ХО́ТАМЕЛЬ,

група археал. помнікаў раннеславянскага часу (7—10 ст.) — гарадзішча, селішча, бескурганны могільнік — каля в. Хотамель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Гарадзішча авальнай формы, умацавана валамі і ровам (захаваліся з зах. і ўсх. бакоў). Даследавалі Р.​Якімовіч (1937), Б.​В.​Міралюбаў (1953), Ю.​У.​Кухарэнка (1954—57), І.​П.​Русанава (1964). Выяўлены рэшткі агнішчаў і слупавых ям, знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, металічныя наканечнікі стрэл і дзідаў, сярэбраныя скроневыя кольцы і фрагмент бранзалета з пашыранымі канцамі, жал. спражка, пласціны даспехаў і інш. Гарадзішча не было заселена, з’яўлялася сховішчам, пазней — грамадскім цэнтрам, месцам сходаў. На селішчы (знаходзіцца на У і З ад гарадзішча, пл. 5—6 га) выяўлены рэшткі прамавугольных паўзямлянкавых жытлаў, знойдзены ляпная кераміка, ганчарны посуд, жал. нажы, сярпы, долаты, тачыльныя брускі, гліняныя і шыферныя прасліцы, рыбалоўныя восці. Бескурганны могільнік з пахавальным абрадам трупаспалення. Х. — адзін з першых раннеслав. помнікаў 2-й пал. 1-га тыс. н.э., даследаваных на Пд Беларусі і ПнЗ Украіны. Выкарыстоўваецца як эталон для датавання інш. археал. аб’ектаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)