ГАРЭ́ЛАВА (Галіна Канстанцінаўна) (н. 5.3.1951, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснай бел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз. мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.Беранжэ, Э.Верхарна, Г.Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.Геніюш, Е.Лось, Н.Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;
Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв. за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах.Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах.Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,
адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.
Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кгтэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.
У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл.табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.
А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.
Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЧЫК (сапр.Андрусышын Багдан; н. 3.1.1958, Нью-Йорк),
амерыканскі і бел. спявак (лірычны тэнар), журналіст. З роду пачынальнікаў бел. адраджэння 20 ст. I. і А.Луцкевічаў (прабабка спевака Э.Шабуня іх родная сястра). Скончыў ф-т журналістыкі Нью-Йоркскага ун-та (1989). З 1992 працуе на радыёстанцыі «Свабода». Адзін з найб. яркіх сучасных выканаўцаў бел. песні ў ЗША і Канадзе. Мае прыгожы голас мяккага пяшчотнага тэмбру. Выкананне адметнае шчырасцю, асэнсаванасцю. У рэпертуары пераважаюць творы бел. кампазітараў на словы бел. паэтаў і бел.нар. песні. У Нью-Йорку выпушчана 5 грампласцінак з бел. песнямі і рамансамі ў выкананні Д. (адна з іх у дуэце з Л.Барткевічам), а таксама магнітаальбомы. Неаднаразова наведваў Беларусь, даў шэраг канцэртаў, у т. л. дабрачынныя на карысць дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра яго зняты дакумент. фільм (1989).
Літ.:
Сабалеўскі А. Данчык — шлях да Беларусі // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Я го ж. Ля вытокаў культурнага адраджэння: (Данчык у Беларусі) // Там жа. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),
род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АНБеларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДЭБРЭ́ХТ (Эрнст Давыдавіч) (н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),
мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.
У.В.Мальцаў.
Э.Гейдэбрэхт. Эскіз дэкарацый да балета «Рамэо і Джульета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНКБССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1924—29, чл.ЦВКБССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВКБССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),
бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар.арт.Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Літ.:
Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.
А.Я.Ракава.
А.М.Генералаў.А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт.Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.