ПІСА́РЫК Алесь (сапр.Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч; н. 9.4.1954, Мінск),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1977—80). У 1976—85 працаваў на МТЗ. Друкуецца з 1973. Піша на бел. і рус. мовах. У паэт. зб-ках «Белы май» (1983), «Дажджы яравыя» (1990), «Пакуль гарыць мая зара» (1995), «Ноч дзявочай касы» (1996), «Журба вяргіні» (1997), «Пара медазбору» (1999) і інш. услаўленне прыгажосці роднай прыроды, кахання, асэнсаванне мінулага і сучаснага, тэмы афганскай вайны, чарнобыльскай трагедыі. Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАЖЭ́РКІ (Laspeyresiini),
трыба (шэраг родаў) матылёў сям. ліставёртак. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, асабліва шматлікія ў лясах Еўразіі. Многія віды — шкоднікі. На Беларусі каля 30 відаў; найб. шкодныя слівавая пладажэрка, яблыневая пладажэрка, П. арэхавыя (Laspeyresia amplana, L. splendana), гарохавая (L. nigricana), гарошкавая (Grapholitha dorsana).
Размах крылаў да 25 мм; пярэднія цёмныя са стракатым малюнкам, заднія больш светлыя, аднатонныя. Вусені ад чырванавата-ружовага да светлага колеру, з цёмнай галавой; развіваюцца ў пладах (адсюль назва), насенні, кары, парастках і каранях раслін. Часам да П. адносяць матылёў трыбы кахіліны, асобныя віды агнёвак і некат. інш. матылёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс.га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯДЦАПАДО́БНЫЯ (Clupeiformes),
атрад касцістых рыб. Вядомыя з верхняюрскага, шматлікія з верхнемелавога перыяду. 3 сям.: селядцовыя, анчоусавыя (Engraulidae), дарабавыя (Chirocentridae); каля 70 родаў, 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, умераных і зрэдку ў халодных марскіх водах; некат. жывуць у прэсных водах або заходзяць у рэкі на нераст. Чародныя пелагічныя рыбы.
Даўж. 5—75 см (дараб да 3,7 м), маса (акрамя дараба) ад некалькіх грамаў да 4 кг. Цела серабрыстае, сціснутае з бакоў, укрытае цыклоіднай луской. Спінны плаўнік 1, брушныя плаўнікі маюць 6—8 прамянёў. Адкрытапузырныя, плавальны пузыр злучаецца каналам са страваводам і мае адросткі. Добра развіты сейсмасенсорныя каналы на жабравай накрыўцы. Кормяцца планктонам (дараб — драпежнік). Многія С. аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫХАМІЦЭ́ТЫ (Trichomycetes),
клас грыбоў. Сістэм. становішча недастаткова высветлена. 2 парадкі: амёбідыевыя і экрынавыя. 60—100 відаў. Трапляюцца ў кішэчніку, страўніку, на анальных пласцінках водных і наземных членістаногіх. Магчыма, многія з іх не паразіты, а аблігатныя (абавязковыя) каменсалы, што харчуюцца з навакольнага асяроддзя ў кішэчніку ці страўніку членістаногага (гл.Каменсалізм).
Слаявіна (даўж. да 1 см) у выглядзе шмат’ядзерных, простых, несептаваных або галінастых септаваных нітак, прымацаваных да субстрату спец. клеткай. Пры бясполым размнажэнні канцавыя сегменты нітак ператвараюцца ў спарангіі. Некат. Т. не ўтвараюць спор, іх слаявіны распадаюцца на аідыі. Пры палавым працэсе адбываецца зліццё адасобленых у ніткі пратапластаў або ядраў з утварэннем таўстасценнай зіготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАРЭТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,
навука, якая вывучае найб. агульныя заканамернасці мех. руху і ўзаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў (часціц, іх дыскрэтных сістэм і абсалютна цвёрдых цел); частка агульнай механікі. Шырока карыстаецца матэм. метадамі, многія з якіх абавязаны ёй сваім узнікненнем і развіццём. Уключае аналітычную механіку, механіку суцэльных асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы, а таксама тэорыі: аўтаматычнага рэгулявання, ваганняў, удару, устойлівасці руху і інш. Законы і метады Т.м. знаходзяць шматлікія дастасаванні ў балістыцы, касманаўтыцы, нябеснай механіцы, механізмаў і машын тэорыі, матэрыялазнаўстве і інш., а таксама ў авіяцыі, транспарце і інш. галінах тэхнікі.
Літ.:
Космодемьянский А.А. Теоретическая механика и современная техника. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЦЁСАЎ (сапр.Вайсбейн) Леанід Восіпавіч
(21.3.1895, г. Адэса, Украіна — 9.3.1982),
расійскі артыст эстрады, спявак. Нар.арт.СССР (1965). З 1911 выступаў на эстрадзе, з 1921 адначасова ў аперэце. З 1929 кіраўнік і саліст, а таксама дырыжор і канферансье створанага ім першага сав. джазавага калектыву «Тэа-джаз» (з 1948 Дзярж.эстр. аркестр Расіі), з якім У. упершыню выканаў многія песні сав. кампазітараў. Яго выкананню ўласцівы лірызм, грамадзянскасць, жыццялюбства. З джазавым калектывам зняўся ў кінафільме «Вясёлыя хлопцы» (1934). Аўтар кніг «З песняй па жыцці» (1961), «Дзякуй, сэрца!» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЛАТ (Fałat) Юльян (30.7.1853—9.7.1929),
польскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1870—71), у Мюнхенскай акадэміі (1878—80). Наведаў многія краіны Зах. Еўропы. Працаваў пры двары Вільгельма II у Берліне, дзе з В.Косакам (гл. ў арт.Косакі) выканаў панараму «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96). У 1895—1910 дырэктар Школы прыгожых мастацтваў у Кракаве. Шмат разоў бываў у Беларусі, у т. л. ў Нясвіжы і на Палессі, адкуль чэрпаў тэмы для вял. колькасці сваіх работ. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Творам уласцівы рысы імпрэсіянізму: «Паляванне ў Нясвіжы» (1881), «Вяртанне з мядзведзем» (1892) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІДО́ВІЧ Іосіф Юр’евіч (1874, в. Шаршні Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
удзельнік партыз. руху на тэр. Дзятлаўскага р-на, герой Вял.Айч. вайны. З вясны 1942 разам з сынам Іванам быў правадніком і сувязным першых партыз. груп. Восенню дапамог партызанам абсталяваць шпіталь на востраве сярод незамярзаючага балота, куды разам з сынам па вядомай толькі ім пераправе дастаўлялі параненых, медыкаменты і прадукты харчавання. 16.12.1942 карнікі пад пагрозай расстрэлу ўсёй сям’і запатрабавалі адвесці іх да шпіталя. Ф. завёў карнікаў у непраходнае балота, адкуль многія так і не выбраліся, а яго забілі. Помнік Ф. у г.п. Дзятлава (скульпт. А.І.Салятыцкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАНЦЫ́ДЫ (ад фіта... + лац. caedo забіваю),
біялагічна актыўныя рэчывы раслін, якія знішчаюць або прыгнечваюць рост і развіццё інш. арганізмаў — пераважна мікробаў; адзін з фактараў імунітэту раслін. Адыгрываюць важную ролю ва ўзаемадзеяннях арганізмаў у біяцэнозах (гл.Алелапатыя). Паводле хім. прыроды — гліказіды, тэрпеноіды і інш. другасныя метабаліты, лятучыя і малалятучыя. Маюць антыбактэрыяльныя, фунгіцыдныя і інсектыцыдныя ўласцівасці, уздзейнічаюць на ферментныя сістэмы жывёл, састаў мікрафлоры паветра, самаачышчэнне вадаёмаў. Напр., Ф. часнаку, цыбулі, хрэну знішчаюць многія віды прасцейшых, бактэрый і ніжэйшых грыбоў у першыя секунды ўздзеяння; выкарыстоўваюцца ў медыцыне, харч. прам-сці. Здольнасць дрэвавых раслін (асабліва хвойных) выдзяляць Ф. ў паветра ўлічваецца пры азеляненні гарадоў.