ФЛЕ́МІНГ (Fleming) Паўль (5.10.1609, Гартэнштайн, Германія — 2.4.1640),

нямецкі паэт; прадстаўнік 1-й сілезскай школы паэтаў. З 1626 вывучаў філасофію і медыцыну ў Лейпцыгскім ун-це. Пры жыцці друкаваліся толькі вершы на лац. мове (зборнік 1631) — пераважна любоўная лірыка ў форме санета, дзе за эталон узяты Ф.​Петрарка, але з узмоцненай пачуццёвасцю і геданізмам. Лепшыя творы напісаны на ням. мове (зб. «Нямецкія вершы», выд. 1641) і прысвечаны лёсу айчыны ў час 30-гадовай вайны, праблеме часу і адказнасці чалавека перад часам і сабой. Стыль Ф. адметны лапідарнасцю слова, філас. глыбінёй і эмацыянальнасцю, пластычнасцю і эмблематычнасцю. Уражанні ад падарожжа ў Расію ў 1633—39 у шэрагу санетаў (перакладзены і апубл. А.​Сумарокавым у 18 ст.), а таксама ў ідыліі з жыцця наўгародскага селяніна.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Немецкая поэзия XVII в. в переводах Л.​Гинзбурга. М., 1976;

У кн.: Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Г.​В.​Сініла.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)