Раскабызі́ць ’пацягнуць на капрызы’, раскабызі́цца ’пачаць капрызнічаць’ (Юрч. Вытв.). Безумоўна, да *кабы́зі́ць, кабы́зі́цца, параўн. ко́бза 2 (гл.) і тэрытарыяльна блізкія рус. смал. кобыза́ ’капрызны чалавек’, кобызи́ться ’паводзіць сябе фанабэрыста, ганарыста; упарціцца; ламацца’, што, магчыма, у выніку інтэрвакальнага азванчэння ‑п‑, гл. капы́за, капызіцца, капыжыцца. Адносна іншых этымалагічных магчымасцей гл. Брукнер, 240–241, Банькоўскі, 1, 737 (у сувязі з польск. skobuzieć ’насупіцца’), ЭССЯ, 10, 92 (пра суфіксы *‑uzъ/*‑ъzъ). Пры дапушчэнні прыстаўкі *ko‑ ўзнікае магчымасць гукапераймальнага паходжання, параўн. бы́зкаць (< быз‑з‑з), параўн. бзы́каць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ХАРАКТАРАЛО́ГІЯ (ад характар + ...логія),
у шырокім сэнсе — вучэнне аб характары; у вузкім сэнсе — кірунак у нямецкай псіхалогіі 19—20 ст., прадстаўнікі якога распрацоўвалі праблемы тыпалогіі і структуры асобы пад уплывам філасофіі жыцця, гештальтпсіхалогіі, глыбіннай псіхалогіі. Тэрмін «Х.» ў навуку ўвёў ням. філосаф Ю.Банзен («Нарысы па характаралогіі», т. 1—2, 1867).
Першае сістэм. апісанне характараў належыць стараж.-грэч. мысліцелю Феафрасту, які ў кожным тыпе характару вылучаў адну дамінуючую рысу, што вызначае маральнае аблічча і паводзіны чалавека. І.Кант пэўны тып характару разглядаў як спосаб адчування і паводзін на аснове цвёрдых практычных прынцыпаў, якія могуць быць высокамаральнымі або беспадстаўнымі, памылковымі. Франц. псіхолагі Б.Перэ, А.Фулье прапаноўвалі класіфікацыю характараў. заснаваную на суадносінах розуму, пачуцця і волі. Банзен і яго паслядоўнікі Л.Клагес, Э.Крэчмер (Германія), У.Шэлдан (ЗША) разглядалі характар як псіхічную канстытуцыю, якая адпавядае канстытуцыі цялеснай з яе праяўленнямі ў розных выразных рухах. Рас. псіхолаг і ўрач-псіхіятр А.Ф.Лазурскі абгрунтаваў канцэпцыю шматузроўневай арганізацыі псіхікі чалавека і распрацоўваў Х. як вучэнне аб індывід. псіхал. адрозненнях, звязаных з асаблівасцямі дзейнасці нерв. цэнтраў ва ўзаемасувязі са знешнім асяроддзем («Нарыс навукі аб характарах», 1906). З.Фрэйд разглядаў характар як сістэму імкненняў (захапленняў) індывіда, што ляжыць у аснове матываў яго паводзін. К.Г.Юнг даследаваў характары ў сувязі з накіраванасцю інтарэсаў чалавека да знешняга свету (экстраверт) ці да ўнутр. (інтраверт). Э.Фром лічыў. што чалавек застаецца часткай прыроды, але адначасова выходзіць па-за яе межы ў грамадскім жыцці, таму яго характарам уласцівы сац. тыпы. Амер. псіхолаг К.Хорні вывучала характары неўратычных асоб і лічыла, што яны пераважаюць у сучасным грамадстве з-за неспрыяльнасці сац. асяроддзя. Прыхільнікі фактарных тэорый асобы (Р.Кетэл і Г.Ю.Айзенк) разглядалі рысу характару як схільнасць паводзіць сябе пэўным чынам у шырокім аспекце сітуацый, а фактар — як глыбінную базавую рысу, што ляжыць у аснове рыс павярхоўных.
Літ.:
Феофраст. Характеры: Пер. с греч. Л., 1974;
Кант И. О характере как образе мыслей // Собр. соч. М., 1966. Т. 6;
Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ. Мн., 1999;
Айзенк М. Факторные теории личности. Пятифакторная модель: Пер. с англ. // Психология: комплексный подход. Мн., 2002.
В.Дз.Марозаў.
т. 16, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пла́зкі ’адхоністы, гладкі’ (ТС), ’пакаты, спадзісты (бераг ракі, возера)’, пласкі, пласкый ’тс’ (сен., слонім., ЛА, 2), стол., сен. плаская, кам., брэсц., кобр. плоска ’пакатая страха’ (ЛА, 4), плазам ’плоска’ (Нас.), плазаваты ’адхонны (пра страху)’: страха зусім плазма лежыць (ТС). З польск. płaski ’плоскі, роўны’, якія развіліся ў выніку пераносу значэння ’роўны, плоскі’ > ’лагодны, паступовы’, асабліва ў проціпастаўленні ’пакаты’ — ’стромы’. Параўн. ст.-польск. iść płozą ’паводзіць сябе лагодна, абачліва, бесканфліктна’. Параўн., відаць, запазычанае ст.-рус. плазь ’плоскасць, роўнае месца’ (XVП ст., Лексикон словено-латинский). Сюды ж маладз. плазёіі ’больш плоска’ (Жыв. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лялёта, лелёта ’маларухомая, непрыгожая жанчына’ (Растарг.), лялётачка (фалькл.) ’лялька’ (гом., Нар. сл., Нар. Гом.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑ота ад ляля (гл.) < la‑/le‑. Параўн. утварэнні ад гэтага кораня ў іншых слав. мовах: рус. валаг. леле́к ’балбатун, гаварун (аб дзіцяці)’, уладз. лелёха ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’, укр. лельом‑полельом ’ледзь перасоўваючы ногі’, польск. lelum polelum ’флегматычны чалавек’, велікапольск., каш., калішск., серадзк. lelak, lelåč, lelåch, lelåš, lelåček, lelåšek, lela, lelek ’пястун, гультай’, ст.-польск. lele ’тс’, ’кволы’, н.-луж. lelawa ’бессаромная гультайка’, lelawiś se ’бессаромна сябе паводзіць’, в.-луж. lělawa ’гультаяватая дзяўчына’, lělak ’грубіян’, чэш. býti lelkem ’глядзець з адкрытым ротам’, ’быць салапякам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казе́ліць, у выразе казеліць вочы ’скасавурыўшыся, пільна ўглядацца ў каго-н., што-н.’ (БРС, ТСБМ, Касп.; полац., Нар. лекс.), казерыць вочы ’тс’ (КЭС., лаг.; Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў іншых мовах нам невядомыя; што ж датычыцца наогул утварэння дзеясловаў такога тыпу, можна прывесці польск. koźlić (czoło) ’хмурыць і да т. п.’, рус. дыял. козиться ’злавацца; паводзіць сябе высакамерна; пазбягаць людзей і інш.’, козлиться ’ўпірацца, упарціцца’, літ. ožiúotis ’тс’. Метафара ў разглядаемым выпадку відавочная; што ж датычыцца словаўтварэння, то для формы казеліць можна думаць пра аснову казёл‑, адносна казерыць — меркаваць або аб наяўнасці экспрэсіўнага дэрывата з ‑р‑ суфіксацыяй ад каза, або аб уплыве такой суфіксацыі на асноўную форму.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пустава́ць (пуставаць) ’быць пустым’: пуня пустуець (Нас., ТСБМ, Шат.), ’гультаяваць, рабіць бескарысную справу’ (Нас.), пустава́ць ’быць незанятым’ (Варл.), пустова́ць ’быць незасеяным (пра поле)’ (Выг.), ’быць пустым, нявыкарыстаным, бязлюдным’ (ТС), укр. пусто́вати ’паводзіць сябе несур’ёзна, гарэзнічаць’, рус. пустова́ть ’не працаваць; распуснічаць’, польск. pustować ’стаяць пустым; жыць легкадумна, распусна; сваволіць’. Да пусты́ ’незаняты; непатрэбны’, з якога выводзяцца ўсе астатнія значэнні; для польск. pustować ’жыць легкадумна, распусна; сваволіць’. Банькоўскі (2, 966) дапускае зыходную форму *pusto(to)wać (ад pustóta ’легкадумнасць, свавольнасць’, гл. пусто́та ’тс’). Пра старажытнасць значэння ’быць (стаць) незанятым, бязлюдным’ сведчыць балг. пусто́свам ’праклінаць, прамаўляць кляцьбу Да опустее! Пусто да стане! і пад.’ (параўн. Тодараў, Studia Etym. Brun., 1, 124).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
за́клік, ‑у, м.
1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.
2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.
3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Наха́лам ’нахабна, бесцырымонна’ (Сл. ПЗБ), ’нахабна, назойліва’ (ТС), сюды ж наха́льны ’вялікі, моцны’: дажджэ́ наха́льныя (Сл. ПЗБ), наха́лны ’нахабны’, наха́льніца ’празмерна цікаўная асоба, назола’ (ТС), рус. наха́л ’зб. няпрошаныя госці; нахабнік’, нахал делать ’паводзіць сябе нахабна’, нахальный ’нахабны; дармавы’; ’гвалтоўны’: нахальная смерть (смал., СРНГ). Значэнні і формы, прадстаўленыя ў рускіх і беларускіх словах, прымушаюць звязаць з рус. ха́лко ’хутка, паспешна; моцна’, халовой ’танны, дурны, недарэчны’, хал ’дарэмшчына’, ха́лкать ’прагна глытаць’, да якіх належаць таксама бел. аха́лкам ’не перажоўваючы, вялікімі кускамі (есці)’, ха́лкаць экспр. ’есці’, халькам ’абы-як’, што, відаць, гукапераймальнага паходжання. Развіццё значэнняў, як у на́глы (гл.), параўн. рус. нага́л ’заклік, крык ці песня ў такт працы’; у сувязі з гэтым наўрад ці звязана з *xoloto (параўн. Фасмер, 3, 50; з л-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Навяжоны, навежоны ’дзіўны, дзівакаваты’ (ТС), параўн. укр. навішений ’вар’ят’. Відаць, ад дзеяслова навяжаць ’наведваць’ (Нас.), параўн. палес. навыжʼаты ’развітвацца з нябожчыкам’ (драгіч., Клім.), якое, як відаць з ілюстрацыі (Бабы пошлы noKojHUKa навыжʼаты), хутчэй мае значэнне ’наведваць’, параўн. ст.-бел. ест хоробою обложною навежоны, што суадносіцца з дзеясловам навежати ’наведваць’, адзначаным у пісьмовых помніках з XV ст., які Булыка (Лекс. запазыч., 197) лічыць запазычаннем са ст.-польск. nawiedzać. Польск. дыял. nawiedzony ’ненармальны чалавек, які знаходзіцца пад уплывам злых духаў, знахар’ тлумачыць семантыку беларускага слова (= *чалавек, якога наведалі злыя духі, у выніку чаго ён страціў здольнасць нармальна сябе паводзіць’), аднак не дае фармальных падстаў лічыць яго непасрэдным запазычаннем, паколькі ўсходнеславянскі рэфлекс ж < *dj характэрны і для тураўскай гаворкі, параўн. на́жа (< *nadja), нужа (< *nudja) і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).
2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.
3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.
4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.
•••
Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)