уздо́ўж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Тое, што і удоўж. Урач — высокі і худы — усхвалявана прайшоў уздоўж пакойчык, шпарка павярнуўся. Мележ. / З прыназ. «па» утварае спалучэнне з М. Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уздоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання напрамку дзеяння па даўжыні чаго‑н. Сонца схілілася на захад, і цені ад будынкаў падалі ўздоўж вуліцы. Шахавец. Уздоўж дарогі чынна з краю Слупы стаяць у два рады. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарні́ць, чарню, чэрніш, чэрніць; незак.

1. што. Рабіць чорным; фарбаваць у чорны колер. Сам думаю пра Ніну: як яна будзе прыбіраць мой пакойчык, глядзецца ў люстэрка і чарніць бровы ці прычэсваць валасы... Мыслівец. // Забруджваючы дымам, куродымам, чадам і пад., рабіць чорным што‑н. Два коміны цеплавой электрастанцыі дымам чарнілі шэрае неба. Грамовіч.

2. перан.; каго-што. Няславіць, ганьбаваць, прадстаўляць у дрэнным выглядзе каго‑, што‑н. Адзін толькі кульгавы Базыль, сусед іхні, заўсёды чарніў Алёшку перад людзьмі. Якімовіч. «Які ж ты кусачы, — прыслухоўваючыся да .. фальцэту [Барабанава], не без злосці думаў Рудчанка. — Усё чэрніш. Хочаш паказаць, што ў нас усё дрэнна». Сіўцоў.

3. што. Пакрываць чэрню ​2. Чарніць сярэбраныя вырабы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́зба, пры́зьба, пры́сьба, пры́зба, пры́зыва, прі́зва, пре́зва, пріізба, прі́зьба ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты (часта абабіты дошкамі), зроблены для ўцяплення памяшкання’ (ТСБМ, П. С., Бес., Гарэц., Дразд., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Шат., Растарг., Янк. 2, Сцяшк., Шушк., Шатал., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́збіна ’прыстаронак’ (бяроз., Нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pristъba < *pri‑jьstъba, якое, відаць, даволі рана пачало змешвацца з *prisъpa < *pri‑sъpa ’тое, што прысыпае’ (Карскі 2-3, 92), параўн. ст.-рус. присъпа, приспа ’насып, вал’ (Сразн.); далей па існуючай мадэлі — пры́спа ’тое, што прысыпана звыш меры; аддача з верхам пазычанай меры мукі’ (Нас.). Аддаленым вынікам гэтай кантамінацыі трэба лічыць фактычную дээтымалагізацыю лексемы ў формах з ‑зв‑ у частцы гаворак. Па той самай мадэлі, але з каранёвой часткай, якая звязана з зямля́ (< *zemja), утворана пры́зьма ’прызба’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. при́стьба ’земляны насып вакол падмурка хаты, прызба’, при́зба, при́зьба, пры́зба ’невысокі земляны насып вакол хаты’, ’частка хаты, адасобленая сенцамі, пакойчык’, укр. при́зба, при́зьба, при́спа ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты’, польск. przyzba ’тс’, przyspa ’тс’ і ’пясчаная каса ў рацэ’. Паводле Банькоўскага (2, 956), у літаратурную мову форму przyzba ўвёў Міцкевіч. М. Младэнаў (Балк. Ез., XIV, 2, 1970, 29) лічыць балг. при́сба ’пакрытая тэраса перад домам’ запазычаннем з рум. prispă ’тс’. Гл. таксама БЕР, 5, 733; ЕСУМ, 4, 577.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.

1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.

2. Тое, што і налажыць ​1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.

3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.

4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.

•••

Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст. *sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хало́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З нізкай або адносна нізкай тэмпературай. Халодная вада. Халодны вецер. □ Дзякуй цёплым дажджом і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Каб, апаліўшыся, боль заглушыць, — Трэба толькі да раны халоднай зямлі прылажыць. Багдановіч. // З моцнымі, частымі халадамі. Халодная зіма. / у вобразным ужыв. Заплакалі шыбы на вокнах Халоднай асенняй слязой. Астрэйка. // З суровым кліматам. А вочы возьмуцца гарэць Агнямі дрэў, Травы і кветак... Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету. Глебка. // Які не дае цяпла, слаба грэе. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу.. Яно халоднае, марознае сонца. Лынькоў. // Які выклікае адчуванне холаду; звязаны з адчуваннем холаду. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Чорны. // Пра святло, бляск і пад. Застылі дарогі ў тумане, Халодныя зоры гараць. Бачыла. — Зірні, у святле маладзіка — Халодны бляск, то бляск штыка. Куляшоў.

2. Які страціў цеплыню, астыў. Халодны суп. □ Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. Брыль. // Які падаецца і ўжываецца ў ахалоджаным, не гарачым стане. Падавальшчыца хутка прынесла халодную закуску — селядзец з цыбуляй і варонай бульбай. Пестрак. Мы чапіліся з белых-белых фарфоравых кубкаў халоднага бурштынавага квасу. Пальчэўскі.

3. Які дрэнна ахоўвае ад холаду, не трымае цяпла. На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты... Барадулін.

4. Які не ацяпляецца, не абаграваецца. Халодны хлеў. □ Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Бяганская.

5. у знач. наз. хало́дная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных. [Земскі:] — Я пакажу табе ўладу! Забраць у халодную! Якімовіч.

6. Разм. Які пакутуе ад холаду. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. // Які праходзіць, адбываецца ў холадзе. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

7. Які ажыццяўляецца пры нізкіх тэмпературах, без награвання. Халодная апрацоўка металу. Халоднае вэнджанне. □ У час халоднай абкаткі выпрабавальнікі правяралі, як працуе масляная сістэма. «Маладосць».

8. у знач. наз. хало́днае, ‑ага, н. Тое, што і халадзец.

9. перан. Звязаны з пачуццём унутранага, душэўнага холаду, страху, хвалявання. Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся. Лынькоў.

10. перан. У якім няма запалу, пачуцця. Пачулася халодная, як жалеза, каманда. Гурскі. Халодны спакой ахапіў усю істоту Тарыела. Замерла сэрца, ён амаль не дыхаў, але галава была яснай і рукі не дрыжэлі. Самуйлёнак. // Пазбаўлены жывасці. Менавіта так атрымалася з асобнымі вершамі раздзела «Над кручамі каўказскімі», якія з’яўляюцца, па сутнасці, халоднымі ілюстрацыямі да ўвогуле правільных, слушных думак і адчуванняў паэта. Рагойша.

11. перан. Стрыманы ў праяўленні пачуццяў; раўнадушны, бясстрасны. [Марына Паўлаўна:] — Які ён [Пятроў] халодны... Няўжо ўсё жыццё я буду жыць з гэтай глыбай лёду... Васілевіч. Будзь са мною і добрай, і строгаю, ды ніколі халоднай, малю! Тармола. // Без эмоцый, перажыванняў; які падказвае розум. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [дзіцячых малюнкаў], Яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў. Твар.. [Густава] запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Чорны. // Пазбаўлены душэўнага цяпла; строгі, нядобразычлівы. Халодны позірк. Халодны прыём. □ Развітанне было сухім, халодным. Шахавец.

•••

Халодная вайна гл. вайна.

Халодная зброя гл. зброя.

Халодныя закускі гл. закуска (у 2 знач.).

Абліцца халодным потам гл. абліцца.

Як халоднай вадой абліць гл. абліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)