ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.​Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),

князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.​М.​Карамзіна, сын кн. Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.

Літ.:

Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.

А.​І.​Валахановіч.

Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.​Орды. 1876.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБАША́НСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Любашанскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, са Свіслацкага княства, уключанага ў ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. Да пач. 16 ст. мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв., пазней кіравалася намеснікам (дзяржаўцам) на ўмовах закладу, калі намеснік за пазычаную дзярж. казне суму мог карыстацца даходам з воласці. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка воласці (на левым беразе р. Бярэзіна) увайшла ў Аршанскі павет, невял. частка (на правым беразе) з мяст. Беразіно, сёламі Палажаны і Жорнаўка — у Мінскі павет. У 1775 у склад воласці ўваходзілі 3 мястэчкі і 30 вёсак, 577 дымоў; у 1790—651 дым. У 1793 Л.в. далучана да Рас. імперыі, захавала статус т.зв. старасцінскага дзярж. маёнтка ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,

паходы ўкр. сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.​Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.​Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс. чал.), пасля чаго ўкр.

войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.​Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САР,

пасада (урад) у ВКЛ у 14—18 ст. П. вялікі — кіраўнік справаводства канцылярыі ВКЛ. Загадваў зборам дзярж. падаткаў, Метрыкай Вялікага княства Літоўскага, выконваў дыпламат. даручэнні. П. дэкрэтавы з 17 ст. загадваў дэкрэтавымі кнігамі Метрыкі, куды заносіліся рашэнні задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. П. двароў і валасцей загадвалі ў 16 ст. зборам падаткаў з дзярж. уладанняў. П. палявы з 16 ст. праводзіў рэгістрацыю войска ВКЛ і загадваў выдачай жалавання. П. скарбовыя з 16 ст. вялі ўлік прыходаў і расходаў скарбу (падзяляліся на прыходавых і расходавых). П. земскія з 14 ст. вялі справаводства земскіх судоў у паветах. Прызначаліся манархам з 4 кандыдатаў, абраных на павятовых сойміках. Захоўваў пячатку павета, якую прыкладаў да позваў. П. гродскія (замкавыя) з 16 ст. вялі справаводства гродскіх судоў, выконвалі натарыяльныя функцыі. П. месцкія загадвалі гар. канцылярыямі.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.​П.​Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас. дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.​А.​Вахевічам, перавыдадзены М.​М.​Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маскоўская дзяржава (гістар.) 2/391; 5/259; 6/506; 8/299, гл. Маскоўскае вялікае княства, Руская цэнтралізаваная дзяржава

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ста́ту́т

(польск. statut, ад лац. statutum)

1) звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой-н. арганізацыі, установы;

2) звод правіл, якія рэгулююць парадак выканання ці прымянення чаго-н. (напр. вайсковы c.);

3) звод законаў у некаторых краінах Еўропы 14—18 ст. (напр. С. Вялікага княства Літоўскага).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)