дагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.
1. Параўняцца з кім‑, чым‑н., што рухаецца наперадзе; нагнаць. Раман пусціўся шпарчэй, думаў, можа дагоніць на Лавацкім полі Раіну. Пташнікаў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Каля пушчы, каля броду Нас дагнала непагода. Танк. // перан. Параўняцца ў поспехах, росце і пад. з тым, хто апярэджваў. Прыйшоў у школу Піліпка, калі складанне простых дробаў канчалі ўжо, і нічога, дагнаў. Навуменка. Хаця выпрацоўка.. [Васіля] і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў. Чарнышэвіч.
2. Прыгнаць куды‑н., у якое‑н. месца. Дагнаць кароў да лесу. Дагнаць машыну да горада. // перан. Разм. Давесці да якіх‑н. паказчыкаў. Дагнаць выпрацоўку да 150 працэнтаў.
3. Падагнаць, наладзіць як трэба. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.
4. Давесці што‑н. распачатае да канца або да пэўнай мяжы. Дагнаць баразну да канца. Дагнаць цвік да сярэдзіны. □ Цімох дагнаў пракос да карчоў, вярнуўся назад. Капыловіч. // Закончыць перагонку якіх‑н. вадкасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.
1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.
2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.
3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
высо́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі, працяглы знізу ўверх; проціл. нізкі. Высокі дом. □ На парозе паказаўся высокі стары ў цёмнай кашулі,.. з люлькаю ў зубах. Якімовіч. Велізарны, высокі, ясна асветлены зал быў перапоўнены. Самуйлёнак. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. // Які знаходзіцца на значная вышыні над узроўнем мора. Высокая мясцовасць. Высокія горы.
2. Значна большы за сярэднюю норму. Высокія тэмпы развіцця. Высокі ўраджай. Высокая тэмпература. □ Напярэдадні майскага свята механічны цэх.. узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
3. Добры па якасці; выдатны. Высокае майстэрства. Высокая культура. Высокая тэхніка.
4. Выдатны па свайму значэнню, вельмі важны; пачэсны, шаноўны. Высокая ўзнагарода, пасада. Высокі гонар. Высокі госць.
5. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па свайму зместу. Высокія ідэі. Высокая мэта. □ Напоўнены сэрцы Пачуццём высокім; Нас гордасць шугае Патокам глыбокім. Колас.
6. Вытанчаны, рафінаваны. Высокае мастацтва. Высокая культура.
7. Тонкі, рэзкі (пра гукі). Высокі голас. Высокая нота. □ З дынаміка пачуліся перарывістыя гукі: то высокія, то нізкія. Шыцік. З кузні ляцеў звон сухі, высокі. Пташнікаў.
•••
Высокі стыль — стыль, уласцівы ўрачыстай паэзіі, прозе.
Высокія шыроты — шыроты, далёкія ад экватара, блізкія да полюсаў.
Птушка высокага палёту гл. птушка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Разм.
1. Сустракацца, мець спатканне з кім‑н. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. Колас. // перан. Знацца з чым‑н., адчуваць на сабе ўздзеянне чаго‑н. (часцей з адмоўем). [Незнаёмы:] — Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся. Купала.
2. Быць бачным; успрымацца зрокам. [Павел] аглядаўся — і не пазнаваў парку: дрэвы кожны раз бачыліся нязвыкла цёмнымі і чужымі. Вышынскі. [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.
3. Паўставаць у думках, уяўляцца. Будучае бачылася выразна, як другі бераг іх ціхай Пцічы. Грахоўскі. // Разм. Здавацца, мроіцца. [Замылка:] — Баешка ў нас заўжды такі... падазроны, яму ўсё нешта бачыцца такое... Шынклер. // Разм. Праясняцца, больш прыкметна выступаць. Аднак сёння, на дзевятым месяцы палону, Алесю многае ўжо бачыцца ясней, чым у тую кашмарную першую ноч, калі і радасць, і адчай, і горкі сум то праясняліся трохі, то зноў жахліва блыталіся ў адно. Брыль.
•••
Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам — выпіваць, піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо,
1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.
2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.
3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. мерайце і мерце; незак., каго-што.
1. Вызначаць велічыню, колькасць чаго‑н. пры дапамозе якой‑н. меры. Мераць даўжыню метрам. Мераць тэмпературу. □ Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі медзяныя дошчачкі. Бядуля. // перан. Супастаўляючы, ацэньваць. Па другіх турыстах нас не мерце: Я ў маленстве сам недаядаў. Панчанка.
2. перан. Хадзіць, рухацца па якой‑н. прасторы ўзад і ўперад або ў адным напрамку. [Ігнась:] — Аднаму нудна, дык я і пайшоў мераць гарадскі брук. Мурашка.
3. Надзяваць што‑н. для прымеркі. Партызаны скідаюць свае шынялі, мераюць кажухі. Дайліда.
•••
Мераць на свой аршын — меркаваць пра каго‑, што‑н. аднабакова, са свайго асабістага пункту погляду.
Мераць на стары аршын — прытрымлівацца старых поглядаў на што‑н.
Мераць па сабе — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усё (усіх) сваёй меркай — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усіх адной меркай — падыходзіць да ўсіх аднолькава.
Мераць усіх (усё) на адзін аршын — падыходзіць да ўсіх і да ўсяго аднолькава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.
Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.
•••
Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.
Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.
Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).
Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.
На ноч гледзячы гл. гледзячы.
Ноч у ноч — кожную ноч.
Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няшча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які церпіць гора, бяду, перажывае няшчасце. — Лютую смерць прыняў чалавек... — І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Лынькоў. [Арына] бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Маўр. // у знач. наз. няшча́сны, ‑ага, м.; няшча́сная, ‑ай, ж. Чалавек, які зазнаў многа гора, крыўды і пад. Маці плакала: «Няшчасны, Праз каго я свечкай гасну На чужыне?» Бажко. // Які выражае прыгнечаны, гаротны і пад. стан. Няшчасны выгляд.
2. Які з’яўляецца няшчасцем, заключае ў сабе няшчасце. [Вейс:] — Гэта звычайнае крушэнне, якія здараюцца часам на чыгунках. Няшчасны выпадак. Лынькоў. // Трагічны, гаротны. Няшчаснае жыццё.
3. Які прыносіць няшчасце або прадвяшчае яго. Няшчасны дзень. // Які прычыняе непрыемнасці; злашчасны. [Наталля:] Я вінавата ў тым, што, ведаючы твой няшчасны характар, не асцерагалася і дала табе прычыну для падазрэння. Крапіва.
4. Разм. Нікчэмны, мізэрны. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. // Ужываецца як лаянка. Насця спынілася перад здраднікам, з агідай паглядзела на яго і ціха, але выразна сказала: — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл. // Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.
3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. Баранавых. // Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Мележ. Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў. Быкаў.
4. перан. Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам. Няхай.
5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі. Казлоў. І населі тут на лебедзя Птахі дробныя. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.
1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.
2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.
3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.
4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.
•••
Наскочыла каса на камень гл. каса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)