БУЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².

Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).

А.П.Малчанаў.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЙЗЕН

(ням. Greisen),

горная парода метасаматычнага паходжання, якая складаецца пераважна з кварцу і светлых слюд—лепідаліту і мускавіту. Часта мае каштоўныя рудныя мінералы ў выглядзе ўкрапін (касітэрыт, вальфраміт, пірыт і інш.) у прамысл. колькасцях, тады грэйзен разглядаюць як руды. Залягаюць у выглядзе жыл і ўчасткаў унутры гранітных масіваў, пераважна ў іх краявых частках. Грэйзены ўтвараюцца ў выніку высокатэмпературнага (300—500°C) метасаматозу і перакрышталізацыі гранітоідаў пад уздзеяннем газаў і раствораў. Служаць пошукавымі прыкметамі на радовішчы руд рэдкіх металаў і каляровых камянёў (тапазу, берылу і інш.).

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,

паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл. каля 2,3 млн. км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн. дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́НА

(ісп. guano),

прадукт натуральнага распаду птушынага памёту ва ўмовах сухога клімату; азотна-фосфарнае ўгнаенне. Мае каля 9% азоту, 13% фосфарнай к-ты, калій, вапну. Паклады гуана на астравах зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пасля размолу гуана выкарыстоўваюць на глебах розных тыпаў пад усе с.-г. культуры ў якасці асн., перадпасяўнога ўгнаення і для падкормкі. Гуанай наз. таксама ўгнаенне, падрыхтаванае з адходаў марскога промыслу, напр., рыбнае гуана. Яно мае 8—11% азоту, 12—14% фосфарнай к-ты. Выкарыстоўваюць гуана пераважна ў Японіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ПАЎЛЮКА́»,

ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Запісана фалькларыстам П.П.Дземідовічам у пач. 1890-х г. у Слуцкім пав. і ўпершыню апубл. ім (пад псеўд. Беларус) у газ. «Виленский вестник» (1898. № 173). У аснове твора маналог селяніна Паўлюка, накіраваны супраць царскіх улад і памешчыкаў, якія спойваюць народ. У «Гутарцы...» моцна адчуваюцца дыдактычныя матывы («хто хоча з богам жыць, няхай пакіне гарэлку піць»). У маналог уключаны ўстаўкі, у якіх тлумачыцца, чаму сяляне цягнуцца да гарэлкі.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНСТКА́МЕРА (ад ням. Kunstkammer кабінет рэдкасных рэчаў, музей). збор гіст., маст., прыродазнаўчанавук. і інш. калекцый рэдкасцей, а таксама памяшканне для іх захоўвання. У 16—17 ст. К. стваралі пры княжацкіх і каралеўскіх дварах. Пад такой назвай у Пецярбургу на базе асабістых калекцый цара Пятра I засн. найстарэйшы рас. музей (1714, адкрыты ў 1719). У 1724 увайшла ў склад рас. АН і ператворана ў комплексны музей, з 1727 размешчана ў спец. будынку, у 1830-я г. падзелена на анат., этнагр., бат., заал. і інш. музеі.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 б. ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),

англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур ​6/8, для 2-й і 5-й — ​2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т.л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар. танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РМАРА ПРЭЦЭ́СІЯ,

прэцэсія аднолькавых зараджаных часціц (напр., электронаў у атаме) у пастаянным аднародным слабым магн. полі. Апісана Дж.Лармарам у 1895. Пакладзена ў аснову класічнай тэорыі дыямагнетызму, тлумачэння Зеемана з’явы і магн. вярчэння плоскасці палярызацыі.

Абумоўлена ўздзеяннем на часціцы Лорэнца сілы; падобная на прэцэсію восі гіраскопа пад уздзеяннем сілы, якая імкнецца павярнуць вось вярчэння. Л.п. адбываецца вакол напрамку магн. поля з вуглавой скорасцю ωL (лармараўская частата), якая вызначаецца. па формуле ωL = qB/(2m), дзе q — зарад, m — маса і q/m — удзельны зарад часціцы, B — індукцыя магн. поля.

Л.І.Камароў.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)