НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.

Да арт. Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,

біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн. фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.

Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Літ.:

Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùs ’дробны’ smil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),

адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб. стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл. Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЯДЖЭР»

(англ. Voyager),

назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.

«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.

Н.​А.​Ушакова.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.
Да арт. «Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,

печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.

В.​М.​Ляўко.

Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.
Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,

вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.​К.​Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст. Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.​К.​Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

Дз.​С.​Трызна.

Да арт. Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.

т. 8, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н,

зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб. стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс. н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.​Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.​Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.​Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш. укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.

Літ.:

Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;

Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;

Ялугин Э.В. Мстиславцев посох... Мн., 1971.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 15 — пач. 18 ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча 11—14 ст. на востраве воз. Мястра. Складаўся з мураваных вежы, палаца і знешняга абарончага комплексу. Меў круглую ў плане вежу-данжон. Яе знешні дыяметр 17,5 м, унутраны — 10 м, таўшчыня сцен каля 3,5 м. Паводле малюнка з карты ВКЛ (1613) Т.​Макоўскага вежа мела некалькі (верагодна, 5) ярусаў і дасягала выш. 30 м. Па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. У 16 ст. да вежы з З прыбудаваны прамавугольны мураваны палац. Пляцоўка М.з. была абведзена мурам з валуноў на вапне. З усх. боку таўшчыня замкавых муроў 2 м, з астатніх бакоў, прыкрытых возерам, — 1,5—1,7 м. Асн. ўпор у абароне замка рабіўся на 5 мураваных паўкруглых бастэй, разлічаных, відаць, на размяшчэнне тут гармат для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі М.з. лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам. У паўд.-ўсх. куце замка выяўлены падмурак цыліндрычнай вежы дыяметрам 10 м і сцены 2-метровай таўшчыні. На малюнку Макоўскага зафіксаваны 3 вежы. На замкавым дзядзінцы стаялі гасп. пабудовы, жылыя дамы. У 17 ст. замак дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны — земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера. Бастыён і вал адсутнічалі толькі з усх. боку, дзе да замка блізка падступала возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях. М.з. — прыклад спалучэння асаблівасцей зах.-еўрап. фартыфікацыі з мясц. абарончымі элементамі. Разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)