хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Н, камчацкі бабёр,
марская выдра (Enhydra lutris),
млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.
Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ФАРНІЙСКАЯ ШЭ́РАЯ ПАРО́ДАкурэй.
Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў ЗША на аснове мясц. курэй. На Беларусі пашырана гібрыдная лінія гэтай пароды — Б-9(4), якую гадуюць на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі і Івянецкім племптушказаводзе Мінскай вобл.
Тулава доўгае, спіна шырокая. Галава невял., з лістападобным грэбенем, вочы цёмна-карычневыя, вушныя мочкі белыя і бела-ружовыя. Ногі моцныя, сярэдняй даўжыні. Махавое і рулявое пер’е хваста добра развіта. Апярэнне паласатае: у курэй цёмнае, у пеўняў светлае. Жывая маса дарослых пеўня 3 кг, курэй 2 кт. Яйцаноскасць — 200 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЗІ́Л (Cornus),
род кветкавых раслін сям. кізілавых. 4 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. і Усх. Еўропе, на Каўказе, у Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны К. мужчынскі (C. mas).
Лістападныя дрэвы або кусты выш. 2,5—10 м. Лісце супраціўнае, яйцападобнае або эліпсоіднае. Кветкі двухполыя, дробныя, залаціста-жоўтыя, па 5—9 у парасоніках. Паяўляюцца да распускання лісця. Плод — цёмна-чырв. мясістая падоўжаная касцянка. Драўніна цяжкая, цвёрдая, з прыгожай тэкстурай, ідзе на такарныя і сталярныя вырабы. Выкарыстоўваецца ў жывых агароджах, для замацавання равоў, восыпаў. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя і таніданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЮ КАРБІ́Д, карбарунд,
хімічнае злучэнне крэмнію з вугляродам, SiC.
Бясколерныя крышталі з алмазным бляскам (пры наяўнасці прымесей мае зялёны, цёмна-шэры ці чорны колер). Тугаплаўкі (tпл 2830 °C, плавіцца з раскладаннем); па цвёрдасці саступае толькі алмазу і карбіду бору; паўправаднік. Хімічна ўстойлівы: не ўзаемадзейнічае з к-тамі (акрамя канцэнтраваных плавікавай і азотнай), растворамі шчолачаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем дыаксіду крэмнію з вугалем пры 1600—2800 °C, крэмнію з вугляродам пры т-ры вышэй за 1150 °C. Выкарыстоўваюць як абразіўны матэрыял для шліфавальных кругоў, брускоў, як кампанент вогнетрывалых матэрыялаў, для вырабу варыстараў, паўправадніковых дыёдаў і фотадыёдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.
Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНІ́НЫ,
высокамалекулярныя пігменты чорнага, цёмна-карычневага ці жоўтага колераў расл. і жывёльных арганізмаў. Ёсць у валасах, скуры, пер’і і сятчатцы вачэй пазваночных жывёл (у т. л. чалавека), кутыкуле насякомых і інш. Утвараюцца ў спец. пігментных клетках (меланацытах, меланафорах), у тканках звычайна звязаны з бялком. М. ў значнай ступені вызначаюць колер скуры чалавека (гл.Альбінізм, Меланізм). Узмоцненае ўтварэнне і адкладванне М. у скуры адбываецца пры апраменьванні сонечнымі і ультрафіялетавымі прамянямі (напр., загар, вяснушкі). Павышаная колькасць М. назіраецца ў некат. бародаўках і ў злаякасных пухлінах скуры чалавека (меланома). Спыненне біясінтэзу М. выклікае пасівенне валасоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНІ́Й (Mnium),
род брыевых імхоў сям. мніевых. Пашыраны ва ўмераным поясе і горных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды М.: абкружаны (M. marginatum), аднагадовы (M. hornum), зорчаты (M. stellare), няпэўны (M. ambiguum). Трапляюцца на глебе, гнілой драўніне, у вільготных і забалочаных месцах.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны даўж. 2—7 см. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, светла- ці цёмна-зялёныя. Сцябло прамастойнае са стэрыльнымі парасткамі.
Лісце скучанае, падоўжана-эліптычнае або падоўжана-ланцэтнае, завостранае. Спарагоны адзінкавыя, рэдка па 2. Каробачка гарызантальная або паніклая, вечка з дзюбкай, каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУФЛО́Неўрапейскі
(Ovis ammon musimon),
жвачнае парнакапытнае млекакормячае роду бараноў; падвід архара. Паходзіць з а-воў. Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найб. пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невял. групамі. Папуляцыі М. на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Адзін з магчымых продкаў авечкі свойскай.
Даўж. да 130 см, выш. ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невял., тонкія. Кормяцца травой, галінкамі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.