Рог1 ’цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл’, ’востры, загнуты канец чаго-небудзь’, ’зуб у вілах’, ’музычны або сігнальны інструмент’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, Выг.), ’пастухова труба’ (ТС), укр. ріг, рус. рог, польск. róg, н.-луж. rog, в.-луж. roh, палаб. rüg, чэш., славац. roh, славен. rọ̑g, rûg, rûəx, серб. ро̑г і харв. rȏg, макед. рог, балг. рог, ро́гът, рогъ́т, ст.-слав. рогъ. Прасл. *rogъ. Роднаснымі з’яўляюцца літ. rãgas ’рог’, ’мыс’, ’шышка’, лат. rags ’рог’, raguolis ’ручка плуга’, ст.-прус. ragis ’рог’, ragìngis ’алень’ (Міклашыч, 280) ’рог’, rãgės, rãgos, rãgutės, лат. ragavas, ragus, raguteles ’простыя сані’ (Буга, Rinkt., 2, 533; Траўтман, 235; Мюленбах-Эндзелін, 3, 465). Далей не зусім ясна. Міклашыч (RHSJ, 14, 122) выводзіць яго з *krogъ. Сной (Бязлай, 3, 191) услед за Фрэнкелем (684), Праабражэнскім, 2, 207, Махэкам₂ (515) мяркуе, што першасным было *rógo‑ ’вытыркацца’, параўн. літ. regė́ti, лат. redzêt ’спаглядаць з вышыні’, літ. ragáuti, rãginti, r(i)ogsóti ’узвышацца’, rógas, ruogùs ’куча, груда зямлі, тарпа сена, жыта’. Сумніўнае сцвярджэнне Младэнава (562) пра паходжанне *rogъ з і.-е. *rogh‑ (Фасмер, 3, 489). Гл. таксама БЕР, 6, 288; ESJSt, 13, 775. Сюды ж: рожкі ’матавіла’ (калінк., Мат. Гом.), ’відэлец’ (Мат. Гом.), ’матыка з зубцамі’, ’мач, прылада, якою скідаюць гной з воза’ (ст.-дар., ЛА, 2), ’прылада ля касы для збірання падрэзаных сцяблоў’ (ПСл), і, магчыма, рожкіспарыння’ (каліну Сл. ПЗБ), ро̂жкі́, ражкі ’тс’ (стол., в.-дз., ЛА, 5).

Рог2 ’месца, дзе сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета’, ’вугал’, ’вугал дома знадворку’, ’месца, дзе збягаюцца перпендыкулярныя вуліцы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Шат., ТС, Растарг.), ’вугал воза’ (чэрв., лід., Сл. ПЗБ), ’вугал у страсе, стозе’ (ТС), ’клінападобная частка балота, клін поля, лесу, лугу, вёскі; лука, паварот ракі’ (Яшк., ТС, Выг.), ’кут’ (Бяльк.), ’кут, край’ (Ян.), ’канец сяла’, ’куток у садзе’ (Жд. 1), ро́гі ’перасячэнне схілаў страхі з бакоў’ (палес., Нар. сл.), ’канец у хустцы’ (Ян.), ро́жкі ’канцы хусткі на галаве ў жанчыны’ (Растарг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства з рог1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)