ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

змро́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.

2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.

3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.

4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае смутак; маркотны, сумны (пра чалавека). Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле. Колас. Хлопцы смутныя: загінуў атаман. Дзяргай. // Які выражае смутак; выкліканы смуткам, журбою. Смутныя вочы. Смутная ўсмешка. // Поўны смутку, журбы. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець, — Ладзіць новую час гаспадарку! Купала. // Бязрадасны, які навявае сум. Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Колас. Шэры, смутны, павісаў над полем вечар. Навуменка. У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, адразу сярдзіта загуў пыласос. Карпаў.

2. Поўны беспарадку; мяцежны. Смутныя часы.

3. Разм. Невыразны, няпэўны. [Астапа] не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай. Лынькоў. У Язэпа пацямнела ў вачах. Адразу ж прыгадаліся размовы ў Іванёнкаў — смутныя, няясныя, з недагаворкамі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбуно́к, ‑нка, м.

Абл.

1. Памянш.-ласк. да стаўбун (у 1–3 і 5 знач.); маленькі стаўбун.

2. Вадзяная лілія. [Зіна] гаварыла, што там растуць фіялетава-ружовыя стаўбункі, а на ўзгорках — чырвоныя гваздзічкі. Гаўрылкін.

3. Пра што‑н. падобнае на слупок. Ля ларка Лёшка раскашэліўся яшчэ раз: купіў два стаўбункі марожанага. Асіпенка. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чугачку паднятая стаўбунком .. — усё так міла і так хораша .. [Тоні]. Скрыган. Над .. паверхняй [ракі] часам у знікалі цёмныя рухомыя стаўбункі — камары таўклі мак. Кірэенка. // Пра высокую шапку. Стройная, не прыгнутая гадамі, пастава, з густам падабраная і падагнаная вопратка — шэры аўчынкавы каўнер і гэткая ж шапка-стаўбунок узімку,.. падкрэсліваюць унутраную сабранасць, тую, што з глыбінь душы, інтэлігентнасць [пісьменніка]. Юрэвіч. Беглі на дарогу наперарэз карэце мужыкі... У лапцях, доўгіх, ледзь не па самае калена, белых зрэбных кашулях, шапках-стаўбунках: у руках — тапары. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРАЧА́НСКІ,

нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс. га.

На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.

А.​А.​Галдзянкоў.

Да арт. Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суравы́ ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Касп., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы), ’нявыбелены, недастаткова апрацаваны (пра палатно сівога і жаўтаватага колеру)’ (Сцяшк., Варл.), суровы́ ’тс’ (Уладз.), су́равы (су́ровый) ’макраваты’, ’сыры, незвараны’, ’жорсткі’ (Нас.), суро́вы ’нябелены, грубы (пра палатно)’ (Бяльк., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы; Уладз.), сыровы́ ’нябелены, руды (пра палатно і пражу)’, сюды ж сураве́ц ’сырыца (скура)’ (Федар. 4), суро́вец ’гатунак палатна’ (Дэмб. 2). Фармальна і этымалагічна цяжка адмежаваць ад суро́вы (гл.), параўн. суравы́ ’суровы’ (Ян.). Параўн. укр. суро́вий ’грубы, неапрацаваны’, рус. дыял. суро́вый ’тс’, польск., в.-н.-луж. surowy ’сыры, нябелены (пра палатно)’, чэш., славац. surový ’сыры, неапрацаваны, дачышчаны’, славен. suròv ’сыры, недавараны, неапрацаваны’, балг. суро́в ’сыры’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, грубы’. Прасл. *surovъ ’сыры, сыраваты’ звязана чаргаваннем з *syrъ (гл. сыры), гл. Фасмер, 3, 807; ЕСУМ, 5, 480. Адносна развіцця колеравай семантыкі параўн. балг. сур ’сіваваты, рудаваты’, серб.-харв. дыял. су̑р ’сівы’, макед. суршэры’, гл. Бярнар, Бълг. изслед., 291 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

відно́ 1, безас. у знач. вык.

1. Пра наяўнасць дастатковага святла, асвятлення; светла. Пачынае вечарэць, і пакой напаўняе шэры змрок. Толькі каля акна, дзе я сяджу з кніжкай, яшчэ відно. Каршукоў. На вуліцы ўжо было відно. Прачыналася ў скверы птаства. Сабаленка. Хоць.. [маладзік] быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было.. відно. Гартны.

2. Тое, што і відаць (у 1, 3 знач.). Уперадзе.. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Адразу было відно, што.. [Стафанковіч] штосьці цяжкае перажыў апошнімі часамі. Чорны.

відно́ 2, а́, н.

Світанне, досвітак. Пад самую раніцу.. [Лёня] прачнуўся і ніяк не мог дачакацца відна. Ваданосаў.

•••

Ад відна (і) да цямна — з усходу да заходу сонца, з ранку да вечара. Мужчыны.. і жанчыны.. ад відна да цямна працавалі на лузе. Паслядовіч.

Да відна — да світання, да ўсходу сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.

2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)