МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),
1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.
2) Тып, марка, узор канструкцыі.
3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).
4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.
5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.
6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.
7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл.Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл.Мадэлізм спартыўны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛБУ́ЗІН Леў Іванавіч (н. 28.3.1942, станцыя Азінкі Саратаўскай вобл., Расія),
бел. дызайнер, медальер. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). З 1970 выкладае ў Бел.АМ. Створаныя ім медалі вылучаюцца лаканічнасцю кампазіцыі, тонкасцю мадэліроўкі, гармоніяй ліній і сілуэта: «Сіметрыя» (1974), «І.Мележ», «Музей беларускага народнага мастацтва «Раўбічы» (абодва 1978), «Я.Драздовіч», «М.Багдановіч» (абодва 1981), «Я.Купала» (1982), «М.Гусоўскі» (1983), «А.Адамовіч» (1991), «М.Багушэвіч» (1992), «1000-годдзе хрысціянства на Русі» (2000). Аўтар керамічнага пано «Жнівень» і сааўтар (з Ю.Багушэвічам і Г.Жарыным) афармлення станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» Мінскага метрапалітэна (1984), дробнай пластыкі, вобразных інсталяцый. Выканаў скульптурны эталондзярж. герба «Пагоня» (1991). Распрацаваў серыю апаратаў штучнага кровазвароту «АІК-Мінск 3» (1973), электрашаткаўніцу (1987) і інш., якія ўкаранёны ў вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫХ ПРЫЛА́Д ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна машынабудавання, прадпрыемствы якой вырабляюць разнастайныя прылады для вымярэння эл., а таксама неэл. (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Гал. прадукцыя такіх прадпрыемстваў — амперметры, вальтметры, омметры, фарадметры, лічыльнікі эл. энергіі. На Беларусі працуе больш за 15 прадпрыемстваў Э.п.в. Найбуйнейшыя з іх: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі (асцылографы, вальтметры, мультыметры, ЗВЧ-прыёмнікі і інш.), Мінскі электрамеханічны завод (лічыльнікі электраэнергіі, тахометры і інш.), Мінскі доследны завод «Эталон», прадпрыемства «Дысплей» (Мінск; вальтметры), Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» (электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.), Наваполацкі завод «Вымяральнік» (сілавая электроніка для энергазберажэння і інш.). Прадпрыемствы галіны працуюць таксама ў Гомелі, Магілёве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гепта́н
(ад гр. hepta = сем)
арганічнае злучэнне, насычаны вуглевадарод аліфатычнага рада, бясколерная рухомая вадкасць са слабым пахам; прымяняецца як эталон для вызначэння дэтанацыйнай стойкасці маторнага паліва.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ФАТО́МЕТР (ад фота... + ...метр),
прылада для вымярэння фотаметрычных велічынь (асветленасці, светлавога патоку, сілы святла, яркасці), а таксама каэфіцыентаў прапускання і адбіцця святла. Прасторава абмяжоўвае паток выпрамянення і рэгіструе яго прыёмнікам выпрамянення з зададзенай спектральнай адчувальнасцю.
Адрозніваюць Ф.: візуальны (зрокавы; прыёмнік святла — вока назіральніка) і фізічны (прыёмнік — фотаэлемент, фотарэзістар, тэрмаэлемент). Для градуіроўкі Ф. выкарыстоўваюць светлавы эталон. Непасрэднае вымярэнне светлавога патоку (па адным вымярэнні) робяць шаравым (інтэгральным) Ф. Да Ф. належаць дэнсітометр, колераметр, люксметр, мікрафатометр, яркамер, спектрафатометр (вымярае адносіны інтэнсіўнасці 2 светлавых патокаў у залежнасці ад даўжыні хвалі). Выкарыстоўваюць у фізіцы, астраноміі, святлатэхніцы, фатаграфіі і інш.
Схема фатометра: а — размеркавальнага (1 — люстэрка, паварот якога адлічваецца па вугламерным лімбе; 2 — крыніца святла; 3 — экран; 4 — прыёмнік выпрамянення); б — шаравога (1 — мікраамперметр; 2 — фотаэлемент для вымярэння яркасці шкла; 3 — акно, укрытае малочным шклом; 4 — экран; 5 — крыніца святла; 6 — сфера, унутраная паверхня якой укрыта белай дыфузна-адбівальнай фарбай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕ́МІНГ (Fleming) Паўль (5.10.1609, Гартэнштайн, Германія — 2.4.1640),
нямецкі паэт; прадстаўнік 1-й сілезскай школы паэтаў. З 1626 вывучаў філасофію і медыцыну ў Лейпцыгскім ун-це. Пры жыцці друкаваліся толькі вершы на лац. мове (зборнік 1631) — пераважна любоўная лірыка ў форме санета, дзе за эталон узяты Ф.Петрарка, але з узмоцненай пачуццёвасцю і геданізмам. Лепшыя творы напісаны на ням. мове (зб. «Нямецкія вершы», выд. 1641) і прысвечаны лёсу айчыны ў час 30-гадовай вайны, праблеме часу і адказнасці чалавека перад часам і сабой. Стыль Ф. адметны лапідарнасцю слова, філас. глыбінёй і эмацыянальнасцю, пластычнасцю і эмблематычнасцю. Уражанні ад падарожжа ў Расію ў 1633—39 у шэрагу санетаў (перакладзены і апубл. А.Сумарокавым у 18 ст.), а таксама ў ідыліі з жыцця наўгародскага селяніна.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Немецкая поэзия XVII в. в переводах Л.Гинзбурга. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,
«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.
Літ.:
Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЫГРАФІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,
сукупнасць (эталон) стратыграфічных падраздзяленняў (стратонаў), якія адлюстроўваюць паслядоўнасць напластавання геалагічных слаёў у часе. Існуюць С.ш. агульная (міжнар.), рэгіянальныя і мясцовыя. Таксанамічным адзінкам С.ш. (эанатэма, эратэма, сістэма, аддзел, ярус, зона) адпавядаюць адзінкі геахраналагічнай шкалы (эон, эра, перыяд, эпоха, век, фаза; гл.Геахраналогія). Для антрапагенавай (чацвярцічнай) сістэмы прыняты больш дробныя адзінкі С.ш. (раздзел, звяно, ступень) і іх геахраналагічныя эквіваленты: фаза, пара, тэрмахрон, крыяхрон. Гл. таксама Стрататып, Стратыграфія.
Падраздзяленні С.ш. адлюстроўваюць агульныя заканамернасці (этапнасць) развіцця літа- і біясферы ва ўзаемадзеянні паміж сабой і з інш. абалонкамі планеты. Агульныя стратоны ўстанаўліваюцца метадамі: для фанеразою (эратэма — зона) — біястратыграфічным і інш.; для антрапагенавай сістэмы (раздзел—ступень) — біястратыграфічным з кліматастратыграфічным і геамарфалагічным; для дакембрыю — паводле даных геахраналогіі (тэктанічная цыклічнасць, працэсы метамарфізму). Падраздзяленні агульнай С.ш. звязаны з падраздзяленнямі рэгіянальных і мясц. С.ш. і служаць для міжрэгіянальнай, міжкантынент. і планетарнай карэляцыі геал. цел. Асновы С.ш. закладзены ў 1-й пал. 19 ст., калі пры вывучэнні разрэзаў Еўропы палеанталагічным метадам была вылучана большасць геал.сістэм.Міжнар. С.ш. зацвярджаецца на сесіях Міжнар.геал. кангрэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́ЛІІ ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫЯ,
уласцівасці, з’явы, працэсы, характарыстыкі, што выяўляюцца ва ўсіх натуральных мовах або ў большасці з іх.
Напр., адрозненне імёнаў і дзеясловаў, наяўнасць займеннікаў, катэгорый прамога аб’екта, 1-й асобы, ліку, галосных і зычных гукаў, паратаксісу і інш. Пошук, вызначэнне і сістэматызацыя У.л. — складаны і шматаспектны пазнавальны працэс, у межах якога магчымы выбар розных прынцыпаў і падстаў аналізу. Таму адрозніваюць пэўнае мноства тыпаў У.л.: універсаліі анталагічныя і эпістэмалагічныя, абсалютныя і статыстычныя, простыя і імплікатыўныя, дэдуктыўныя і індуктыўныя, статычныя і дынамічныя, лінгвістычныя і семіятычныя, узроўневыя і міжузроўневыя, уласна моўныя і паралінгвістычныя, унутрымоўныя і сацыялінгвістычныя, а таксама універсаліі мовы і маўлення, маўлення мужчынскага і жаночага, дарослага і дзіцячага, кадыфікаванага і размоўнага, вуснага і пісьмовага і г.д. Лагічнае суаднясенне У.л. розных тыпаў дазваляе выпрацаваць абстрактную мадэль «мова чалавека ўвогуле», або «мова-эталон», якая ўвасабляе навук. гіпотэзу пра агульную частку ў структурах усіх вядомых натуральных моў.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 5. Языковые универсалии: Пер. с англ.М., 1970;
Языковые универсалии и лингвистическая типология. М., 1969;
Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структур. и социал. типология языков. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ТАМЕЛЬ,
група археал. помнікаў раннеславянскага часу (7—10 ст.) — гарадзішча, селішча, бескурганны могільнік — каля в. Хотамель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.Гарадзішча авальнай формы, умацавана валамі і ровам (захаваліся з зах. і ўсх. бакоў). Даследавалі Р.Якімовіч (1937), Б.В.Міралюбаў (1953), Ю.У.Кухарэнка (1954—57), І.П.Русанава (1964). Выяўлены рэшткі агнішчаў і слупавых ям, знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, металічныя наканечнікі стрэл і дзідаў, сярэбраныя скроневыя кольцы і фрагмент бранзалета з пашыранымі канцамі, жал. спражка, пласціны даспехаў і інш. Гарадзішча не было заселена, з’яўлялася сховішчам, пазней — грамадскім цэнтрам, месцам сходаў. На селішчы (знаходзіцца на У і З ад гарадзішча, пл. 5—6 га) выяўлены рэшткі прамавугольных паўзямлянкавых жытлаў, знойдзены ляпная кераміка, ганчарны посуд, жал. нажы, сярпы, долаты, тачыльныя брускі, гліняныя і шыферныя прасліцы, рыбалоўныя восці. Бескурганны могільнік з пахавальным абрадам трупаспалення. Х. — адзін з першых раннеслав. помнікаў 2-й пал. 1-га тыс.н.э., даследаваных на Пд Беларусі і ПнЗ Украіны. Выкарыстоўваецца як эталон для датавання інш.археал. аб’ектаў.