МЕНА́НДР (Menandros; каля 342 да н.э., Афіны — каля 291 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паэт. Прадстаўнік т.зв. новай атычнай, ці сямейна-быт., камедыі. Напісаў больш за 100 твораў. Некаторыя з іх былі вядомы праз рымскіх пераймальнікаў Плаўта і Тэрэнцыя. Арыгіналы выяўлены і апублікаваны ў 20 ст.: поўны тэкст камедыі «Сугней», амаль цалкам «Саміянка», 1-я пал. камедыі «Шчыт», вял. эпізоды з камедый «Трацейскі суд», «Адрэзаная каса», фрагменты з «Сікіёнца» і «Ненавіснага». Узбагаціў традыц. камедыйныя тыпы новымі, індывід. рысамі. З гуманіст. пазіцый у духу этыкі філосафа Эпікура разглядаў маральныя праблемы, пытанні быту, сям’і, чалавечых адносін. Адметныя дасціпным сюжэтам, тонкім гумарам, вытанчаным стылем, яго камедыі паўплывалі на творчасць П.​Кальдэрона дэ ла Баркі, Лопэ дэ Вэгі, У.​Шэкспіра, Мальера, К.​Гальдоні, А.​Астроўскага.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. Фрагменты. М., 1982.

Літ.:

Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)