывасоска авечая (Melophagus ovinus),

бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).

Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.

Рунец авечы: 1 — самец; 2 — самка.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗО́ЛЬНЫЯ СМО́ЛЫ, рэзолы,

тэрмарэактыўныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Утвараюцца на пачатковай стадыі сінтэзу фенола-фармальдэгідных смол пры малекулярным лішку фармальдэгіду.

Вязкія вадкасці (шчыльн. 1140—1220 кг/м³) ці шклопадобныя цвёрдыя рэчывы (шчыльн. 1250—1270 кг/м³) ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, мал. м. 400—1000. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў; цвёрдыя набракаюць у вадзе. Ацвярдзенне Р.с. ажыццяўляюць звычайна пры награванні (80—180 °C). Пры перапрацоўцы ў адрозненне ад навалачных смол доўга застаюцца ў вязкацякучым стане, што аблягчае фармаванне таўстасценных вырабаў. Выкарыстоўваюць як сувязнае для фенапластаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, драўнінных пластыкаў, для вытв-сці кляёў, герметыкаў, лакаў.

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКІ МАРДЭ́Р (ад ням. Marder куніца),

парода трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1930—40 у Арменіі складаным скрыжаваннем мясц. блакітных трусоў з рускім гарнастаевым трусам і шыншылай. Гадуюць пераважна ў Арменіі, на Беларусі — аматары.

Жывёлы сярэдніх памераў, моцнага целаскладу, з кароткім тулавам (47—50 см), абхват грудзей 28—35 см. Сярэдняя маса 3,8 (да 5) кг. Поўсць шчыльная, мяккая, бліскучая, колерам нагадвае поўсць куніцы: у нованароджаных трусоў мышастая, у дарослых — светла і цёмна-карычневая (больш каштоўная). Плоднасць 7—8 трусянят. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным выглядзе ці імітуюць пад больш каштоўнае футра.

Савецкі мардэр.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІ́НА (франц. sanguine ад лац. sanguis кроў) у графіцы, матэрыял для малявання ў выглядзе алоўка без аправы. Натуральная С. (мінерал крывава-чырв. колеру) выкарыстоўвалася ў наскальных размалёўках палеаліту. Тэхніка малюнка С. склалася ў еўрап. мастацтве эпохі Адраджэння, найб. пашырылася ў 17—18 ст. у натурных малюнках. У наш час С. вырабляюць з кааліну і аксідаў жалеза з невял. дабаўленнем сувязных рэчываў. У малюнку дае цёплы мяккі колер (ад чырвона-рудога да цёмна-карычневага і фіялетавага), багатую тонавую гаму, дазваляе выкарыстоўваць растушоўку, штрыхі рознай інтэнсіўнасці (асабліва пры змочванні), лакальныя плямы; не патрабуе фіксацыі.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́Ц (Abramis ballems),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.

Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПА́ (Pandion haliaëtus),

драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Скапа.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Буксінка ’бручка, Brassica napus L.’ (маг., Кіс.). Бясспрэчна, мясцовае ўтварэнне (няма ў іншых мовах і суседніх дыялектах). Паколькі бручка часта носіць розныя, яўна новыя назвы (параўн., напр., немка, чыгірынка), у тым ліку і па колеру (сінюха), то можна меркаваць пра сувязь з прыметнікам тыпу рус. дыял. букси́новый ’чырвона-жоўты або цёмна-аранжавы’ (< фукси́н < ням.). Адсюль буксінка ’бручка’. Параўн. бу́кса 2 ’бручка’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуры́жыць ‘вадзіць па чым-небудзь; паціраць, церці’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк.), ‘шаркаць нагамі пры хадзьбе’ (Сцяшк. Сл.), ‘змякчаць вяроўку трэннем’ (Юрч.), смура́жыць ‘тс’ (Бяльк.). Гл. мурыжыць, няяснага паходжання; магчыма, да муругі ‘рыжы (гл.), параўн. балг. му́ргав ‘смуглы’, рус. сму́рый ‘цёмна-шэры’, што можа быць звязана з смуніць (гл.). Фасмер (3, 693) рус. смурыгать ‘церці, часаць’ следам за Праабражэнскім (2, 338) разглядае як ітэратыў да сморгать (гл. сморгаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)