ФІТАНЦЫ́ДЫ (ад фіта... + лац. caedo забіваю),
біялагічна актыўныя рэчывы раслін, якія знішчаюць або прыгнечваюць рост і развіццё інш. арганізмаў — пераважна мікробаў; адзін з фактараў імунітэту раслін. Адыгрываюць важную ролю ва ўзаемадзеяннях арганізмаў у біяцэнозах (гл. Алелапатыя). Паводле хім. прыроды — гліказіды, тэрпеноіды і інш. другасныя метабаліты, лятучыя і малалятучыя. Маюць антыбактэрыяльныя, фунгіцыдныя і інсектыцыдныя ўласцівасці, уздзейнічаюць на ферментныя сістэмы жывёл, састаў мікрафлоры паветра, самаачышчэнне вадаёмаў. Напр., Ф. часнаку, цыбулі, хрэну знішчаюць многія віды прасцейшых, бактэрый і ніжэйшых грыбоў у першыя секунды ўздзеяння; выкарыстоўваюцца ў медыцыне, харч. прам-сці. Здольнасць дрэвавых раслін (асабліва хвойных) выдзяляць Ф. ў паветра ўлічваецца пры азеляненні гарадоў.
т. 16, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)