алавя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з волава. На камодзе.. стаялі.. алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Бядуля. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас.

2. Які складаецца з волава, мае ў сабе волава. Алавяныя зліткі. Алавяныя руды. Алавяная соль. // Звязаны са здабычай, апрацоўкай волава. Алавяны руднік. Алавяная прамысловасць.

3. Чым‑н. падобны да волава, такі, як у волава. Ночы свае недаспаныя Трэба скасіць і звязаць, Звезці снапы алавяныя, Працы палову аддаць. Танк. І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя і раны. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камо́ра, ‑ы, ж.

1. Халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення і іншых хатніх рэчаў. Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. — Цягні мне ўсё! — крычаў ён [Юхім] на Альбіну, — Нясі з каморы яйкі і вяндліну! Нясі! — мне трэба частаваць гасцей! З. Астапенка. Маці.. прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч.

2. Бакоўка ў вясковай хаце, дзе звычайна спяць. Дзед.. выносіў мяне праз сенцы ў камору маіх бацькоў і распранаў. Бядуля. Ціха сон у камору ўступае. Багдановіч.

3. Уст. Кантрольны пункт лясніцтва. Наўперад ён праз час каторы Быў пры падлоўчым на каморы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касцёр, ‑стра, м.

1. Агонь, распалены з кучы галля, дроў або ламачча; вогнішча. Раскласці касцёр. Партызанскія кастры. □ Нацягалі сухіх шыпулек, ламачча, і скора ўспыхнуў вялізны касцёр. Чарнышэвіч. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

2. Складзеныя ў пэўным парадку дровы або іншы лясны матэрыял. Дровы складзены ў касцёр, Косцік вешае пілу ў падпаветцы на цвік. Васілевіч. // Абл. Стос, горка. Паміж двух лаў пад абразамі Туліўся стол з двума кастрамі Аладак грэцкіх, як пампушак. Колас.

3. Мацаванне са стоек, складзеных гарызантальна адна на адну ў выглядзе трохвугольных або квадратных калон, якія падпіраюць столь горнай распрацоўкі.

•••

Піянерскі касцёр — урачысты сход піянераў каля кастра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашто́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дорага каштуе, мае вялікую цану. Каштоўны падарунак. □ Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.

2. Які мае важнае, істотнае значэнне. Каштоўная тэхнічная культура. Каштоўны дакумент. Каштоўная прапанова. // Вельмі патрэбны. Каштоўная якасць. □ [У Лясніцкага] была каштоўная прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін.

•••

Каштоўныя камяні гл. камень.

Каштоўныя паперы гл. папера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кватэ́ра, ‑ы, ж.

1. Частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад. Двухпакаёвая кватэра. □ Кватэра Белавуса не багата абстаўлена, але ўтульная і чыстая. Гурскі. // Жылое памяшканне, жыллё наогул. Вырашыць пытанне з кватэрай. // Памяшканне, якое часова наймаецца для жылля. Жыць на кватэры. Наймаць кватэру.

2. Уст. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры. Колас.

3. толькі мн. (кватэ́ры, ‑тэр). Месца размяшчэння войск у населеным пункце. Размясціцца на зімнія кватэры.

•••

Галоўная кватэра (уст.) — месца прабывання галоўнакамандуючага і яго штаба ў час вайны; стаўка.

Стаць на кватэру гл. стаць.

[Ням. Quatier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.

2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.

3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.

4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.

5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.

1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.

2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.

2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіма́, ‑ы; мн. зімы, зім; ж.

1. Самая халодная пара года паміж восенню і вясной. Снежная зіма. Наступленне зімы. □ Мінула восень, а за ёю Прыйшла з марозамі зіма. Купала. Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

2. Навучальны, рабочы і пад. год (пры адлічэнні часу, калі асноўная дзейнасць прыпадае на халодную пару). Цяпер Аўгіння цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Колас. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца.. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль.

•••

Зіму зімаваць гл. зімаваць.

Зіму і лета — пастаянна, у любую пару года.

Пусціць у зіму каго — пакінуць у племя (пра свойскую жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)