слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго і без дап. Таўхаць каго‑н. кароткімі штуршкамі. — Ідзі, Янак, па Харытона, — торкае мяне пад бок Юзя, заглядаючы праз адчыненыя дзверы ў гасціную. Бажко. Сплю я, а нехта торкае: — Уставай, уставай, Рыгорка! Брыль. // Рэзкімі рухамі дакранацца да каго‑, чаго‑н. [Святлана:] — Падыходжу да клеткі, гляджу: Даўгахвостка не спіць. Ходзіць туды-сюды, вострай пысачкай у дзверцы торкае. На волю просіцца. Сіняўскі. Андрэй аглядаў машыну, торкаў нагой у скаты, зазіраў у матор. Няхай.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыводзіць у рух паплавок, кляваць (пра рыбу). Міша падымаецца, выцягвае адну, другую вуду, правярае. Мог бы і не правяраць. Усё роўна не торкала — вісяць чарвякі некранутымі. Кандрусевіч.

3. каго. Тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці. Бацька торкаў лейцамі каня. Мурашка.

4. чым. Соваць, усоўваць што‑н. вострае куды‑н. Адкормлены гітлеравец доўга бегаў каля жоўтай паласы, торкаў у яе кійком і злосна крычаў. Шахавец. Узяўшы стрэльбу за прыклад, .. [чырвонаармеец] пачаў торкаць штыхом у зямлю за катух. Крапіва. // што. Хаваць, засоўваць што‑н. куды‑н. Як вучыць звычай спрадвечна — Торкае маці ў сцяну Купалкі ў купальскі вечар. Што... раніца... прынясе? Барадулін. // што. Даваць, соваць што‑н. каму‑н. [Яўхім] сядзеў ля маленькага танканогага ласяняці і торкаў яму ў рот соску, надзетую на бутэльку з малаком. Бяганская. Хто адвярнуўся ды пайшоў сваёй дарогай, а хто з жалю торкаў ёй у руку капеечку. Бядуля.

5. Рабіць рухі чым‑н. у бок каго‑, чаго‑н., паказваючы на каго‑, што‑н., дакранаючыся да каго‑, чаго‑н. Хоць, праўду сказаўшы, якая была ўжо там карысць з Мікіты, калі на яго і стары і малы пальцам торкаў як на паліцэйскага шпіка? Машара. [Вяржбіцкі:] — Але толькі не тузайце, не падпіхвайце, не хадзіце за мною па полі і не торкайце пальцам: сюды, маўляў, тое пакладзі, сюды — тры зярняткі кукурузы. Савіцкі. // Паказваць што‑н. каму‑н. Левай рукой .. [Філька] прыціскае да грудзей вудзільна, а пальцы правай складае ў дулю і торкае пад нос Саўку. Жычка. // што. Разм. Усоўваць у зямлю; садзіць якую‑н. расліну. [Пётра:] — Ну як, бацька, кукуруза? — Кучаравіцца пакрысе. Бывала, па тры калівы торкалі ў нас па градах, а тут гэтакі пляц засадзілі адразу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ба 1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба 2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́ць, хачу, хочаш, хоча; незак.

1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. □ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.

2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. □ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.

3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.

4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.

5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.

•••

Еш не хачу гл. есці.

Калі хочаш (хочаце) гл. калі ​2.

Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.

Як левая нага хоча гл. нага.

Як (сабе) хочаце (хочаш) — а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яшчэ́, прысл.

1. Дадаткова, у дадатак да таго, што было або што ёсць. Падліць яшчэ малака ў шклянку. □ [Зелянюк:] — Мне трэба забегчы яшчэ ў адно месца. Зарэцкі. — А ну яшчэ яшчэ паддай! — грымнуў Сёмка-матрос. Лынькоў. // Зноў, паўторна. Пасля камандзіроўкі прыеду яшчэ сюды. □ Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін.

2. Пакуль што, да гэтых пор, да гэтага часу. Пад гімнасцёркай вызначаліся вострыя, неакрэплыя яшчэ плечы. Мележ. Іван яшчэ не ведаў, што рабіць, але Пятро сілком пацягнуў яго за сабой. Новікаў. Яшчэ ў лагчынах цёмны снег ляжыць, Ды пахне ўжо смалою і бяростаю. Свірка.

3. (пры абазначэнні часу, месца). Ужо. Купала развіваў традыцыі страснага, баявога, публіцыстычна завостранага верша, тыя традыцыі, што склаліся ў яго паэзіі яшчэ да Кастрычніка. Гіст. бел. сав. літ. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прыказка.

4. Указвае на магчымасць, дастатковасць падстаў для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. [Воўк:] — Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся. Якімовіч.

5. (пры вышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў). Больш, у большай ступені. Стары Жук яшчэ ніжэй згорбіўся. Брыль. Зроблена нямала. Але наперадзе яшчэ больш работы. «Звязда». Аднак жа на табе: Ірынка крыкнула на ўвесь клас, што яна таксама хоча расказаць пра сваю маму яшчэ лепш. Няхай.

6. у знач. уступальнага злучн. Указвае на верагоднасць умоў ці на іх суадноснасць з чым‑н.; хоць. Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» Лынькоў.

7. у знач. узмацняльнай часціны. Ужываецца пры займенніках і прыслоўях, каб падкрэсліць якую‑н. прымету, факт і надаць пэўную выразнасць таму, аб чым гаворыцца. [Сцяпан:] — Брук паслужыў бы яшчэ ўга колькі! А то ж даўмеліся: пускаць па бруку трактары! Гіль. Ганна Сцяпанаўна аж не вытрымала, спыніўшы дачку ў спальні, параіла: — Чалавек пакутуе, будзь з ім ласкавейшай. — Яшчэ чаго! Шыцік. // у знач. абмежавальнай часціцы. Ужываецца, каб падкрэсліць, удакладніць якую‑н. прымету, факт. [Алесь:] — От каб малачка, ды яшчэ кісленькага... Запіць кашу, га? Капыловіч. — Што вы, Сцяпан Гаўрылавіч?! — жахаецца Валуйка. — Гэта ж водаахоўны лес. Ды, апрача ўсяго, яшчэ маладняк. Не, не, гэта немагчыма. Мяжэвіч.

•••

Вось яшчэ! гл. вось ​2.

Гэта яшчэ кветачкі гл. гэта.

Калі яшчэ гл. калі ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

zehen

*

1.

vt

1) цягну́ць; валачы́

2) выця́гваць, выма́ць; выдзёргваць, вырыва́ць, дастава́ць

inen Zahn ~ — вырыва́ць зуб

3) право́дзіць (лінію, баразну і г.д.)

4) прыця́гваць (каго-н. да ўдзелу ў чым-н.)

zur Verntwortung ~ — прыця́гваць да адка́знасці

5) гадава́ць, выхо́ўваць (дзіця); разво́дзіць (жывёл, расліны)

6) стро́іць (грымасу)

2.

vi

1) (s) ісці́, ру́хацца, цягну́цца (масай, гуртам)

die Mnschen zgen auf die Strße — лю́дзі вы́йшлі на ву́ліцу

2) (s) пераязджа́ць (куды-н.); ляце́ць, пералята́ць (пра птушак)

3) цягну́ць, прадзіма́ць

der fen zieht — печ ма́е ця́гу

4) (mit D) шахм. рабі́ць ход

3.

(sich)

1) цягну́цца; распасціра́цца

2) (in A) праніка́ць (у што-н.)

3)

die Sche zieht sich in die Länge — спра́ва заця́гваецца

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

run2 [rʌn] v. (ran, run)

1. бе́гчы, бе́гаць;

run a race прабе́гчы дыста́нцыю;

I had to run to catch the bus. Мне прыйшлося бегчы, каб паспець на аўтобус.

2. право́дзіць спабо́рніцтвы, ска́чкі і да т.п.;

The Derby will be run in spite of bad weather. Дэрбі адбудуцца нягледзячы на дрэннае надвор’е.

3. кірава́ць устано́вай, ве́сці спра́ву прадпрые́мства і да т.п.;

run a hotel/store/school кірава́ць гасці́ніцай/кра́май/шко́лай;

run a business ве́сці спра́ву

4. кірава́ць (аўтобусам, цягніком)

5. працава́ць, дзе́йнічаць (пра машыны, механізмы);

Most cars run on petrol. Большасць аўтамабіляў працуюць на бензіне.

6. хадзі́ць, е́здзіць, курсі́раваць, пла́ваць (пра транспарт);

The buses run daily. Аўтобусы ходзяць штодзённа.

7. ліць; лі́цца; цячы́, сачы́цца, струме́ніцца;

Big tears ran down Stephany’s face. Па твары Стэфані каціліся буйныя слёзы.

8. быць сапра́ўдным;

The contract runs for a year. Кантракт дзейнічае адзін год.

9. : The well ran dry. Калодзеж высах.

10. друкава́ць, публікава́ць, змяшча́ць (у газеце, часопісе)

11. (for) балаці́равацца (на пасаду);

run in the election балаці́равацца на вы́барах

12. ліня́ць (пра колер, фарбы)

13. цягну́цца, распасціра́цца, рассціла́цца;

The road runs across the plain. Дарога праходзіць па раўніне.

run across [ˌrʌnəˈkrɒs] phr. v. выпадко́ва сустрэ́ць (каго-н.); наткну́цца (на каго-н./што-н.)

run around [ˌrʌnəˈraʊnd] phr. v. бязмэ́тна бе́гаць туды́ -сюды́

run away [ˌrʌnəˈweɪ] phr. v.

1. уцяка́ць (таксама перан.)

2. (with) выйграва́ць, выі́грываць (гульню, прыз, спаборніцтва);

She ran away with the gold medal. Яна выйграла залаты медаль.

run down [ˌrʌnˈdaʊn] phr. v.

1. спыня́ць; спыня́цца (пра механізм і да т.п.)

2. разрадзі́цца (пра батарэйку)

3. збіць (каго-н./што-н.);

The dog was run down by a car. Сабаку збіла машына.

4. знява́жліва гавары́ць (пра каго-н.)

run into [ˌrʌnˈɪntə] phr. v.

1. нечака́на сустрэ́ць (каго-н.)

2. : run into smb./smth. налята́ць; натыка́цца на каго́-н./што-н.; сутыка́цца з кім-н./чым-н.;

He ran his car into a tree. Ён урэзаўся ў дрэва.

run off [ˌrʌnˈɒf] phr. v.

1. бе́гчы, уцяка́ць

2. друкава́ць (рабіць копіі)

3. страчы́ць (вершы, артыкулы і да т.п.)

run on [ˌrʌnˈɒn] phr. v. праця́гвацца, до́ўжыцца

run out [ˌrʌnˈaʊt] phr. v.

1. выбяга́ць

2. : run out of (smth.) канча́цца, вычэ́рпвацца (пра што-н.);

run over [ˌrʌnˈəʊə] phr. v.

1. пераліва́цца це́раз край

2. перае́хаць (каго-н./што-н.)

run through [ˌrʌnˈθru:] phr. v.

1. lit. (with) праткну́ць, праніза́ць (нажом)

2. ху́тка прагле́дзець; абмеркава́ць

run up [ˌrʌnˈʌp] phr. v.

1. падыма́ць, падніма́ць

2. рабі́ць што-н. ху́тка

3. дахо́дзіць; дасяга́ць

4. сустрака́цца з ця́жкасцямі

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

set3 [set] v. (set)

1. ста́віць, кла́сці; размяшча́ць;

The house is set in the suburbs. Дом знаходзіцца ў прыгарадзе;

The novel is set in prewar London. Месца дзеяння ў рамане – перадваенны Лондан.

2. саджа́ць, уса́джваць;

set smb. by the fire-place усадзі́ць каго́-н. каля́ камі́на

3. напраўля́ць, накіро́ўваць; паваро́чваць;

set one’s face towards the sun паваро́чвацца тва́рам да со́нца

4. падрыхто́ўваць, прыво́дзіць у стан гато́ўнасці;

set a piano настро́йваць піяні́на;

set the stage расстаўля́ць дэкара́цыі

5. прызнача́ць, назнача́ць, вызнача́ць;

set a date назнача́ць да́ту

6. захо́дзіць (пра нябесныя свяцілы);

The sun is setting. Сонца заходзіць.

7. ста́віць, настаўля́ць;

set an alarm-clock заво́дзіць будзі́льнік;

set a goal ста́віць мэ́ту;

set a sum задава́ць зада́чу

8. даво́дзіць да ла́ду, папраўля́ць;

set a hat папраўля́ць капялю́ш;

set a broken arm упраўля́ць руку́

9. прымуша́ць;

We were set at work. Нас засадзілі за працу;

His words set me thinking. Яго словы прымусілі мяне задумацца.

10. застыва́ць;

The jelly has set. Жэле застыла.

set about doing smth. infml пача́ць рабі́ць што-н.;

set smb. against smb. падбухто́рваць каго́-н. су́праць каго́-н.

set apart [ˌsetəˈpɑ:t] phr. v. аддаля́ць, раздзяля́ць

set aside [ˌsetəˈsaɪd] phr. v. адклада́ць, адкла́дваць;

set aside a verdict анулява́ць прыгаво́р

set back [ˌsetˈbæk] phr. v.

1. затры́мліваць, тармазі́ць;

The bad weather has set them back. Дрэннае надвор’е затрымала іх.

2. размяшча́ць далёка; адсо́ўваць;

The house is set well back from the road. Дом знаходзіцца даволі далёка ад дарогі.

set down [ˌsetˈdaʊn] phr. v.

1. выса́джваць ( пасажыраў)

2. запі́сваць

set forth [ˌsetˈfɔ:θ] phr. v. fml адпраўля́цца, выпраўля́цца (у падарожжа);

set smth. forth фармулява́ць ( думкі, ідэі)

set in [ˌsetˈɪn] phr. v. пачына́цца;

Winter has set in early. Зіма наступіла рана.

set off [ˌsetˈɒf] phr. v. адпраўля́цца, выпраўля́цца ў даро́гу

set out [ˌsetˈaʊt] phr. v.

1. выхо́дзіць, выязджа́ць;

set out to do smth. збіра́цца рабі́ць што-н.

2. выстаўля́ць; расклада́ць, раскла́дваць, расстаўля́ць

set up [ˌsetˈʌp] phr. v.

1. устана́ўліваць, фармірава́ць;

set up a monument узве́сці по́мнік;

set up a new government сфармірава́ць но́вы ўра́д;

set up a new record паста́віць но́вы рэко́рд

2. распачына́ць ( справу);

set up as a chemist’s адкры́ць аптэ́ку

3. дапамага́ць (каму-н.) уладкава́цца;

Her father set her up in business. Бацька дапамог ёй распачаць справу.

4. аднаўля́ць ( сілы);

A week in the country set her up nicely again. Тыдзень за горадам вярнуў ёй здароўе.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)