аніга́дкі, прысл.
Разм.
1. Адпавядае выразу: «хоць бы што». Нашкодзіў і анігадкі. □ Іменна, галубок, драч. Мы яго дзеркачом завём, — разгаварыўся дзед Мікалай. — Кажуць, птушка тая пехатой шыбуе з самой Афрыкі. Ідзе і ідзе сабе і анігадкі. Даніленка.
2. Спакойна, са спакойнай душой. Было ўсё прадугледжана для таго, каб за пагодаю схапіць сена, скідаць яго ў стагі і быць анігадкі на ўсю зіму. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́рабіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. Набыць пэўныя асаблівасці ў працэсе вытворчасці, работы. Шкура добра вырабілася.
2. Разм. Запэцкацца. Вырабіцца ў сажу.
3. Разм. Выйсці, выбрацца са складанага становішча; выкруціцца. [Калатухін:] — Ну, ледзь вырабіўся! Амаль з пасткі! Амаль не схапілі за руку! Мележ. // Вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Брыль.
4. Напрацавацца, нарабіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ава́рыя, ‑і, ж.
Пашкоджанне якога‑н. механізма, машыны і пад. у час дзеяння, руху. Для папярэджання аварый суднаў небяспечныя месцы абслугоўваюцца гукавой сігналізацыяй. □ Здарылася аварыя, дык без яго, галоўнага механіка, нічога там зрабіць не могуць. Сабаленка. // перан. Разм. Няўдача, нечаканае парушэнне чаго‑н. у ходзе якой‑н. справы; няшчасце. — Ну, якая ў цябе аварыя? — прысеўшы за стол, са здзіўленнем запытаўся Кругляк. Грамовіч.
[Іт. avaria.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм.
1. Века, накрыўка. Усхадзілася на чайніку крышка, заскакала, забразгацела. Лынькоў. Віктар са злосцю ляпнуў крышкай чамадана. Асіпенка.
2. у знач. вык. Смерць, канец. Нехта сказаў: — Калі бомба пацэліць у дом, то тут усім крышка... Арабей.
•••
І крышка — і кончана, і ўсё тут. — Надзя, налі нам піва, і крышка, — просіць Атрошчанка. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лецы, Т ‑ай, ж.
Чалавек, які страціў якую‑н. частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які‑н. фізічны недахоп. Рука яго [Зыгмунта] больш у локці не згіналася, ён астаўся калекам назаўсёды. Чорны. Жыў ён [Сяргей Маеўскі] са сваёй адзінай дачкой-калекай, гарбатай ад нараджэння. Шамякін. // Пра чалавека з пашкоджанай, ненармальнай псіхікай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».
Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Зварыць, прыгатаваць (пра ежу). [Бабка Наста] шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Колас. Кухары хацелі згатаваць суп, а атрымалася каша. Але ўсё роўна елі са смакам. Жычка. // Закіпяціць (пра ваду). — Кінь, галубок. Мы табе лугавых смолак назбіраем, чаборыку. Вось бабка Вікця нам к вечару на тым чаборыку чаю згатуе. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марко́тна,
1. Прысл. да маркотны. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ.
2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці суму, маркоты. [Аляўціна Пятроўна:] — Мо табе, Макарка, што баліць? — Не, нічога не баліць, проста так маркотна, — адказаў я як мага спакайней. Сабаленка. Мне было крыху маркотна, напэўна, таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
меню́, нескл., н.
1. Набор страў да абеду, снедання і інш. Люся не стрымалася і запыталася, як там мама. — А што ёй? — адмахнуўся повар. — Хутка сама ля катлоў будзе ўпраўляцца. І меню будзе сама складаць. Даніленка.
2. Лісток, на якім пералічаны стравы (у сталовай, рэстаране, кафэ). Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала: — Вам што? Карпюк.
[Фр. menu.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драпіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. драпіраваць і драпіравацца. Скончыць драпіроўку пакоя.
2. Тое, чым задрапіраваны што‑н., хто‑н. Даю дарогу двум .. грацыям у экзатычнай драпіроўцы са светлага шоўку. Брыль.
3. Парцьера, занавеска. Драпіроўка пазбіралася ў пышныя складачкі — на сцяне адкрыўся партрэт. Мурашка. Ускалыхнулася драпіроўка, і на сцэну выйшаў мужык у чырвонай кашулі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)