ФУКО́ (Foucault) Мішэль Поль (15.10.1926, г. Пуацье, Францыя — 25.6.1984),
французскі філосаф і культуролаг, прадстаўнік постструктуралізму. Д-р філасофіі (1961). Выкладаў ва ун-тах Клермон-Ферана, Ліля, Упсалы, Варшавы, Гамбурга, Венсена і інш., з 1970 — у Калеж дэ Франс. Аснову яго філасофіі складае пераасэнсаванне ўзаемаадносін унутры сістэмы «суб’ект — пазнанне — свет». Імкнуўся да пераадолення антрапалагічнай накіраванасці філасофіі. Сцвярджаў, што асн. характарыстыкі суб’екта (рацыянальнасць, сексуальнасць) і феномен суб’ектыўнасці ўвогуле — не вечныя і аб’ектыўныя, а гістарычна абумоўленыя, сацыяльна зададзеныя катэгорыі. Даследаваў інстытуты і механізмы іх распаўсюджвання і замацавання (царква, медыцына, права, мастацтва, сям’я і інш.). У процівагу традыц. гісторыі з яе кумулятыўнасцю і эвалюцыянізмам распрацаваў «археалагічны» метад (рэканструкцыя агульнага поля ведаў пэўнай гіст. эпохі і даследаванне ўмоў магчымасці іх узнікнення), заснаваны на ідэі перарыўнасці гіст. працэсу. У працы «Словы і рэчы» (1966) вылучаў 2 «разрывы» ў гісторыі еўрап. культуры і адпаведна 3 эпістэмы: рэнесансавую, класічную (з сярэдзіны 17 ст.) і сучасную (з пач. 19 ст.). Распрацаваў канцэпцыю ўладных адносін («генеалогію ўлады»), заснаваную на даследаванні ўзаемасувязі ўлады і ведаў, аналізаваў латэнтныя механізмы і інструменты, з дапамогай якіх улада, фарміруючы свядомасць індывіда, ажыццяўляе маніпуліраванне і дыктат над ім.
Тв.:
Бел. пер. — Чым ёсць аўтар // Фрагменты. 1997. № 1/2. Рус. пер. — Слова и вещи: Археология гуманит. наук. СПб., 1994;
Археология знания. Киев, 1996;
Воля к истине: По ту сторону знания, власти и сексуальности. М., 1996;
История безумия в классическую эпоху. СПб., 1997;
Рождение клиники. М., 1998;
История сексуальности — III: Забота о себе. Киев, 1998.
Літ.:
Делез Ж. Фуко: Пер. с фр. М., 1998;
Розин В.М. Опыт гуманитарного изучения творчества: (Эволюция взглядов М.Фуко) // Обществ. науки и современность. 2000. №3;
Ашкеров А.Ю. Политика и человеческое бытие в работах Мишеля Фуко // Человек. 2002. № 1.
Л.Г.Кісялёва.
т. 16, с. 497