АСТРАГО́РСКІ Майсей Якаўлевіч (1854, Гродзенская губ. — 1921),
вучоны-юрыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1875), Палітычную школу ў Парыжы са ступенню д-ра права (1885). З 1875 служыў у мін-ве юстыцыі Расіі. Выкладаў у пецярбургскіх навуч. установах. Дэпутат 1-й Дзярж. думы (1906) ад Гродзенскай губ. Аўтар кніг «Дэмакратыя і палітычныя партыі» (Парыж, 1898; Лондан, 1903), «Канстытуцыйная эвалюцыя Англіі» (1913), падручніка для нар. школ «Гісторыя Расіі» (32-е выд., 1913).
Э.А.Карніловіч.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікраэвалю́цыя
(ад мікра + эвалюцыя)
эвалюцыйны працэс, які адбываецца ўнутры папуляцый і прыводзіць да дыферэнцыяцыі віду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эвалюцыяні́зм
(ад эвалюцыя)
вучэнне, паводле якога ўсё існуючае знаходзіцца ў працэсе пастаяннага развіцця, у стане эвалюцыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МАКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад макра... + эвалюцыя),
эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.А.Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна + адаптацыя) у біялогіі, 1) узаемная адаптацыя розных відаў у працэсе каэвалюцыі, калі адсутнічае абмен генет. інфармацыяй, але існуе цесная біял. сувязь паміж арганізмамі.
2) Узаемнае прыстасаванне розных органаў у цэласным арганізме ў працэсе індывід. развіцця і эвалюцыі.
3) У генетыцы — гарманічныя ўзаемадзеянні алеляў у генафондзе папуляцыі, дасягнутыя шляхам селекцыі і рэкамбінацыі. Забяспечвае макс. ўзгодненасць функцый органаў у працэсах жыццядзейнасці, магчымасць сумеснага існавання розных відаў, павялічвае ўстойлівасць біяцэнозу як біял. сістэмы. Класічны прыклад К. — спалучаная эвалюцыя кветкавых раслін і многіх насякомых, грызуноў і раслін і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 7, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМАГЕНЕ́З (ад грэч. nomos закон + ...генез),
гіпотэза, у адпаведнасці з якой эвалюцыя арганізмаў ажыццяўляецца на аснове ўнутр. заканамернасцяў. Прапанаваў Л.С.Берг (1922). Н. адмаўляе дарвінаўскае тлумачэнне аб’ектыўнасці і адноснасці арган. мэтазгоднасці і ўстанаўлівае прынцып першапачатковай мэтазгоднасці жывога, якая абумоўлена стэрэахім. ўласцівасцямі бялкоў пратаплазмы. Асн. закон эвалюцыі паводле Берга — сіла, унутрана ўласцівая жывому, якая дзейнічае незалежна ад навакольнага асяроддзя і накіравана да ўскладнення морфафізіял. арганізацыі. У Н. сістэматызаваны раней вылучаныя палажэнні супраць дарвінаўскага вучэння і па сутнасці — гэта яшчэ адна спроба па-новаму асэнсаваць прычыны і заканамернасці эвалюцыі. Канцэпцыя Н. прыцягнула ўвагу да нявырашаных праблем біялогіі.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РНА (Adorno) Тэадор (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
т. 1, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),
лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;
Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.
Т.С.Ляшчэня.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́ЗМ (ад грэч. holos цэлы, увесь),
метадалагічны прынцып, згодна з якім цэлае большае, чым сума яго частак. Сфармуляваны паўд.-афр. філосафам Я.Смэтсам у працы «Халізм і эвалюцыя» (1926). Цэлае ў Х. разумеецца як цэнтр. паняцце філасофіі, якое сінтэзуе ў сабе аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, матэрыяльнае і духоўнае; выяўленнем цэлага лічыцца працэс эвалюцыі, які ў ходзе якасных пераўтварэнняў параджае новыя аб’екты (цэласнасці). Паводле Х., прынцып цэласнасці як арганічная сусв. субстанцыя нерасчляняльны і непазнавальны ў адрозненне ад інш. састаўляючай кожнай з’явы — мех. структурнасці, даступнай навук. пазнанню. Найвышэйшай формай арган. цэласнасці Х. прызнае чалавечую асобу. Ідэі Х. развівалі А.Меер-Абіх (Германія), А.Леман (Францыя); на прынцыпе Х. пабудаваны шэраг фундаментальных палажэнняў філасофіі навукі, фенаменалогіі і гештальтпсіхалогіі.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)