ХЕЛЕ́МСКІ Якаў Айзікавіч (н. 31.1.1914, г. Васількоў Кіеўскай вобл., Украіна),
рускі паэт, празаік, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1933—35). Друкуецца з 1931. Паэт. творы адметныя выразнасцю мовы, глыбінёй пачуцця, добрым гумарам: зб-кі «У дарозе» (1948), «Ветэраны» (1957), «Непарушны запас» (1965), «Чацвёртая ступень» (1977), «Высакосны год» (2001) і інш. Аўтар аповесцей «Вечны падданы паэзіі» (1966), «На цёмнай яліне звонкая жалейка» (1971), «Не даязджаючы да Грэнады» (1976), «Аповесці пра паэтаў» (1980) і інш. Шмат вершаў прысвяціў Беларусі, у т. л. «Люблю паэтаў беларускіх», «Беларускім паэтам», «Няміга». На рус. мову пераклаў паэт. творы П.Броўкі (зб-кі «А дні ідуць...», 1961; «Кляновыя лісты», «Трубі, мой бор!», абодва 1965; «Крокі», 1975), А.Куляшова (зб-кі «Грозная пушча», 1956, «Новая кніга», «З новых вершаў», абодва 1964), М.Танка (зб-кі «Вершы з дарогі», 1958, «Усход зарой палае», 1959), вершы П.Панчанкі, Е.Лось, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, М.Лужаніна і іншых. Перакладае з інш. моў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Броўка, Куляшоў, М.Танк, Панчанка, Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, У.Шахавец. За пераклад на рус. мову твораў Броўкі, кн. М.Танка «Нарачанскія сосны» (1977), Куляшова «Хуткасць» (1978, з Н.Кіслікам), Панчанкі «Дзе начуе жаваранак» (1979) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.