нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс.га.
На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.
А.А.Галдзянкоў.
Да арт.Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.