малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.

2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.

3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зжыць, зжыву, зжывеш, зжыве; зжывём, зжывяце; зак.

1. каго. Стварыўшы для каго‑н. невыносныя ўмовы, загубіць, знішчыць. Зжылі злоснікі добрага чалавека.

2. што. Пазбавіцца ад чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Зжыць недахопы. □ — Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго... Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Чорны.

3. Пражыць (жыццё, гады і пад.). — Я дык не помню, каб так усё гарэла пад восень. І мама не помніць, не расказвала, а сем дзесяткаў зжыла. Пташнікаў. Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.

•••

Зжыць са свету каго — тое, што і зжыць (у 1 знач.).

Зжыць сябе — выявіць сваю нежыццёвасць, аказацца мала прыгодным, непатрэбным; састарэць. Прыгонніцтва канчаткова зжыло сябе. Ларчанка. Сентыменталізм як плынь зжыў сябе. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.

2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.

3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.

4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.

•••

У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. — Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тру́хлы ‘гнілы, сатлелы; слабы на здароўе’ (Нас.), ‘гнілы і парахнявы’ (Шат., Байк. і Некр., Растарг.), ‘спарахнелы’ (паст., даўг., пін., Сл. ПЗБ), ‘друзлы’ (Варл.), сюды ж трухле́ць ‘гніць, парахнець, разбурацца’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. трухлети ‘слабець, трухлець’ (XVII ст., ГСБМ); другасныя ўтварэнні трухлё ‘парахня’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ‘гнілое дрэва’ (дзятл., Жыв. сл.), трухля́ ‘парахно’ (Мат. Гом.), трухля́вы ‘гнілаваты’ (Шат., Гарэц.), ‘наздраваты; дуплаваты’ (Сл. ПЗБ), ‘трупехлы, спарахнелы’ (Некр. і Байк., Ян., Сцяшк.), ‘ператочаны чарвякамі’ (шальч., брасл., Сл. ПЗБ), ‘лядашчы’ (Ян.), ‘які ператварыўся ў парахно ад гнілі і часу’, ‘які аджыў свой век’ (ТСБМ), ‘слабы, нездаровы’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч. Вытв.), трухля́к ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), трухля́вець ‘разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), трухло́ ‘старызна, гніль’ (Сцяшк. Сл.), ‘аматар паспаць’ (полац., Нар. лекс.), трухлі́на ‘непрыдатныя для будаўніцтва матэрыялы’ (Растарг.), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘парахня’ (Юрч. Вытв.), ‘гніляк’ (ТС), тру́хля ‘спарахнелы, струхлелы будынак’ (ТСБМ), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘састарэлы, бездапаможны чалавек’, трухля́ціна ‘тое, што разбурана трухленнем’ (Байк. і Некр.), трухласць ‘парахня’ (Нар. Гом.), трухне́ць ‘доўга спаць’ (полац., Нар. лекс.), трухні́ву, трухня́ву ‘крохкі, нямоцны’ (ТС), трухле́й ‘хваравіты чалавек’ (Скарбы). Укр. тру́хлий, трухля́вий ‘трухлявы’, трухліти, трухля́вити ‘станавіцца трухлявым’, рус. тру́хлый, трухля́вый ‘тс’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трупехлы’, польск. truchleć ’гніць, тлець’, ‘сохнуць’, truchło ‘прах, рэшткі’ славін. strëǔi ‘крохкі, спарахнелы’, чэш. trouch ‘лясная глеба’, славац. trúchly ‘спарахнелы’, серб. тру̏хао, тру̏о ‘гнілы’, харв. trȕo, trȕhli, trȕli ‘гнілы, друзлы’, славен. trúhəl ‘тс’, старое балг. тру́хъл ‘тс’, макед. дыял. трул, трлав ‘тс’. Прасл. *truxlъ ‘гнілы’, ідэнтычнае лат. tràusls ‘гнілы, крохкі, ломкі’ і інш. (Фасмер, 4, 111; Глухак, 641; ЕСУМ, 5, 661). Да труха́ 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Mendacia non diu fallunt

Хлусня не доўга падманвае.

Ложь не долго обманывает.

бел. Хлусня, як аліва, ‒ заўсёды выйдзе наверх. На абмане далё­ка не ўедзеш. Лгаў, лгаў ды пралгаўся. Няпраўдаю свет пройдзеш, а назад не вернешся.

рус. Ложь, что мелкая монета: на неё долго не проживёшь. У лжи ноги коротки. На лжи далеко не уедешь. Как ни хоро ни лжецов, а выйдут наружу. Враньё не споро: путает скоро. Неправдой свет пройдёшь, да назад не воротишься. Как резва ни будь ложь, а от правды не уйдёшь. Ложь белой ниткой шита. Ложь стоит до улики. Неправда, что дуга ветловая: концы в воде, так серёдка наружу, серёдка в воде, так концы наружу. Ложь не живуща. Небылице короткий век. Правду, что шило в мешке, ‒ не утаишь.

фр. Les mensonges ont les jambes courtes (У лжи короткие ноги).

англ. Those who live on lies choke on truth (Кто живёт ложью, задыхается от правды). Lies have short legs (У лжи короткие ноги).

нем. Wer einmal lügt, dem glaubt man nicht, und wenn er auch die Wahrheit spricht (Кто однажды солгал, тому не верят, даже если он и говорит правду). Lügen haben kurze Beine (У лжи короткие ноги).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)